За актрысу прапаноўвалі калым або пагражалі скрасці. Інтэрв'ю з рэжысёрам Слуцкага народнага тэатра імя У. Галубка

0

Год 2021 для Слуцкага народнага тэатра імя У. Галубка двойчы юбілейны. 60 гадоў таму калектыву было прысвоена ганаровае званне «народны», а ў 1991-м па рашэнні Міністэрства культуры краіны Слуцкі народны тэатр стаў насіць імя Уладзіслава Галубка. Гэта была найвышэйшая адзнака і прызнанне Слуцкага народнага тэатра.

Напярэдадні Міжнароднага дня тэатра, які адзначаецца 27 сакавіка, «Кур'ер» запрасіў на размову Аляксандра Салаўя, рэжысёра тэатра ў 1983−1995 гадах. Менавіта пры яго кіраўніцтве слуцкія тэатралы пабачылі найбольшую колькасць спектакляў на слуцкіх падмостках, а сам тэатр атрымаў мноства адзнак і ўзнагарод.

За актрысу прапаноўвалі калым або пагражалі скрасці. Інтэрв'ю з рэжысёрам Слуцкага народнага тэатра імя У. Галубка
Аляксандр Салавей. Фота: Алесь Дастанка
— Цікава, як вы трапілі ў тэатральнае мастацтва?

Реклама

— Са школьных гадоў у мяне былі два любімыя заняткі: мастацкая самадзей­насць і спорт (лёгкая атлетыка і бокс). У школе ўдзельнічаў у вечарынах, канцэртах, тэатральных сцэнках, іграў на баяне і гітары. Калі служыў у Савецкай Арміі, а служыць мне давялося ў Мінску, у дні звальнення я не швэндаўся па вуліцах, а бег у Беларускі акадэмічны тэатр імя Я. Купалы, каб паглядзець спектакль купалаўцаў.

Незабыўнае ўражанне ў мяне, маладога хлопца, салдата, засталося, калі я трапіў на чытку п’есы «Вазьму твой боль», якую чытаў сам аўтар Іван Шамякін. Вось у той момант я сказаў сабе: «Салавей, тэатр — гэта твой мастацкі лёс!».

У 1979 годзе я паступіў у Мінскі інтытут культуры. У 1983-м вярнуўся на родную Случчыну і ў той жа год узначаліў народны тэатр.

Ужо ў 1984 годзе я паставіў свой першы спектакль. Менавіта п’есу паводле рамана Шамякіна — «Вазьму твой боль». З ім Слуцкі народны тэатр упершыню прымаў удзел ва Усесаюзным тэатральным фестывалі ў Прыбалтыцы і быў узнагароджаны граматай Міністэрства культуры БССР.

Аб яркім учора і шэрым сёння, Слуцк
Эпізод спектакля Слуцкага народнага тэатра «Вазьму твой боль». Гэта першая пастаноўка Аляксандра Салаўя як рэжысёра. Фота з архіва Аляксандра Салаўя
— Старт быў добры! Але і далейшы шлях тэатра быў не менш зорным?

— 12 гадоў я кіраваў Слуцкім тэатрам. Гэта былі незабыўныя гады. Мне пашанцавала працаваць з вельмі добрымі, шчырымі, таленавітымі, улюблёнымі ў тэатральнае мастацтва людзьмі. Слуцкі народны тэатр быў як адна творчая сям’я. Да позняй ночы мы маглі чытаць п’есы, рэпеціраваць ролі, складаць спектакль па дзеях і актах. А з якім натхненнем і творчым падыходам рыхтаваліся да ўдзелу ў тэатральных конкурсах і фэстах!

У тыя гады Слуцкі народны тэатр аб’ехаў дзясяткі гарадоў СССР і СНГ, пабываў у Расіі, Украіне, Прыбалтыцы, Крыму, Узбекістане. Але больш за ўсё артыстам падабалася выступаць у Беларусі.

Адзін з фэстаў запомніўся мне на ўсё жыццё. Ён праходзіў на Мядзельшчыне — радзіме Янкі Купалы. Мы павінны былі паказаць там урыўкі з п’есы «Паўлінка». Хваляваліся артысты, хваляваўся і я. А калі пачаўся спектакль і на прагляд слуцкай «Паўлінкі» завіталі Ніл Гілевіч, Максім Танк, Іван Шамякін, Міхась Лужанін, хваляванні білі цераз край…

Пасля выступлення да нас падышоў Максім Танк (ён быў ростам амаль пад два метры) ды кажа: «Многа Адольфаў я пабачыў, але такога даўгавязага Быкоўскага (іграў У. Івановіч) бачу ўпершыню», — і паціснуў нашаму Валодзю руку.

Аб яркім учора і шэрым сёння, Слуцк
Галоўныя героі. Спектакль «Паўлінка» Аляксандр Салавей (на фота ў першым радку злева) лічыць візітнай карткай Слуцкага народнага тэатра і сваёй асабіста. Фота з архіва Аляксандра Салаўя
— Якую з пастановак вы лічыце візітнай карткай Слуцкага народнага тэатра і асабіста вашай?

— Канешне, «Паўлін­ку». Гэта была мая чацвёртая рэжысёрская работа. Тэатральныя крытыкі, мацёрыя тэатралы і рэжысёры «фыркалі», куды вам, слуцакам, да класічнага шэдэўра? А чаму ж не? — думаў я. — Гэта ж Купала, наш родны пісьменнік і драматург, а п’еса «Паўлінка» — гэта пра нас з вамі, пра нашых дзядоў, бацькоў, пра іх каларытны гумар.

Працавалі над паста­ноўкай мы з ранку да ночы, забывалі і піць, і есці. Жаданне было адно — ажыцця­віць гэты твор на сцэне. І мы гэта зрабілі! Са слуцкай «Паўлінкай» тэатр пабываў у многіх гарадах СССР і атрымаў самыя высокія адзнакі.

Аб яркім учора і шэрым сёння, Слуцк
«На фестывалях мы рабілі такі ход: на пачатку спектакля „Паўлінка“ ладзілі гумарыстычна-ігравы кірмаш з гандлярамі, музыкамі, спевамі, конкурсамі і танцамі. Нават галоўная гераіня Паўлінка танчыла за людзьмі і нібыта запрашала на спектакль. Так мы стваралі атмасферу тых часоў і выклікалі цікаўнасць гледачоў». Фота з архіва Аляксандра Салаўя
Нашу Паўлінку нават украсці спрабавалі. Было гэта на гастролях ва Узбекістане. Мясцоваму кавалеру так спадабалася галоўная гераіня, што ён на поўным сур’ёзе прапаноўваў за яе ста­так бараноў і даваў ва­гон дынь, толькі каб яна засталася з ім. «А не то ук­ра­­ду», — заяўляў ён. Прыйшлося Антаніну Бялькевіч хаваць і ставіць ахову.

Іншыя спектаклі не менш важныя і знакавыя для мяне. У 1993 годзе мяне пазнаёмілі з драма­тургам Аляксеем Дударавым. Я захапіўся яго творчасцю і паставіў яго п’есы «Апошні журавель», «Парог» і «Вечар». Апошняя п’еса была прызнана адной з лепшых драматычных пастановак сярод самадзейных аматарскіх тэатраў СНГ.

— Як жа атрымалася, што вы пакінулі тэатр?

— Шчыра прызнаюся, душа і сёння не на месцы, сэрца шчэ­міць, калі ўспамі­наю тыя гады творчага жыцця. Але захацелася паспрабаваць сябе ў іншым амплуа. Па запра­шэнні адміністрацыі Слуцкага цукровага камбіната з 1996 года стаў працаваць дырэктарам Палаца моладзі. Але і на новым месцы не застаўся без тэатральнага жанра і арганізаваў тэатр «Раніца пеўня», з якім паставіў два спектаклі — «Жаніхі» і «Чый гэта лапаць».

Зараз працую на цукровым камбінаце. У добрым мужчынскім калектыве варым цукар.

За актрысу прапаноўвалі калым або пагражалі скрасці. Інтэрв'ю з рэжысёрам Слуцкага народнага тэатра імя У. Галубка

— На ваш погляд, чаму сёння Слуцкі народны тэатр так мала ставіць пастановак?

— Як казаў вялікі Станіслаўскі, «трэба любіць мастацтва ў сабе, а не сябе ў мастацтве». Сённяшнім рэжысёрам не хапае, мабыць, любві да той справы, за якую бяруцца, адказнасці перад артыстамі і гледачамі. Па-другое, не хапае мэтанакіраванасці. Калі ўзяў драматычны матэрыял, зацвердзіў з калектывам трупы, бярыся за спектакль. Зрабіў адзін — бярыся за другі. Не стой на месцы! Вось тады будзе і адрэналін, і кветкі ад гледачоў, і слёзы радасці за зробленую справу. Сёння атрымліваецца наадварот: адна-дзве пастаноўкі ў тры гады — і цішыня. Хаця ў нашым горадзе ёсць таленавітыя рэжысёры, я іх ведаю і паважаю. Гэта Аляксандр Туміловіч, Алег Пінчук.

І галоўнае, кіраўніку тэатра трэба мець павагу да тых людзей, якія ў дождж і ў сцюжу, у выхадныя дні прыходзяць, каб займацца тэатральным мастацтвам.

Віншую ўсіх тэатралаў — артыстаў і гледачоў — з Днём тэатра! Жадаю ўсім нам новых спектакляў!