«Любую справу ў жыцці трэба рабіць добра». Іван Матыліцкі аб працы і асабістым жыцці

0

Іван Матыліцкі, начальнік Слуцкага аддзела інспекцыі Дэпартамента кантролю і нагляду за будаўніцтвам па Мінскай вобласці, упэўнены, што любую справу ў жыцці трэба рабіць добра. Гэтым ён і кіруецца ў сваёй прафесійнай дзейнасці. Пiша «Cлуцкi край».

Іван Матыліцкі працуе ў аддзеле з 2004 года, а начальнікам аддзела — з 2007-га.

Реклама

— Сваю прафесійную дзейнасць пачынаў у СПМК-121. Потым па накіраванні ад ПМК-98 паступіў у Брэсцкі політэхнічны інстытут на спецыяльнасць інжынер-будаўнік прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва. Таксама працаваў у калгасе імя Куйбышава, ПМК-225, — расказвае Іван Іванавіч. — А будаваць любіў з маленства. Спачатку — у двары (у вёсцы Боркі), а потым за агародамі майстраваў шалашы і іншае. У мяне добра атрымлівалася. Таму пасля заканчэння гімназіі № 1 у Слуцку з выбарам прафесіі не вагаўся.

«Любую справу ў жыцці трэба рабіць добра». Іван Матыліцкі аб працы і асабістым жыцці, Слуцк
Фота: «Слуцкi край»
Пад кантролем інспекцыі - будаўнічыя пляцоўкі шасці раёнаў Міншчыны: Старадарожскага, Клецкага, Капыльскага, Любанскага, Салігорскага, Слуцкага. На падкантрольнай тэрыторыі ёсць важны для Рэспублікі Беларусь прамысловы аб’ект, які таксама ў полі зроку інспекцыі - ААТ «Беларуськалій». Галоўнае ў дзейнасці інспекцыі Дзяржбуднагляду — працаваць на апярэджанне магчымых парушэнняў, бо вельмі дорага абыходзіцца іх выпраўленне, што, бясспрэчна, уплывае на тэрмін здачы аб’екта, якасць.

— У аддзеле сем спецыялістаў, за кожным замацаваны раён. Мы ажыццяўляем кантроль і нагляд за ўдзельнікамі будаўніцтва наконт выканання ўсіх патрабаванняў тэхнічных нарматыўна-прававых актаў, праектаў, заканадаўства ў галіне будаўніцтва. Вельмі важна, каб аб’ект адпавядаў праектнай дакументацыі, патрабаванням бяспекі, эксплуатацыйнай надзейнасці, — адзначае Іван Іванавіч Матыліцкі. — Ажыццяўляем нагляд за тэхналогіяй, тэхнікай бяспекі і пажарнай бяспекай, арганізацыяй будаўніцтва, выкананнем культуры на аб’ектах. Мы робім усё магчымае, каб прадухіліць брак пры правядзенні будаўнічых работ. На жаль, ёсць такія выпадкі. У першую чаргу гэта залежыць ад людзей, іх прафесіяналізму, адносін да працы.

Іван расказаў, што многа будуе «Беларуськалій», а наконт жылля, то за апошнія гады ўводзяць у эксплуатацыю больш у Слуцкім раёне. Сярод упраўленняў капітальнага будаўніцтва раёнаў, з якімі даводзіцца працаваць, начальнік аддзела інспекцыі вылучыў упраўленні капітальнага будаўніцтва па Слуцкім раёне і «Беларуськалія», якія добрасумленна выконваюць сваю работу.

— Работа мне падабаецца. Максімальна, што я магу зрабіць, навучыць людзей папярэдзіць брак у будаўніцтве, каб аб’екты ўзводзілі без парушэнняў, — адзначае суразмоўца.

Іван Матыліцкі пабудаваў дом, пасадзіў дрэва, разам з жонкай выхавалі сына і дачку. А што тычыцца дрэў, то ўжо высадзіў каля 300 штук. Захапляецца Іван і садаводствам, летам можа і з вудачкай рыбу павудзіць. Але ж найбольш захапляецца ён пчалярствам, любоў да гэтай справы ад дзядулі.

— У мяне невялікая пасека, пяць вулляў, раней было каля 20. Калі займаюся пчалярствам, адпачываю. Потым і адчуваеш сябе па-іншаму, — дзеліцца Іван.

Іван Матыліцкі сціплы, разважлівы чалавек, дасведчаны спецыяліст. За дасягненні ў прафесійнай дзейнасці ўзнагароджаны шматлікімі ўзнагародамі. Вось і сёлета атрымаў падзяку старшыні Слуцкага раённага выканаўчага камітэта.