«Чалавек будзе атрымліваць хоць нейкія грошы на хлеб». Гісторыя, як жыхар вёскі дапамог аднаму жабраку

0

Чытаў на сайце «Кур'ера» гісторыі пра бамжоў і жабракоў. Пра маладога хлопца, які прыбіўся да кафэ «Нон-стоп» і начуе на лаўках побач. Пра мужчыну з жанчынай, якія бамжуюць і чакаюць, калі іх хто-небудзь возьме «ў рабства». Пра хлопца, які начаваў у пад’ездзе… Вось вырашыў напісаць гісторыю, удзельнікам якой стаў сам.

Гэта даўняя гісторыя пра жыхара мястэчка Пагост Салігорскага раёна Глеба Малочка, 1957 года нараджэння.

«Чалавек будзе атрымліваць хоць нейкія грошы на хлеб», Слуцк
Жыццё без сродкаў існавання. Глеб Малочка пасля смерці бацькоў застаўся адзін. Жыў за кошт чуллівых аднавяскоўцаў, якія давалі псіхічна хвораму мужчыне якую-небудзь працу і кармілі. Фота: Уладзімір Дамель
Бацькі яго былі настаўнікамі. Глеб скончыў школу, атрымаў спецыяльнасць электраслесара. Калі прызваўся ў армію, стаў матросам Чарнаморскага флоту.

Реклама

Вярнуўся дамоў пасля службы ў суправаджэнні другога матроса, які ўзяў распіску з бацькоў, што даставіў сына жывым і здаровым. Ім матрос распавёў, што падчас вучэнняў па выратаванні карабля ад затаплення ў Глеба стала дрэнна з галавой.

З таго часу ўсе суседзі бачылі, што Глеб часта гаворыць неўпапад, нідзе не працуе. Усе хваляваліся, як хлопец будзе жыць, калі не стане бацькоў.

Так і атрымалася: калі старыя пайшлі на той свет, Глеб застаўся адзін у бацькоўскай хаце, без ніякай матэрыяльнай падтрымкі. Аднавяскоўцы ўвесь час падкармлівалі яго за якую-небудзь няцяжкую працу.

Уцякач ад дактароў

Гэтай зімой еду ў Пагост, бачу — насустрач ідзе Глеб у лёгкім плашчы, у гумавых ботах. Я прыпыніўся, павіталіся. Глеб прапануе мне купіць у яго сена. Адказваю, што гарадскому чалавеку сена не патрэбна.

«Ты хочаш есці?» — пытаю ў яго. Ён маўчыць, доўга глядзіць мне ў вочы. Я дастаў з торбы сабраную жонкай «ссабойку», аддаў яму. Глеб усміхнуўся, падзякаваў.

З таго часу я стаў прыязджаць у мястэчка адзін раз у тыдзень. Рабіў пяцілітровую каструлю варыва, купляў хлеб, з пограба даставаў слоікі то з варэннем, то з агуркамі. Усё гэта прывозіў Глебу.

Стаў абіваць парогі дзяржаўных устаноў: ваенкамата, сацыяльнай абароны насельніцтва, мясцовай медыцыны. Як так — хворы адзінокі чалавек, а без ніякай дапамогі!

У выніку пазнаёміўся з галоўным урачом псіханеўралагічнага дыспансера Салігорска Ірынай Мікалаеўнай Алізар і загадчыцай аддзела комплекснай псіхіатрыі Таццянай Уладзіміраўнай Муравейка.

«25 гадоў хто ім толькі не займаўся, а зрабіць нічога не зрабілі, — сумна адказалі яны. — Справа ў тым, што Глеб уцякае ад дактароў».

Мы разам склалі план прывезці яго ў дыспансер, каб прайсці медкамісію па прызначэнні інваліднасці. Пасля яе чалавек будзе атрымліваць хоць нейкія грошы на хлеб.

Як Глеб праходзіў камісію

У пачатку чэрвеня я заманіў Глеба ў машыну. Калі ён зразумеў, што вязу яго ў Салігорск, ледзь не выскачыў з машыны на хаду. Добра, што не ведаў, як адшпіліцца. Каля дыспансера нас сустракалі медыкі. З машыны Глеб адмовіўся выходзіць, цвердзіў сваё: «Пражыву без пенсіі, не трэба свяціць на рэнтгенах, браць кроў, каб атруціць».
Дактары пераканалі яго, што нічога рабіць не будуць, ён проста падпіша паперу, што адмаўляецца ад пенсіі. Так і заманілі яго ў кабінет. Мне прапанавалі выйсці.

Хвілін дваццаць я чуў крыкі Глеба, што камісія яму не трэба. Пасля стала ціха. Яшчэ хвілін праз дваццаць адчыніліся дзверы, выйшлі медыкі, а за імі — наш герой са шчаслівай усмешкай. Мяне папрасілі звазіць двух дактароў з Глебам у іншую клініку на камісію. Глеба я не пазнаваў, ён упершыню быў паслухмяным пацыентам.

Калі камісія скончылася, ужо на вуліцы дактары спыталі ў мяне: «Хто ён вам прыходзіцца?». Я адказаў: «Ніхто. Але ён сын ветэрана Вялікай Айчыннай вайны».

Чым скончылася справа

Як сказалі мне ўрачы, справу аб прызначэнні Глеба Малочка псіхалагічна хворым адашлюць у Мінск на зацвярджэнне. А праз месяц-другі яму будзе прызначана пенсія па інваліднасці.

Я рады, што з суполкі жабракоў выйдзе хоць адзін чалавек.

А вам даводзілася прымаць удзел у выратаванні чалавека, які патрапіў у цяжкія жыццёвыя ўмовы ці існуе з жабрацтва? Раскажыце, як гэта было! Наш адрас: info@kurjer.info

Раней:

  1. Почему бомжующая пара из Слуцка готова работать за еду и уголок в бараке
  2. Одни костыли на двоих. История бомжующей пары из Слуцка
  3. Как и почему бездомная пара из Слуцка уже 10 лет скитается по улице. Видео

Раней: