Сельскія дамы культуры Любанскага раёна распрацавалі турыстычныя маршруты

0
Сельскія дамы культуры Любанскага раёна распрацавалі турыстычныя маршруты, Слуцк
Фото: «Голас Любаншчыны»

Зараз стала модна экскурсіі па славутых аб’ектах дапаўняць майстар-класамі. Напрыклад, падарожнікі з задавальненнем садзяцца за ганчарны круг, б’юць молатам па кавалдзе. І дзеля эмоцый, якія ў гэты час атрымліваюць, едуць за сотні кіламетраў. Аднак у захапленні можна застацца і ад ваяжу па любанскіх мясцінах.

Любаншчына багата на таленавітых майстроў, якія будуць рады падзяліцца з гасцямі сваімі ўменнямі. Многія з іх працуюць у клубных установах. А таму ўсе шляхі вядуць у сельскія дамы культуры, у якіх ужо распрацаваны турыстычныя маршруты.

Напрыклад, у Жораўцы можна ўбачыць працэс прыгатавання хлеба па традыцыйнай рэцэптуры. Ірына Жудрык пакажа, як нашы продкі малолі муку на жорнах, замешвалі цеста, садзілі хлеб у печ. І, вядома, дазволіць наведвальнікам прыкласці руку да гэтых працэсаў. А пакуль боханы будуць выпякацца, прапануе паўдзельнічаць у гульнёвай праграме. Калі хлеб дастануць з печы, яго можна будзе паспытаць.

Реклама

У Пластокскім сельскім клубе-бібліятэцы распрацаваны турмаршрут «Бабуліны гасціны». Загадчык Соф’я Каток прапануе гасцям прайсці ў гульнёвы пакой, дзе правядзе для дзяцей забаўляльную праграму. У аромапакоі раскажа, якія зёлкі збіралі нашы продкі і для чаго. Спецыяльныя зборы траў, калі ўзнікне жаданне, можна будзе набыць. А фіналам мерапрыества стане чаяванне. Гаспадыня пачастуе гасцей вясковым печывам і напоіць гарбатай.

У Камуне можна затрымацца надоўга. Напрыклад, спачатку адправіцца ў падарожжа па населеным пункце, падчас якога даведацца пра гісторыю яго заснавання. А далей у мясцовым доме культуры паўдзельнічаць у майстар-класе па вырабе традыцыйнай лялькі (падаржніцы, траўніцы, абярэгавай, на дабро і іншых), павучыцца працаваць на кроснах (пад кіраўніцтвам народнага майстра Ірыны Яскевіч), плесці лапці. Яшчэ наведвальнікам прапануюць згуляць у гарадкі, лапту. Можа быць і так, што мужчыны пойдуць у трэнажорную залу, а дзяўчаты — ткаць, потым аб’яднаюцца ў карчме, каб выпіць гарбаты з мёдам. А яшчэ можна сплавіцца па Арэсе на маторнай лодцы ці паспрабаваць стаць на сапборд.

Работнікі Кузьміцкага СДК запросяць гасцей на вясковы пікнік, пасля (альбо у час яго) народны майстар Беларусі Раіса Валькова правядзе майстар-клас па вырабе кветак з паперы для аздаблення вясельнага вянка. Яшчэ адна цікавая ініцыятыва — сабраць на лузе травы і зрабіць з яе аромалялькі.

У Таль можна ехаць «на лазу». Там правядуць майстар-клас па яе нарыхтоўцы, варцы і ашкурванні. Пасля можна будзе ўласнаручна вырабіць які-небудзь сувенір з кары. Дарэчы, аказваецца, лазу нельга нарыхтоўваць толькі некалькі тыдняў улетку, а ўвесь астатні час — можна.

Яшчэ адзін народны майстар Беларусі - Марына Вакульчык — загадвае Дарасінскім сельскім домам культуры. Яна можа раскрыць сакрэты аздаблення велікодных яек у тэхніках «шкрабанка» і «пісанка».

І гэта толькі верхавіна айсберга. Такіх маршрутаў мноства. І яны абсалютна розныя па напаўненні. Дарэчы, «турпаслуга» падарожнікам будзе каштаваць сімвалічна. Галоўная мэта арганізацыі такіх ваяжоў - не зарабіць грошы. Гэта ўсё робіцца дзеля таго, каб сельскія дамы культуры і далей заставаліся запатрабаванымі ў наведвальнікаў.