«Лёгкі ветрык у твар, спевы жаўрука ў небе натхняюць». Слуцкі трактарыст-машыніст распавёў, чаму любіць сваю працу

«Лёгкі ветрык у твар, спевы жаўрука ў небе натхняюць». Слуцкі трактарыст-машыніст распавёў чаму любіць сваю працу
Фота: «Слуцкi край»

Яшчэ хтосьці толькі прачынаецца, а трактарыст-машыніст адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкая Ніва» Уладзімір Шышко ўжо працуе ў полі. Пра сваю нялёгкую работу Уладзімір расказвае захоплена.

— У гэтай сельгасарганізацыі працую больш за пяць гадоў, стаж жа работы трактарыстам-машыністам — каля 15 гадоў. Люблю ворыва, сяўбу, яшчэ больш — час уборкі збожжавых. Прыемна, што вынік нашай працы — добры ўраджай. Зараз і тэхніка выдатная — толькі працуй. У дзень заворваю каля 30 гектараў, — расказвае Уладзімір. — Раней жыў у горадзе, але цягнула ў вёску. Родам з Бязверхавіч, жыву ў вёсцы Селішча.

Реклама

У мінулым годзе Уладзімір намалаціў больш за 2 000 тон збожжа і каля 1 800 тон зерня кукурузы. У сельгасарганізацыі яго ведаюць не толькі як стараннага работніка, але і як уважлівага калегу, добразычлівага чалавека. Кажуць, любую справу робіць адказна, як належыць.

Падчас сустрэчы Уладзімір расказаў, што прыхільнасць да тэхнікі ў яго ад бацькі, які працаваў трактарыстам, змалку вучыў сына ўсім тонкасцям справы. А яшчэ на працу натхняе ўважлівае стаўленне кіраўніцтва сельгасарганізацыі.

Цяпер Уладзімір кіруе магутным трактарам айчыннай вытворчасці, да якога прычэплены агрэгат з чатырохмятровым захопам.

— Лёгкі ветрык у твар, спевы жаўрука ў небе натхняюць, прыдаюць энергіі, жадання працаваць. Нярэдка тут, на полі каля лесу, можна ўбачыць касуль, лася, зайца, — расказвае Уладзімір Уладзіміравіч. — Зімой займаюся рамонтам тэхнікі, а таксама працую вартаўніком-кантралёрам.