Як працуе беларуская гімназія ў Літве. Асабісты вопыт педагога са Слуцка

0

У рамках абмену вопытам некалькі гадоў таму я пабывала ў Літве з групай беларускіх педагогаў. Мы наведалі беларускую гімназію імя Францыска Скарыны і рускую школу «Сантарос», што ў Вільні. Сістэмы навучання значна адрозніваюцца ад беларускіх.

Хачу расказаць, што ўразіла. Беларуская гімназія імя Ф. Скарыны нядаўна адзначыла 100-годдзе са дня заснавання. Гэта адзіная ў свеце гімназія, дзе можна атрымаць поўную сярэднюю адукацыю на беларускай мове за межамі Беларусі.

Як працуе беларуская гімназія ў Літве, Слуцк
Беларуская гімназія імя Францыска Скарыны ў Вільні — адзіная ў свеце ўстанова, дзе можна атрымаць поўную сярэднюю адукацыю на беларускай мове за межамі Беларусі. Фота: Святлана Праўдзінская

Скончыў 10 класаў — вызначайся з прафесіяй

Усе прадметы ў гімназіі выкладаюць на бела­рускай мове, хоць вучацца тут не толькі беларусы. Педагогі таксама розных нацыянальнасцяў, але выдатна валодаюць беларускай мовай. Сярод настаўнікаў пераважная большасць — жанчыны, многім за шэсцьдзясят.

Реклама

Літоўскую мову ўсе навучэнцы вывучаюць як асобны прадмет. Праграма навучання пасля пачатковай школы разлічана на шэсць гадоў.

Базавая адукацыя ў Літве — 10 класаў. Па заканчэнні дзеці здаюць тры экзамены: матэматыку, літоўскую і беларускую мовы. У 10-м класе дзяцей знаёмяць з праграмай 11-х і 12-х класаў. Гімназісты павінны вызначыцца з будучай прафесіяй і выбраць, якія прадметы яны будуць вывучаць паглыблена. Ёсць 9 асноўных прадметаў, якія вывучаюць усе. Матэматыка і мовы — абавязковыя. А вось хімію, фізіку, біялогію два апошнія гады гімназісты могуць не вывучаць. Можна выбраць адну з гэтых навук або інтэграваны курс. Паглыбленыя веды атрымліваюць толькі тыя, хто плануе паступаць у ВНУ.

Пасля 12-га класа гімназісты здаюць дзяржаўныя экзамены, але не ў самой гімназіі, а цэнтралізавана. Каб потым паступаць у вну на бюджэт, трэба здаць літоўскую мову, матэматыку і замежную мову. Усяго можна здаваць да 7 прадметаў.

Экзаменуюць выпускнікоў на літоўскай мове ва ўсіх адукацыйных установах. Тых, хто набраў 100 балаў, запрашаюць у мэрыю і віншуюць.

Акрамя адукацыі ў гімназіі вялікую ўвагу надаюць культурнаму развіццю вучняў. Нам паказалі музей, экспанаты якога збіралі ўсе разам: рарытэтныя кнігі, скрыні, швейныя машынкі, калаўроты, тканыя дываны і сувеніры. Вучні і іх бацькі находзілі і прывозілі іх з Беларусі, шукалі ў Літве.

Як працуе беларуская гімназія ў Літве, Слуцк
Фота: Святлана Праўдзінская
Падзівілі святы, якія адзначаюць настаўнікі і гімназісты. Пра існаванне некаторых мы нават і не ведалі. Напрыклад, «Стодзёнка» — сто дзён да пачатку экзаменаў. Яшчэ гімназісты святкуюць «Дзень абаронцаў незалежнасці», «Дзень незалежнасці Літвы», «Дзень здароўя».

Руская школа «Сантарос»

У гэты ж дзень мы пабывалі і ў рускай школе «Сантарос». Сустрэлі нас дзве старшакласніцы і настаўніца рускай мовы Таццяна Брускіна, дарэчы, яна сваячка знакамітай мінскай падпольшчыцы Марыі Брускінай.

Нягледзячы на тое, што школа руская, літоўскую мову тут вывучаюць дасканала, таму што ўсе выпускныя экзамены, неабходныя для атрымання атэстата і паступлення ў ВНУ, здаюць на літоўскай.

Настаўнікі расказалі, што пастаянна вывучаюць свае прадметы, павышаюць кваліфікацыю. Два разы на год навучаюцца ўсім калектывам. Формы розныя: майстар-класы, метадычныя канферэнцыі, метадычныя дні, кансультацыі экспертаў і метадыстаў, агульныя семінары, прафесійнае супрацоўніцтва. Праводзяцца канферэнцыі па даследчай дзейнасці і навучэнцаў, і педагогаў.

Як школа рэалізуе праекты ЕЗ

Ва ўстанове вяршэнствуе прынцып «Мазаічнай школы». Дзяцей арыентуюць на веды, якія ім спатрэбяцца ў жыцці. Дэвіз школы: «Поспех кожнага».

У штаце школы працуе спецыяліст па кар’еры, які займаецца прафарыентацыяй моладзі. У школе рэалізуецца вельмі цікавы праект «Мадэль кар’еры і яе развіццё ў агульнаадукацыйнай школе». Ён вучыць, як знайсці сябе, сваю справу і зрабіць яе паспяховай. Праект фінансуецца Еўразвязам.

Ёсць у школе і іншыя праекты, на рэалізацыю якіх Еўразвяз выдзеліў 21 тысячу еўра. Напрыклад, у межах праекта «Моладзь за дэмакратыю — слухайце нас» педагогі з дзецьмі пабывалі ў лагерах Літвы, Чэхіі і Харватыі.

Удзельнікі праекта «Я — падлетак, як і ты, знаходзімся ў сацыяльных сетках» даследавалі ўплыў сацсетак на розныя сферы жыцця, усталёўвалі міжкультурныя сувязі.

Праект «Вучымся жыць і працаваць разам» дапамог усталяваць сувязі ў сферы культурных зносін з краінамі-суседзямі, у першую чаргу з Беларуссю і Польшчай. Праекты дапамагаюць дзецям развіваць жыццёвыя кампетэнцыі: па эканамічных, сацыяльных, прававых напрамках. Яны самі робяць фотавыставы, збіраюць розныя групы, усталёўваюць сувязі — адным словам, вучацца быць самастойнымі і паспяховымі.