У папулярных імёнаў ёсць беларускія формы. Варта толькі добра пашукаць

0
У папулярных імёнаў ёсць беларускія формы, Слуцк
Фото: pixabay.com

ЗАГСы збіраюць статыстыку па імёнах нованароджаных беларусаў — самых папулярных і не вельмі. І, падаецца, выключна беларускіх сярод іх небагата. Але ці так гэта на самай справе, як і дзе шукаць беларускія адпаведнікі імёнаў для дзяцей?

Сапраўды, цяпер часцей, але мала хто называе сына Вітаўтам ці Ізяславам, а дачку — Рагнедай альбо Барыславай. Тры самыя папулярныя імёны ў нованароджаных хлопчыкаў у 2020-м — Міхаіл, Максім і Марк. Самыя папулярныя імёны для нованароджаных дзяўчынак у 2020-м — Сафія, Аліса і Марыя.

Реклама

У перыяд з 2000 да 2020 года хлопчыкаў часцей за ўсё называлі Максім, Арцём і Мікіта, а дзяўчынак — Анастасія, Дар’я, Марыя.
Падавалася б, нічога беларускага? Але гэта толькі падаецца.

Ёсць дапаможнік для маладых бацькоў «Беларускія імёны», складзены Сымонам Борысам. У ім на самыя папулярныя імёны, якія даюць сваім дзецям беларусы, знойдзецца свой адпаведнік.

Марык, Мікіта, Арцім

Напрыклад, найпапулярнейшае імя Марк, якое, падавалася б, не мае нічога агульнага з Беларуссю, мае беларускі адпаведнік — Марык.

Паходжанне імені Марк даволі разнастайнае. Найперш вылучаюць стараанглійскую мову: «адзначаны зверху», ад стараанглійскага — «адзнака, знак; мяжа». Таксама гэта ўтварэнне ад лацінскага імені Маркус — «малаточак» (marculus).

Як бачым, найпапулярнейшае імя мае не вельмі рамантычнае азначэнне. А вось беларускае «Марык» можна параўнаць з беларускім жа «Марыйка» — найперш ад слова «мара». То бок у нас «Марык» можа азначаць «доўгачаканы сын».

Міхаіл у беларускай транскрыпцыі будзе Міхась ці Міхей. Два апошнія, паводле тлумачэнняў мовазнаўцаў, маюць аднолькавае значэнне. Гэта якраз беларускі і ўкраінскі (усходнеславянскі) варыянты імені Міхаіл. Цікава, што ў Міхаіла ў праваслаўным календары імянінаў — 22 штукі на год!

Яшчэ адно папулярнае імя — Максім. У слоўніку Борыса яно засталося без зменаў, як чыста беларускае імя. І не дзіва: першае са значэнняў гэтага імені — усходнеславян­скае «найбольшы, найвялікшы, максімальны; самы-самы». Яшчэ адно тлумачэнне імені — ад англійскага «прынцып, максіма», то бок «прынцыповы».

Таксама вельмі папулярнае імя ў старажытнасці: праваслаўныя імяніны Максіма налічваюць 18 дзён у годзе.

Папулярнае за два дзесяцігоддзі імя Арцём мае беларускі адпаведнік у выглядзе Арцім. Гэта ўсходнеславянскае найпапулярнейшае імя, утворанае ад старажытнагрэцкага «бездакорнае здароўе».

Імя Никита па-беларуску гучыць мякчэй. Мікіта — усходнеславянская форма грэцкага імені — «які забяспечвае перамогу», або ад іншага, таксама старажытнагрэцкага — «начны». Цікава, што, па-сяброўску называючы Мікіту «Нікітосам», шмат хто, сам таго не ведаючы, якраз набліжаецца да сапраўднага, старажытнага гучання гэтага імені.

У чым адрозненне Мікіты ад Нікіты? Справа ў тым, што «Нікіта» — гэта ўтварэнне ад імені багіні перамогі Нікі. За мяжой Нікіта — гэта чыста жаночае імя, якое стала выключна мужчынскім толькі ў славянскіх краінах. А вось Мікіту з жанчынай ужо не пераблытаеш.

Алаіза, Дануся, Зося

Ці ёсць беларускі адпаведнік у імені Аліса? Так, ёсць. Алаіза Пашкевіч, больш вядомая нам як Цётка, у рускай транскрыпцыі была б менавіта Алісай. А яшчэ ёсць беларускае імя Аля, якое таксама з’яўляецца памяншальна-ласкальным ад Алісы.

Анастасію па-беларуску можна назваць шмат як — Анася, Наста, Настуля, Настуся, Стася. Беларуская (усходнеславянская) форма імені Насця/Анастасія (святая) мае значэнне «ўваскрэслая». Гэта вельмі папулярнае інтэрнацыянальнае імя. А між тым утворанае яно ад мужчынскага грэцкага імені Анастасій, што ў перакладзе значыць «уздым, адраджэнне, уваскрашэнне, вяртанне да жыцця, адроджаная, несмяротная».

А вось беларускае Стася можна ўспрымаць не толькі як памяншальна-ласкальнае ад Анастасіі, але і як варыянт Станіславы — «стане слаўнай».

Яшчэ адно распаўсюджанае імя — Дар’я. Беларускія адпаведнікі — Адарка, Дануся, Дарка. Ёсць два тлумачэнні гэтага імені. Славянскае — «падараваная звыш», то бок «ад Бога», і гэта славянскі аналаг грэцкага імені Дарафея.

Цікава, што ў гэтага імені ёсць адна складанасць у напісанні лацінкай. У некаторых мовах няма гуку «Р», праз што імя будзе гучаць па-іншаму. Напрыклад, у Нямеччыне і Францыі — як Dahia.

А вось беларускае імя Дануся — на самай справе зусім не Дар’я. Гэта памяншальна-ласкальная форма імені Даніэла.

Такія ж праблемы, як з Дар’яй, узнікаюць у дзяўчат па імені Марыя. Па-беларуску Марыю можна назваць Марыйкай і Марыляй. Тут нават тлумачэнняў не патрабуецца — вядома ж, у гонар Маці Божай, Багародзіцы. Але не толькі.

Ёсць тлумачэнні імені Марыя як памяншальна-ласкальная форма імені Маргарыта («жамчужная»), або імені Марфа/Марта — «спадарыня».

Марыю можна тлумачыць як утварэнне ад лацінскага — «мора», тады роднасная форма будзе Марына — «марская».

Але барані вас Бог назваць Марыю Марай! Форма імені Мара таксама ёсць у славянскай, асабліва беларускай, міфалогіі, але азначае яно «смерць, пагібель, увасабленне духу смерці». Беларусы падчас купальскіх святаў топяць у вадзе ляльку Мару.

Як ні дзіўна, пры ўсім шанаванні хрысціянства і знаным полацкім Сафійскім саборы, у беларусаў няма імя Сафія. Яно ператварылася ў імя Зоня ці Зося.

Як мы бачым, амаль любое імя можа знайсці сабе беларускі адпаведнік — варта толькі добра пашукаць.