Мае ўражанні пра Дзень Перамогі-2021 і ўспаміны аб амерыканскай тушонцы

0

Гэты дзень у 1945 годзе чакалі з надзеяй, што ён вось-вось прыйдзе, тады дадому вернуцца бацькі, якія застануцца жывымі. Мы ведалі, што наш бацька ў шпіталі ў Маскве, чакалі яго выздараўлення. Вярнуўся ён толькі ў 1946 годзе.

У дзень 9 мая 1945-га свяціла сонца, па вясковай вуліцы дзьмуў халодны вецер. Ад хаты да хаты бег хлапчук, які крычаў святое слова «Перамога». Гора і радасць адначасова жылі ў кожным доме.

Мае ўражанні аб святе «Дзень Перамогі-21» і ўспаміны аб амерыканскай тушонцы
Мурманск, інтэрнацыянальныя могілкі. Фотаздымкі зроблены ў лета падняцця атамнай лодкі «Курск». Фота: Уладзімір Амяльчэня

Якія ўражанні я атрымаў у гэты дзень 2021 года?

Трэба прызнацца: тэлевізар нёс крыўду і хлусню. Ніхто з тых людзей, якія перажылі вайну, не паверыць, што савецкім людзям давялося адным ваяваць з гітлераўскімі войскамі.

Реклама

Пры вызваленні ў 1944 годзе нашай сям'і была выдзелена дапамога амерыканскімі тушонкай і ботамі, што зрабіла незабыўнае ўражанне.

Аб амерыканскай дапамозе сталі гаварыць адкрыта. Мы бачылі амерыканскія аўто ў арміі, а пасля 1945 года ў вёсцы з’явіўся амерыканскі матацыкл «Харлей-Дэвідсан». Але аб тым, што Савецкі Саюз вядзе вайну з гітлераўцамі не адзін, у нашай сям'і ведалі раней. І было гэта вось так.

Мае ўражанні аб святе «Дзень Перамогі-21» і ўспаміны аб амерыканскай тушонцы
Мурманск, інтэрнацыянальныя могілкі

Час нямецкай акупацыі

У верасні 1941 года з нашай вёскі ў партызаны з сем’ямі пайшлі два суседа. Адзін з іх быў малодшым братам майго бацькі. Начамі заходзіў да нас сам дзядзька Алёксік ці яго старэйшы сын Павел. Ад іх даведаліся пра амерыканскую дапамогу. Значна пазней пра гэта сказаў нямецкі афіцэр.

Паміж Урэччам і вёскай Аточка цягнік ішоў па вузка раскапанай гары. З гары можна было заскочыць на дах вагона. Партызаны гэтым скарысталіся.

Аднойчы ноччу з гары закідалі цягнік гранатамі. У вагонах былі раненыя нямецкія салдаты. Пасля гэтага немцы сталі забіраць працаздольных на раскопку гары. Зямлю адвозілі тачкамі. Суседскі хлопец Валодзя, сын Якуты, украў салідолу, каб дома памазаць вось у калёсах. Немцы яго затрымалі. Вечарам таго дня трое з іх вялі злодзея дамоў. Я памятаю, як адзін з немцаў трымаў настаўлены на яго наган. Каля свайго двара на вуліцы стаялі мае старэйшыя брат і сястра, якія таксама працавалі на раскопках гары. Нямецкі афіцэр прыпыніўся каля нас, з хаты выйшаў бацька, я таксама прысутнічаў. Немец добра размаўляў на рускай мове. Быў ён рыжы. У размове сказаў: «Гітлер капут». Але бацька не згадзіўся і адказаў: «Сталін капут». Афіцэр у адказ: «У цябе брат у партызанах. Хіба ён не прыходзіць, не расказвае, што Гітлер у Сталінградзе капут?». Бацьку зацяла мова. У той вечар немец расказаў бацьку, што Германія ваюе з Англіяй, Амерыка дапамагае Савецкаму Саюзу.

Летам 1944 года гэты нямецкі афіцэр прывёз у легкавым аўто з працы брата і сястру. «Рускія ў Старых Дарогах». У бок Сталіна і Гітлера на развітанне сказаў такое, што сёння страшна гаварыць.

Пра дапамогу многіх народаў свету Савецкаму Саюзу ў вайне з немцамі добра гавораць магілы на інтэрнацыянальных могілках у Мурманску. Тут пахаваны палякі, англічане, амерыканцы і шмат іншых з многіх краін. Яны загінулі за Перамогу, не дажыўшы да 9 мая 1945 года. І сказаць, што Савецкаму Саюзу давялося ваяваць адзін на адзін з фашысцкай Германіяй — гэта не толькі абман, але і абраза як савецкіх людзей, так і людзей свету.

Вось чаму я не ўтрымаўся, каб прамаўчаць. Кіраўніцтва суседняй дзяржавы ведае не горш за мяне гісторыю той вайны, але сваёй хлуснёй дажылося, што вакол нас адны ворагі. Ганьба!

Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.