«Убачыў — і склаўся верш». Жыхар Любані даслаў у «Кур'ер» вершы з фотаздымкамі «з месца падзеі»

0

Жыхар Любані Сяргей Квіткевіч — паэт па прызванні. Ён ужо выдаў некалькі кніжак са сваімі вершамі. У «Кур'ер» даслаў новыя вершы, якія склаў, убачыўшы нешта прыгожае, цікавае, нестандартнае. Кожны свой верш ён суправадзіў фотаздымкам «з месца падзеі».

Убачыў — і склаўся верш, Слуцк
Фотаздымкі даслаў Сяргей Квіткевіч

Пра што часцей гавораць маці?
Пра поспехі свайго дзіцяці,
Пра нават дробныя навінкі
З жыцця няўрымслівай крывінкі.

І кожны раз у доказ — фота.
Якая слаўная работа:
Здымаць у будні ці ў свята
Сваіх дзяцей заўжды заўзята!

Реклама

Архіў сямейны ўпарта поўніць,
Каб што было пазней успомніць:
Як той маленькі недарэка
Ператвараўся ў чалавека…


Убачыў — і склаўся верш, Слуцк

Хто б сказаў, куды паедзе
Сёння гэта велаледзі?
Хто б з сяброў маіх дапетрыў,
Дзе лічыць ёй кіламетры?

Як знайсці намёк хоць кволы,
Дзе сляды пакінуць колы,
На якім краі Сусвету
Мне спаткаць дзяўчыну гэту?

Я адкрыты пераменам:
Можа, стаў бы веламэнам.
Ах, якая будзе слодыч —
Калясіць заўсёды побач!..


Убачыў — і склаўся верш, Слуцк

І вось — перапынак. Усе — у буфеце.
Тут гандаль актыўны ўжо на мазі.
Гранітам навукі ніколі на свеце
Не будзеш ты сыты, хоць вечна грызі!

Ці пойдзе навука любая на розум,
Калі ў жываце ашалела бурчыць?!
Ах, дайце нам ежы хоць дробную дозу,
Каб думацель зноў у работу ўключыць!

І лічыць заўзята капейкі гандлярка,
Дзяўбе калькулятар — аж пот па спіне!
І харчу запасы змяншаюцца шпарка.
Хутчэй: перапынак праз хвілю міне!..


Убачыў — і склаўся верш, Слуцк

Вядуць тут сходні да вады.
Па ёй плывуць аблокі.
Без смутку топяцца гады
У ямінах глыбокіх.

Іх там, на дне, ужо з мільён —
Хто лік дакладны чыніць?
Малітва наша ці праклён
Бег часу не супыніць.

Вядуць тут сходні да вады,
На край азёрнай казкі,
Дзе вадзянік немалады
Паміж карчоў грувасткіх,

Дзе ноччу водзяць карагод
Каварныя русалкі,
Дзе прылятаюць для прыгод
Вядзьмаркі і гадалкі.
Вядуць тут сходні да вады…


Убачыў — і склаўся верш, Слуцк

Цяпер у дзяўчат перапынак.
Ёсць хвіля крыху адпачыць:
Схадзіць нетаропка на рынак
Ці лясы гуртом патачыць.

Настрой у кабет адмысловы:
Сядзі ды бяспечна балтай.
А тэм для харошай размовы
Мільён. Нават болей, бадай!

І хатнія справы, і дзеткі,
І смешных здарэнняў паток,
І выбрыкі злоснай суседкі,
І моды чарговы віток…

Цяплом майскі поўдзень багаты.
Пасёлак звычайны. Абед.
Гамоняць на лаўцы дзяўчаты.
На іх і трымаецца свет!


Убачыў — і склаўся верш, Слуцк

У горадзе ўнукі засмучана тужаць:
— Хутчэй бы ўжо ў школе вучобу адужаць,
Хутчэй бы ўжо тлумныя будні мінулі,
Ды ў вёску падацца да любай бабулі.

Яна нас чакае ад ранку да ночы,
Яна праглядзела ў чаканні ўсе вочы,
Яна нам рыхтуе мільён пацалункаў,
Яна назапасіла мноства ласункаў.

Бабулін характар ласкавы бясконца,
Ён гэткі лагодны, бы летняе сонца.
Яна нам дазволіць дурыцца ў волю:
То боўтацца ў лужах, то гойсаць па полі,

То лазіць на дрэвы, то віснуць на плоце,
То чаплю глядзець на далёкім балоце.
А вечарам познім, як спаць мы паляжам,
Бабуля дзівосныя казкі раскажа…