Узлюбленыя ў Госпадзе айцы, браты і сёстры! Ад усяе душы вітаю вас словамі пасхальнага лікавання: Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!
Наш народ здаўна называе Пасху цудоўным словам — Вялікдзень. І сапраўды, дзень Уваскрасення Хрыстовага — гэта вялікі дзень, найвялікшы ў гісторыі чалавецтва! У гэты дзень Сын Божы, паўстаўшы з магілы, «адбіў джала смерці, разарваў цёмныя кайданы пекла, дараваў свабоду душам», як прапаведуе свяціцель Грыгорый Багаслоў.
Смерці няма, зло пераможана, жыццё трыумфуе! Мы гэта ведаем, мы ў гэта верым, але з кожнай новай Пасхай мы як быццам першы раз слухаем дабравесце аб Уваскрэслым Госпадзе. «Хрыстос уваскрэс з мёртвых!» — вось навіна, якае не састарэе ніколі і якая мае дачыненне да ўсіх нас.
Мы настолькі дарагія Госпаду, Які стварыў нас для жыцця і шчасця, што дзеля нас Ён стаў чалавекам, зведаў на Сабе ўсю чалавечую подласць і жорсткасць, праліў на крыжы Сваю Прачыстую Кроў. Але смерці не ўзяць у палон Бога: Ён уваскрэс і даруе надзею на ўваскрасенне нам.
Сёння мы зноў і зноў перажываем тое, што перажылі вучні і вучаніцы Госпада — святыя апосталы і жанчыны-міраносіцы. Чытаючы Евангелле, мы пранікаемся іх смуткам аб тым, што Настаўнік пакараны смерцю, падзяляем іх радасць ад таго, што магіла Гасподняя пустая.
Але чаму Ўваскрэслы Хрыстос не з’явіўся тым, хто адмаўляўся бачыць у Ім Месію? Тым, хто пасадзіў Яго ў вязніцу, асудзіў на смерць, здзекваўся з Яго? Чаму Спасіцель не з’явіўся Понтыю Пілату, Анне з Каіафам, жыхарам Іерусаліма, якія выбралі не Яго, а Варавву?
Прападобны Паісій Святагорац адказаў на гэтыя пытанні ўсяго ў чатырох словах: «Гасподзь паважае нашу свабоду».
Хрыстос не з’явіўся Сваім забойцам, таму што не хацеў і не хоча, каб у Яго верылі пад прымусам. Сын Божы ўзышоў на крыж дабравольна, і такой жа дабравольнай, свабоднай веры Ён чакае ад нас. Хрыстос не жадае пакарыць пераканаўчасцю нашу свядомасць ці паралізаваць страхам нашу волю. Ён звяртаецца да нашых сэрцаў і не прымушае, але запрашае ўвайсці ў радасць Яго Ўваскрасення.
Менавіта таму лепшая пропаведзь Евангелля — гэта любоў да бліжніх. Дабрыня людзей адзін да аднаго, узаемная падтрымка, неабыякавасць — усё гэта сагравае сэрцы чалавечыя і падказвае, дзе Ісціна.
Ствараючы любоў, пачнем са сваіх сем’яў. Будзем больш уважлівыя да самых блізкіх, пастараемся чуць іх, паважаць, берагчы, браць на сябе іх цяжкасці, дарыць ім шчаслівыя хвіліны. Па нашым стаўленні да бліжніх нават дальнія змогуць даведацца, што мы вучні Хрыстовы.
Азірнемся навокал: вельмі многія побач маюць патрэбу ў элементарнай дапамозе. Справамі міласэрнасці, словамі суцяшэння і падбадзёрвання павіншуем гэтых людзей з Пасхай Хрыстовай — няхай радасць свята азарыць іх жыццё!
«Святыя айцы кажуць, што ў іншым свеце ежай людзей будзе любоў — любоў да Хрыста і адзін да аднаго. Адзін чалавек будзе сузіраць другога і ад гэтага адчуваць у душы сапраўдны рай», — казаў старац Яфрэм Арызонскі. Малітоўна жадаю ўсім нам, каб пачатак раю, пра які кажа сучасны падзвіжнік, мы адчулі ўжо тут, на зямлі.
І няхай у нашых сэрцах гучаць словы Спасіцеля: «Я — Першы і Апошні, і жывы; і быў мёртвы, і вось, жывы на векі вякоў, амінь!» (Адкр. 1:17-18)
Хрыстос уваскрэс, дарагія мае!
Сапраўды ўваскрэс!
З благаславеннем і любоўю Антоній, епіскап Слуцкі і Салігорскі