«Людзей многа, я сярод іх адзін». Гісторыя хлопца, з якім жыхар Салігорска пазнаёміўся ў «начлежцы»

0

Цэнтры начнога знаходжання людзей, якія адкрываюцца ў буйных гарадах, — гэта нешта новае ў нашай сучаснай цывілізацыі. Але, як сведчыць час, жыццёва неабходнае.

Раней людзі без пэўнага месца жыхарства ў тым жа Салігорску начавалі ўзімку ў падвалах шматпавярховых дамоў, летам — дзе прыйдзецца. Карміліся жабрацтвам, не грэбавалі ўзяць тое, «што можна было ўзяць». Зараз яны маюць магчымасць прыйсці ў цэнтр начнога знаходжання, памыцца ў душы, папіць гарбаты з пячэннем, пераначаваць.

Реклама

Такой магчымасцю ў апошні час карыстаюцца каля 10 чалавек.

Менавіта там, у «начлежцы», я пазнаёміўся з хлопцам, які, як мне здалося, вельмі хоча стаць на ногі і зарабляць на жыццё сваёй працай, а не жабрацтвам ці крыміналам.

«Людзей многа, я сярод іх адзін», Слуцк
Мікалай. Фота: Уладзімір Амяльчэня
Я прапанаваў яму распавесці сваю гісторыю для чытачоў. Можа, і знойдзецца які-небудзь працадаўца, якому патрэбны на працу малады хлопец.

Мікалай, так яго завуць, распавёў пра свой шлях, які прывёў яго ў гэты цэнтр.

«Нарадзіўся на Любаншчыне ў 1988 годзе інвалідам,
які няздольны размаўляць. У тры гады апынуўся ў дзіцячым доме, бацькоў суд пазбавіў бацькоўскіх абавязкаў, маці за нешта судзілі, а хату суд пакінуў на карысць дзяцей. Але пра гэта я даведаўся значна пазней, ужо дарослым.

Мой шлях быў ад аднаго дзіцячага дома да іншага. У дзяцінстве мне зрабілі аперацыю, навучылі размаўляць. У Вілейскім спецыяльным дзіцячым доме я скончыў 10 класаў, адтуль адправіўся вучыцца ў ПТВ. Правучыўся год. Амаль у кожнага аднагрупніка мабільны тэлефон, мне таксама вельмі хацелася. Не стрымаўся, украў.

Потым быў суд, тры гады зняволення. У калоніі цяжка захварэў. Лячыўся вельмі доўга. Апошняй была вясковая бальніца, у якой пражыў два гады. За гэты час для сям'і галоўнага доктара стаў амаль родным сынам. Дзякуй, яны дапамагаюць мне і цяпер.

Настаў час, калі мяне прызналі выздаравеўшым. Гэта было зімой 2021 года. Раённы аддзел міліцыі прывёў мяне ў гэты цэнтр, паклапаціўся аб працаўладкаванні.

Але праца мая дае магчымасць атрымліваць мінімальны заробак. У гэтым цэнтры ўпершыню даведаўся, што такіх сірот, як я, павінны ставіць у чаргу на атрыманне сацыяльнага жылля. Але раней мне ніхто пра гэта не гаварыў. А яшчэ даведаўся, што бацькоўскую хату знеслі, цяпер там новая пабудова.

«Людзей многа, я сярод іх адзін», Слуцк
Мікалай вельмі хоча стаць на ногі і зарабляць на жыццё сваёй працай, а не крыміналам ці жабрацтвам. Пакуль што яго заробак не дазваляе нават арандаваць жыллё. Кантакты Мікалая ёсць у рэдакцыі. Фота: Уладзімір Амяльчэня
Я вельмі шкадую, што ў мяне няма такой прафесіі, каб атрымліваць добры заробак, які дазволіў бы арандаваць жыллё. З дапамогай добрых людзей сёння карыстаюся сваёй лыжкай, талеркай, кружкай. Маё адзенне таксама ад добрых людзей.

Я месяц адпрацаваў на месцы, куды мяне працаўладкавалі з дапамогай цэнтра, атрымаў заробак, раздаў добрым людзям тое, што пазычаў. Некаторыя маю пазыку проста мне падарылі. Каб дажыць да новай зарплаты, трэба зноў пазычаць. А пазычаць няма ў каго. Родных няма, знаёмых — таксама. Акрамя дзвюх сямей, якія міласэрна падтрымалі мяне першы месяц. Вакол мора людзей, і я сярод іх адзін. Хочацца выплыць і цвёрда стаць на ногі".