Юрысты Аліна Нагорная і Ігар Случак паведамілі «Кур’еру», што на этыкетках хлеба Слуцкага хлебазавода цяпер інфармацыя змешчана на беларускай мове.
Раней, у сакавіку гэтага года, Ігар Случак даслаў зварот на завод з просьбай, каб слуцкі хлеб маркіраваўся па-беларуску. З прадпрыемства прыйшоў афіцыйны адказ, у якім ёсць такія словы: «Мы з павагай ставімся да права грамадзян нашай рэспублікі карыстацца іх нацыянальнай мовай. У дадзены момант інфармацыя аб тавары на беларускай мове змешчана на такой прадукцыі ААТ «Слуцкі хлебазавод», як сухары-грэнкі «Ringas». У хуткім часе ўпакоўка некаторых відаў хлеба, батона і тартоў таксама будзе дапоўнена інфармацыяй на беларускай мове».

Аліна Нагорная пракаментавала, чаму важна ў цяперашні час не забываць пра беларускую мову: «Шмат хто скажа: «Не да мовы зараз». Але мова — гэта культура. Беларуская мова дзяржаўная. Калі мы хочам, каб у нашай краіне было «да законаў», трэба абараняць свае правы. А права на мову для народа — адно з самых важных. Увогуле, сам факт таго, што ў Беларусі могуць дыскрымінаваць за беларускую мову — страшны.
Мова — гэта незалежнасць. Дзе беларуская мова — там Беларусь. Варта спрабаваць размаўляць па-беларуску, чытаць па-беларуску, пісаць звароты за беларускую мову, запісваць дзяцей у беларускамоўныя класы і групы».

Тым, хто таксама хоча паспрыяць беларусізацыі, Аліна і Ігар прапануюць скарыстацца ботам, у якім ёсць прыклады зваротаў і іншая карысная інфармацыя.