Дзве касілкі, два кормаўборачныя камбайны, 10 МАЗаў… Як нарыхтоўваюць корм для слуцкіх кароў

0
Дзве касілкі, два кормаўборачныя камбайны, 10 МАЗаў... Як нарыхтоўваюць корм для слуцкіх кароў
Механізатар Яўгеній Патапаў пахваліўся сваёй добрай касілкай. Фота: «Слуцкі край»

Без надзейнай кармавой базы не будзе ні прадукцыі жывёлагадоўлі, ні даходаў у гаспадарцы. Таму намаганні аграрыяў раёна накіраваны ў тым ліку на зялёнае жніво, піша «Слуцкі край».

У таварыстве «Казловічы-Агра» касіць пачалі ў мінулую пятніцу. Недалёка ад Казловіч на адным з палеткаў працаваў Яўгеній Патапаў, механізатар. У яго дзевяціметровая касілка. Таму за дзень яму пад сілу скасіць амаль 100 гектараў.

Реклама

— У мінулым годзе мне даверылі касьбу ўпершыню. Касілка добрая ў мяне! Толькі глядзі, каб агрэхаў не было ў рабоце, — дзеліцца Яўгеній.

Ён працуе ў сельгасарганізацыі сем гадоў. Падчас жніва неаднойчы быў пераможцам раённага і абласнога працоўнага спаборніцтваў. Спраўляецца і з ворывам глебы, сяўбой кукурузы.

Каб своечасова скасіць травы першага ўкосу, у «Казловічы-Агра» набылі яшчэ адну сучасную касілку. Дарэчы, першы ўкос у гаспадарцы неабходна правесці на 1 200 гектарах.

Па стане на 26 мая ў Слуцкім раёне травы скошаны на 3 493 гектарах (18% да неабходнага), з іх 2 544 гектары — люцэрна. Травы ўбраны на 49% скошанай плошчы. Нарыхтавана травяністых кармоў 3 083 тоны кармавых адзінак, на ўмоўную галаву жывёлы — 0,5 цэнтнера кармавых адзінак. У раёне назапашваюць сянаж, у тым ліку ў стрэтч-плёнку.

Першачарговая задача - атрымаць якасныя кармы, якія паўплываюць у далейшым на добрыя паказчыкі ў мяса-малочнай галіне.

Таццяна Качановіч, галоўны аграном ААТ «Казловічы-Агра», расказала, што з-за нестабільнага надвор’я скошаныя травы імкнуцца як мага хутчэй прыбраць. Зялёную масу закладваюць у траншэю і ў стрэтч-плёнку.

Нарыхтаваць сенажу сёлета неабходна 33 тысячы тон. На палях працуюць дзве касілкі, два кормаўборачныя камбайны, 10 МАЗаў на адвозцы, па неабходнасці і трактары.