Жыхарка Слуцка Аляксандра Сыс бачыла, як фашысты забілі ўсю яе сям’ю, і цудам вызвалілася з запаленай хаты. Жанчына дажыла да 90 гадоў і распавяла «Кур’еру» сваю гісторыю.
Гэта — прыклад жыцця большасці беларускіх дзяцей вайны. Вялікае гора, перажытае ў маленстве, адсутнасць адукацыі, цяжкая праца. І сіла духу, якая дапамагла ўсё перажыць і застацца чалавекам.

«Яна ўпала з дзіцём». Трагедыя на хутары
Аляксандра Мікалаеўна Сыс нарадзілася на Палессі ў вёсцы Заходняя Морач. Гэта — самы поўдзень Салігорскага раёна. Да таго, як пабудавалі Салігорск, гэта быў Старобінскі раён.
У сям’і дзяўчынку называлі ласкава Алеська. Бацька ў яе працаваў на складзе і быў удалым плотнікам. А маці сядзела з дзецьмі. Сям’я жыла не ў самой вёсцы, а на хутары непадалёк.
У 1943 годзе Алесі было 12 гадоў. Яна была чацвёртай па старшынстве. У яе былі дарослыя старэйшыя сёстры Жэня і Надзя, брат Мікалай гадоў каля 14-ці і сястра-немаўлятка Еўка. Яшчэ адна сястрычка Волечка памерла маленькай да вайны.
Акрамя родных, у Аляксандры было яшчэ шмат стрыечных брацікаў і сястрычак. Напрыклад, у яе дзядзі Паўла — мамінага брата — было сямёра дзяцей. Яны жылі праз раку, у вёсцы Горка.
Аднойчы ў 1943 годзе немцы адступалі ад чырвонай арміі і ішлі праз Заходнюю Морач і тую мясцовасць. У той дзень сям’я Алесі была дома. У вёсцы ўжо ведалі, што немцы ідуць. Дзядзя Павел з Горкі адправіў на хутар да сястры і пяць сваіх дзяцей: Сярожку, Маруську, Любу, Сашку і Ваську. Хавацца. Сам ён з жонкай затрымаўся дома даглядаць хлябы ў печы. А потым яны з мяхамі хлеба схаваліся ў лесе.
Аднак немцы прыйшлі проста на хутар і забілі дарослых і дзяцей.
«Мая родная сястра Жэня трымала на руках маленькую сястру Еўку, — успамінае Аляксандра Мікалаеўна. — Забілі разам і адну, і другую. Яна ўпала з дзіцём з гэтым.
Ды запалілі хату. Я сядзела на печы. Яшчэ Васька там сядзеў — мальчык дзядзі Паўла. Так во ў вугалку на печы. Яму было мо трэці годзік. І Маруська, Любка і Сашка дзядзі Паўла таксама былі са мной там. Там, можа, яны і жывыя згарэлі, раненыя проста. Бог іх ведае.
Немцы зайшлі ў хату і пачалі страляць. Ваську папала дзе-та ў грудкі. Кроў пацякла. І галоўка схілілася. Ваську маленькага застрэлілі.
Мяне не закранула ніякая пуля. А брат Коля ўпаў каля ножкі стала.
І яны пастралялі ўсіх. Яшчэ ж у нас дома маміна сястра была з дзіцём маленькім. Калыханка вісела. І мамінага брата жонка.
Побач з печчу быў палок. Яны на гэтым палку ўсе збіліся. І іх таксама перастралялі. Як я споўзала па іх з печы, дык яны толькі, бедненькія, стагналі.
А Сярожка дзядзі Паўла схаваўся пад палком за грубку. На яго цякла кроў тых, каго застрэлілі на палку. Пастралялі ды запалілі хату».
Уцёкі
«І ўжо цэлая хата дыму, — працягвае Аляксандра Мікалаеўна. — Я прасіла бога, каб хутчэй захлынуцца ад гэтага дыму. А тады чую, што нехта выбівае акно. Дык я думаю: “Божа мой, божа! Шчэ ім акно трэба!” Я ж думала, што гэта немцы выдзіраюць акно. А гэта мой брат Коля быў. Пачаў зваць: “Хто жывы — вылазьце”. Сярожка пачуў, вылез з-за грубкі і адчыніў дзверы. Я ўбачыла, што дзверы адчыніліся, і што Сярожка палез цераз парог на двор. Я ўжо тады таксама спаўзла і за Сярожкам выйшла. Тады гляжу — Коля стаіць, брат мой. Ён нас — за рукі. Пасадзіў у двары, кажа: “Я пагляжу, каб нідзе немцаў не было, ды будзем уцякаць”.
А ў нас каля хаты вялікі зруб новы стаяў. Бацька будаваў дом. На ім ужо і кроквы былі. Толькі не накрыты. І немцы круціліся там, хацелі яго спаліць. А ён яшчэ новы. А можа яшчэ і шкадавалі гаручага. Карацей, не спалілі яны. Ён толькі абгарэў трошкі ў адным месцы.
Коля мой брат — за мяне і за Сярожку, і давай уцякаць. Далекавата ад дома стаяў вялікі дуб. Такі тоўсты. І мы да дуба дабеглі. Яны ўбачылі нас, пачалі страляць.
Мы хацелі схавацца за дуб. А тады Коля кажа: “Бяжым, бяжым, уцякайма, бо тут жа блізка, прыйдуць яшчэ і заб’юць”. І мы давай па дарожцы бегчы. Пулі свісцелі навокал, але нас не закранулі. Толькі брату Колю калошу прастрэліла.
Мы ўбеглі ў лес. А што ж я, малая. Пачала плакаць. Кажу: “Ўсе роўна яны нас тут заб’юць у этым лесе”. А брат старэйшы мне гаворыць: “Я ведаю іхнія сляды. І ведаю свае сляды. Мы знойдзем людзей у лесе”. Ну, і мы знашлі людзей у лесе і прыбіліся да гэтых людзей. І двое сутак былі там».
Жыццё ў дзядзі Паўла
Праз два дні Сярожа, стрыечны брат Алесі, папрасіўся дадому, бо ў лесе было халодна. І дзеці ўтраіх пайшлі да дзядзі Паўла ў вёску Горка.
«Прышлі мы, а цёця Клава стаіць у калітцы, — кажа Аляксандра Мікалаеўна. — У яе пяцёра дзяцей забілі. Чацвёра — у нас у доме. А аднаго — самага старэйшага іхнага сына, забілі немцы ў лесе.
Цёця ўбачыла нас і пачала плакаць. Яна здагадалася, што ўжо нікога з дзяцей няма, толькі мы засталіся. І яшчэ адзін іхні сын Барыс, які ўцёк і схаваўся, застаўся жывы.
Ну, і я ў дзядзі Паўла засталася. Ён мяне гадаваў. Брат Коля спачатку жыў з намі».
Вяртанне немцаў
«Немцы вярнуліся. І некалькі дзён жылі ў вёсцы. У дзядзі Паўла быў кабанчык у сараі. Немцы прымусілі забіць кабанчыка. Дзядзя Павел забіў і хацеў смаліць. І стаў адцягваць ад сарая, бо будзе ж сарай гарэць. А немец з ружжом яму не дае. Паставіў дзядзю Паўла да сценкі, хацеў забіць. А другі немец убачыў і таго адвёў. Дык дзядзя Павел тады перапугаўся. Потым немцы кабанчыка з’елі.
Тады немцы многіх пабілі, бо палічылі, што яны ў партызанах. І дамы спалілі. Наш сусед быў схаваўся ў стог. Дык запалілі стог, і ён выскачыў. Усё адно забілі.
А потым яны сабралі ўсіх сваіх немцаў, пастроілі на вуліцы, і адзін немец усё туды-сюды хадзіў, нешта чытаў ім. І яны сабраліся і паехалі з вёскі».
Смерць Сярожы
«Потым дзядзю Паўла ў 44 годзе забралі на вайну. Тады Сярожка, яго сын, захварэў. На маіх глазах ён паміраў, бедненькі. І ножкай, і ручкай аб сценку біўся… Потым яму трошкі, напэўна, лепш стала. Ён сеў на ляжанку, сядзіць. А цёця Клава кажа: “Папраўляйся, сыночак, я табе касцюмчык пашыю”. Ён гаворыць: “Мне ўжо не да касцюма”. Я помню добра гэтыя словы. І яго знішчыла хвароба. У дзядзі Паўла застаўся толькі адзін Барыс з сямі дзяцей.
Як дзядзя Павел прыйшлоў з вайны, кажа свайму брату Гарасю: «Юля (мая мама) — твая сястра і мая сястра. Забірай Колю, хай у цябе жыве, а Алеську мы будзем гадаваць». Коля пайшоў да Гарася, трохі пажыў у яго, а потым ажаніўся і пайшоў у прымы. (Ісці ў прымы — значыць, ісці жыць да жонкі, прымак — мужык, якога прынялі ў сям’ю жонкі — Рэд.).
А ў дзядзі Паўла і цёці Клавы нарадзіліся яшчэ тры дачкі. Першую яны называлі Любай, як тую дзяўчынку, што згарэла. Потым ім сказалі, што так нельга рабіць. І яны іншых дзяцей ўжо называлі іншымі імёнамі».
Школа
«Пусты дом застаўся ў дзядзі Паўла. Ўсё, што было там, немцы пазабіралі. Мо праз год ці праз два пасля вайны арганізавалася ў вёсцы школа. У трэці клас мяне паставілі. А кніжка-то была адна на ўсіх! Ходзіць гэтая кніжка па вёсцы. Калі яна мне патрапіць як сіраце? А пісаць не было ж на чым таксама. Я пахадзіла трохі ў гэтую школу, ды стала плакаць. Кажу: “Не пайду! Бо што гэта за работа? Бо я ж не магу нічога, парабіць урокі не магу!”
А тут трэба ж яшчэ прасці і ткаць, каб пашыць якую адзёжку. Бо няма ж чаго насіць. Ні падушачкі, ні дзяружачкі, нічога не было. Пусты дом быў.
Так я і не вучылася. Я потым з газет і з журналаў вучылася чытаць. Сама сябе адукавала трохі».
Першая праца
Калі Аляксандры споўнілася 17 гадоў, яна, як кажа, «завербавалася» на сезонную працу на тарфянікі. Адзін сезон адпрацавала ў Гацуку, другі — у Крывічах. Спачатку яе не хацелі браць, бо яна была занадта маладая.
«Я сказала свой год, як у Гацук вербавалася, — распавядае жанчына. — Яны сказалі: ў цябе яшчэ год не хапае. Я пастаяла трохі побач, а там зноў падышла і сказала другі год. І мяне ўзялі.
Там на тарфяніку была такая машына, рэзалі торф. А я на рольным стале стаяла. Мне толькі трэба даць выходны, дык начальнік смены чуць не плача: няма каго паставіць. Ніхто не спраўляецца так, як я, непаўналетняя».
Смерць брата Колі
«Калі я рабіла на тарфяніку у 1948 годзе, са мной рабіла яшчэ адна з нашай вёскі Саша. Быў выходны ў нядзелю. Ёй трэба было пайсці ў Старобін на кірмаш. Там ёй сястра павінна была перадаць што-небудзь з прадуктаў. І я хацела ісці. Але тады было халаднавата. А ў мяне быў пінжачок. Яна папрасіла, і я ёй дала яго. І засталася дома.
Яна пайшла. Прыходзіць. А мы зранку ставілі ежу ў печ. Я не чапала, пакуль яна не прыйдзе. Яна прыйшла пазнавата. Прышла ды гаворыць: “Ты ела?” Я гавару: “Не, не ела, чакаю цябе”. Яна тады кажа: “Ну дык давай”. Я гавару: “А ты мне раскажы, што там, якія навіны”. Яна: “Ну, потым я раскажу”. А я прыстала: “Не, я есці не буду, раскажы, што там”. І ёй прышлося расказаць, што мой брат памёр ад менінгіта. Коля, што ў прымы пайшоў. І я ўжэ расстроілася, пачала плакаць. Стала не да ежы».
Замужжа, «вярбоўка»

«Калі я на тарфяніках рабіла, яшчэ не хадзіла гуляць. А потым пачала хадзіць гуляць. З Мікалаем пазнаёміліся ў нас у вёсцы, дружыў са мною. У 50-м годзе замуж вышла. А пасля яго ў армію забралі. Я засталася ў свёкра ў вёсцы Жоўты Брод.
У мужавых бацькоў было 60 сотак зямлі. Там у многіх, каторыя пайшлі первыя ў калгас, было 60 сотак. Хто не ўпіраўся.
Пяцёра дзяцей, усе малыя. Трэба плаціць налогі на зямлю. А з чаго жыць? Свякруха мая гаворыць: падай заяву, каб нас раздзялілі. Табе будзе 30 сотак і нам 30. Будзе за што жыць. Так і зрабілі. А тут прыйшло распараджэнне па-іншаму. У каго 60 сотак, у таго павінна так і застацца. Я пайшла да старшыні, да ваенкома. Нічога. Я на свякруху кажу: за мяне не плаціце, я найду выйсце. Паехала ў Старобін, завербавалася на працу у Карэла-Фінскую ССР. Прыходжу дадому і кажу: “Я завербавалася, ўсё, будзьце спакойныя”.
Свёкар — у плач, свякруха — у плач, дзеці ўсе — у плач! Свёкар ходзіць па хаце, не ведае, што рабіць. А тады кажа: “Садзіся, пішы ліст Мікалаю. Калі ён дазволіць — паедзеш”. Я напісала. Ён мне адказаў: “А я бачыў завербованых. У рваных сукенках ходзяць, галодныя, халодныя!” Можа, гэта і непраўда, але ж трэба было яму пісаць мне жахі! Ну, карацей, не дазваляе. І думаю: што ж мне рабіць?
Прыязжае вярбоўшчык. Я з гэтым лістом — да яго. Кажу: “Вось, пачытайце мой ліст. Я сірата, выйшла замуж, і вось так…” Карацей, расказала так, як і вам.
І ён пачытаў гэты ліст, паглядзеў на мяне, ды кажа: “Ведаеш што, я панавярбую яшчэ больш. І прыеду за дзецьмі вярбованымі. Едзь і ты з намі. Але я ў Старобіне табе аддам пашпарт, і ты далей не паедзеш. Толькі нікому не кажы”.
Пашпартоў у вёсках ні ў кога не было. Тады ў сельсавеце ва ўсіх пашпарты ляжалі. І ў старых, і ў малых.
Прыехаў ён, пабраў нас. А людзі ў вёсцы мяне любілі і казалі: “Як Шура едзе, не трэба баяцца, можна пусціць дачку”. Ну, і пусцілі іх. Паехалі мы ў Старобін, туды, дзе гэты вярбоўшчык рабіў. Ён нам адчыніў кабінет, мы там начавалі. Вечарам я, праўда, яму дала на вячэру грошай. Трэба ж аддзячыць.
А назаўтра стаю ля машыны. Машына была такая крытая брызентам. Пасадзіў ён іх усіх на машыну. А я стаю. Яны глядзяць, што я не лезу на машыну. Але нічога тут ужо не зробіш. Ён махнуў рукою, машына завялася і паехала. І я засталася. Вярбоўшчыку яшчэ дала 25 рублёў. Сказала: “Як буду жыва, ды сустрэну вас, то я вам яшчэ аддзячу”. Так я яго, праўда, і не бачыла.
З вярбованымі потым усё добра было. Яны там адрабілі і прыехалі. Некаторыя замуж там выйшлі і пажаніліся».
Пераезд у Слуцк

З гэтым пашпартам мой свёкар — за мяне. Павёз да сваёй стрыечнай сястры ў Слуцк і кажа: “Хай у вас пабудзе Шура, пака яна знойдзе тут працу”.
Ну, і так я ў іх жыла, пакуль Мікалай мой не прыйшоў з арміі.
Пакуль шукала працу, у 10-ю школу ўстроілася прыбіральніцай.
Потым працавала ў вайсковай частцы на парашутным складзе. У 9-м гарадку за Навадворцамі. Расказала, што муж служыць, і мяне прынялі на працу.
Муж чуць не пяць год служыў. Ён трапіў у лётную частку. Прыехаў пасля арміі, так мы ўдваіх засталіся ў Слуцку. Снялі кватэру. Муж працаваў у той жа частцы, дзе і я. А потым яму хутка далі кватэру ў КЭЧ-аўскім бараку ў 9-м гарадку. Там мы жылі доўга. А ў 62-м годзе пабудавалі дом».
Бацькоўская спадчына, новая праца
«З Заходняй Морачы, дзе наш спалены дом стаяў, людзі прыязджалі на кірмаш у Слуцк. І кажуць: “Ваш зруб, што немцы не спалілі, забралі. І з яго школу пабудавалі ў Яскавічах”. Разабралі, перавезлі і паставілі там гэты зруб. Ён быў вялікі, чысты. Бо мой бацька добра ўмеў усё рабіць. Ды людзі кажуць: “Забярыце гэты дом. Адсудзіце як ад калгаса”. У вайсковай частцы, дзе мы з мужам працавалі, мне дапамаглі дакументы зрабіць. І мы гэты зруб адсудзілі. Яго нам не аддалі, а выплацілі грашыма. На гэтыя грошы мы пабудавалі новы дом.
Пасля вайсковай часткі муж працаваў увесь час шафёрам на паштовай машыне. Я рабіла ў 9-м гарадку 7 год. А тады нарадзіла першую дачку пайшла ў дзякрэт, і потым ужо не вярнулася. Папрацавала ў 4-й школе нядоўга.
Потым даведалася, што на кацельную трэба працаўнікі. І пайшла туды. Мяне ўзялі на прахадную. А дырэктар бачыць, напэўна, што я самастойны чалавек. Ён угаварыў мяне: “Ездь вучыцца”.
Я паехала, адвучылася, і потым рабіла на катлах. Тады катлы яшчэ былі на мазуце».
Помнік і прыгожы сон
«Маю сям’ю пахаваў дзядзя Павел. Яны паехалі тады, баючыся немцаў. У абрус сабралі костачкі, ды і пахавалі на тым самым пажарышчы.
А цяпер мы там ужо ўсё абгарадзілі, зрабілі помнік. Як зрабілі мы ўсё, помнік як паставілі, дык я сасніла сваю старэйшую сястру, Жэню. Што яна мне паказвае: “Паглядзі, як у нас тут”. А там усё проста блішчала. Было ўсё ў блестках, так прыгожа было! Ездзім кожны год на Радаўніцу туды».