Страшны 1937-ы і 1941 год… Гісторыя 96-гадовай Клаўдзіі Маркаўны, якая была дзіцём «ворагаў народа», падрыўніком, а потым паважаным дэпутатам

0

Клаўдзіі Маркаўне Грыцэвіч у лютым споўнілася 96 гадоў. Узрост не адбіўся на памяці жанчы­ны. Яна памятае і страшны 1937 год, калі арыштавалі маці, і 1941, калі вечарам 22 чэрвеня вярталася з выпускнога вечара ў Слуцк, і як у гады акупацыі дапамагала партызанам.

Сваімі ўспамінамі Клаўдзія Маркаўна падзялілася з «Кур’ерам».

Реклама
«Была там, дзе цяжэй, за спіны не хавалася», Слуцк
Клаўдзія Маркаўна і зараз можа без запінкі назваць прозвішчы сваіх партызанскіх таварышаў.  Фота: Уладзімір Амяльчэня

Дзяцінства

«Нарадзілася я ў вёсцы Бранчыцы 19 лютага 1925 года, — кажа Клаўдзія Маркаўна. — Вёска наша была вялікая, налічвалася 240 гаспадарак. Мой бацька Кернажыцкі Марк Купрыянавіч быў намеснікам старшыні калгаса, маці працавала старшынёй Чапялёўскага сельсавета.

У школу пайшла ў шэсць гадоў, вучылася добра. Сябравала з дачкой дырэктара школы. Звалі яе Зіна. Тады мне здавалася, што жыццё складаецца з адных светлых фарбаў. Калі мне было 11 гадоў, дзяцінства скончылася.

Дзеці «ворагаў народа»

У 1936 годзе бацьку арыштавалі, за ім у 1937-м арыштавалі і маці. Перад арыштам маці закалола малога кабанчыка. Калі яе забіралі, яна сказала: «Вам, дзеткі, застаецца трошкі сала, кароўка, як-небудзь трымайцеся». І мы з малодшай сястрой засталіся ў хаце адны.

Ужо назаўтра ў школе мы выпрабавалі на сабе, што такое быць дзецьмі «ворагаў народа». Адразу ж знікла сяброўства з Зінаю, з намі ніхто не хацеў размаўляць, а калі ішлі дамоў, услед чулі: «Вунь дзеці ворагаў народа ідуць».

Калі мы вярнуліся са школы, дома не знайшлі кубліка з салам, нехта забраў кароўку з хлява, з шафы знікла ўся цёплая вопратка.

У тую зіму малодшая сястра адмарозіла пальцы рук. Мы прасіліся ў хаты пагрэцца, але перад намі закрывалі дзверы. Адныя толькі суседзі таемна ад людзей трошкі нам дапамагалі — пускалі да печкі, давалі хлеба.

Летам 1937 года ў Старобіне быў суд, маці вызвалілі з-за адсутнасці віны. Яна вярнулася дамоў. Калі ўвайшла ў хату, мы яе не пазналі, а малодшая сястра нават уцякла. Маці выглядала вельмі страшнай, моцна заікалася. Яна пайшла працаваць у саўгас. Неяк перабіваліся.

Бацьку асудзілі на 8 гадоў. Адбываў тэрмін ва Украіне. У маі 1940 года быў датэрмінова вызвалены з-за кратаў, але жыць дома забаранілі: Старобінскі раён быў памежным. Бацька ўладкаваўся на працу ў Гомелі.

Вайна

У Бранчыцах я скон­чыла 7 класаў і паехала да мацінай сястры ў Буда-Кашалёў, там скончыла тэхнікум. 22 чэрвеня 1941 года пасля выпускнога вечара цягніком паехала ў Слуцк. Там на чыгуначным вакзале пачула з дына­міка паведамленне Молатава, што пачалася вайна.

У Бранчыцах мы жылі на ўскрайку сяла. Міма нас днём і ноччу ішлі адступаючыя салдаты, афіцэры. Усе прасілі паесці. Маці пякла хлеб штодня, але да вечара яго ўжо не было.

Дні праз тры я пайшла ў Слуцк. Словамі не перадаць, што зрабілі з горадам бамбёжкі.

«Была там, дзе цяжэй, за спіны не хавалася», Слуцк
Фота з архіва Клаўдзіі Грыцэвіч

Жыццё пад акупацыяй

Не памятаю, як жыхар вёскі Патап Грынюк быў прызначаны першым старастам вёскі, але добра памятаю, як ён расказваў людзям пра будучае жыццё ў новай Еўропе.

Цікава, што вечарамі збіралася моладзь, ладзілі танцулькі. На гэтыя танцулькі заходзілі савецкія афіцэры і салдаты — у вёсцы засталіся 12 акружэнцаў. Неяк на танцах з’явіўся жыхар вёскі Навум Ламейка. Ён таксама быў савецкім афіцэрам. Навум стаў нашым першым камсамольскім сакратаром пад акупацыяй.

Мне далі першае заданне — падабраць надзейных сяброў і збіраць звесткі аб арганізацыі нямецкіх і паліцэйскіх гарнізонаў у Пагосце і Слуцку. Такім чалавекам у Пагосце стаў Іван Янчык, былы старшыня калгаса. З яго дапамогай у верасні 1942 года ў Пагосце партызаны разграмілі паліцэйскі гарнізон. Больш складаным было арганізаваць працу ў Слуцку. Да таго ж адной з мэтаў там было вызваленне ваеннапалонных.

Як бургамістр вызваліў ваеннапалонных

Адзін раз, у нядзелю, я наведвалася ў Слуцк, абыходзіла лагеры ваеннапалонных, але ніяк не атрымлівалася завесці ў Слуцку надзейных таварышаў, з якімі можна было б іх вызваліць.

Тады я вырашыла паспрабаваць задзейнічаць у гэтай справе бургамістра горада Ермалінскага. Калісьці яго сям’я жыла з намі па-суседску. Перад вайной Ермалінскі працаваў у Мінску, там яго арыштавалі, судзілі, кінулі ў Беластоцкую турму. Калі немцы акупавалі Слуцк, яго партрэты былі развешаны па ўсім горадзе.

Я знайшла адрас Ермалінскага і пайшла. Ён займаў яўрэйскі дом. Легенда майго прыходу была простая: адпачыць з дарогі, пабачыцца з былымі суседзямі, расказаць пра жыццё ў вёсцы.

Ермалінскі сустрэў мяне цёпла, пагаварылі, узгадалі жыццё да вайны. Настаў той час, калі я павінна была сказаць праўду пра свой візіт. І я стала гаварыць, што прыйшла па загадзе партызан, што яго задача — дапамагчы вызваліць 11 ваеннапалонных разам з камандзірам Савіцкім. Ермалінскі спужаўся, схапіў мяне і рукой закрыў рот, каб не пачула жонка.

У выніку гэты загад ён выканаў — ваеннапалонныя пайшлі ў партызаны. Але лёс Ермалінскага склаўся трагічна. З нямецкай управы ён звольніўся, працаваў дырэктарам Слуцкага вінзавода. Калі савецкія войскі падыходзілі да Слуцка, ён паехаў на Захад, але пад Баранавічамі трапіў у палон і быў расстраляны. Не ведаю, чаму ён не расказаў пра тую дапамогу мне. Думаю, што застаўся б у жывых.

У жніўні 1943 года партызанам стала вядома, што начальнік Старобінскай паліцыі Логвін Далматовіч шукае мяне. І мяне хутка вывезлі ў партызанскі атрад.

Я ўвайшла ў групу падрыўнікоў, стала адзінай жанчынай-падрыўніком у атрадзе. Не хавалася за спіны. Была там, дзе цяжэй. Не загінула, хаця шмат разоў знаходзіла прастрэлы ў адзенні. Больш за ўсё баялася трапіць у рукі ворага жывой».

Клаўдзію Маркаўну Грыцэвіч добра ведаюць у Старобіне і ў Салігорску. Пасля вайны яна прайшла доўгі і карысны лю­дзям працоўны шлях. На працягу 20 гадоў выбіралася дэпутатам. Узнагароджана шэрагам баявых і працоўных узнагарод, сярод якіх ордэн Леніна і ордэн Айчыннай вайны ІІ ступені.