«Я выбрала новую справу і не шкадую». Случчанка Таццяна Жук аб тым, як кардынальна змяніла сваё жыццё

«Я выбрала новую справу, і не шка
Фото: Слуцкi край»

Раней Таццяна Анатольеўна Жук нават уявіць не магла, што так кардынальна зменіць сваё жыццё, дакладней, сферу дзейнасці: з прадаўца перакваліфікуецца ў работніка жывёлагадоўчай галіны. І гэта пасля 27 гадоў работы ў гандлі. Згадзіцеся, рашучы ўчынак…

— Шчыра кажучы, калі прапанавалі пастаянную работу на ферме, я сумнявалася, пагаджацца ці не, баялася, што не спраўлюся, — расказвае Таццяна Анатольеўна Жук, начальнік вытворчага ўчастка малочнатаварны комплекс № 10 ААТ «Казловічы-Агра». — Да гэтага шмат гадоў адпрацавала прадаўцом у магазіне базы аблспажыўсаюза ў вёсцы Мерашыно, зусім іншая сфера. Прыцягвала тое, што новая работа — менавіта ў вёсцы Паўстынь, дзе я пражываю, канечне, вышэйшая заработная плата. З жывёлагадоўляй, як гаворыцца, знаёма з дзяцінства, мая мама ў свой час працавала даяркай у калгасе, я часта дапамагала ёй на ферме. Так што я падумала-падумала і адважылася паспрабаваць сябе ў новай справе. Ведаеце, ніколькі не шкадую.

Реклама

На МТК у Паўстыні Таццяна Анатольеўна працуе ўжо пяць гадоў. Пасля адпаведнага навучання два гады была на комплексе асемянатарам, потым ёй даручылі кіраўніцтва МТК, і не памыліліся. Мяркуйце самі, па выніках мінулага года ў сярэднім ад кожнай каровы тут атрымалі звыш 9 000 кілаграмаў малака, з прыбаўкай да паказчыка папярэдняга года. У цяперашні час сярэднясутачны ўдой на карову складае больш за 25 кілаграмаў, каля 80% малака экстра-класа. Па выніках 2020 года Таццяна Анатольеўна з’яўляецца пераможцай працоўнага спаборніцтва ў раёне сярод загадчыкаў ферм.

На комплексе, якім кіруе гэта спраўная жанчына, каля 1,5 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку каля 800 галоў - дойны статак. Кароўкі дагледжаныя, чысценькія, укормленыя, як «дамашнія», клапатліва, дасведчана працуюць тут і з маладняком. Высокі вынік забяспечваецца збалансаваным рацыёнам кармлення жывёлы, своечасовым выяўленнем захворванняў рагуль, належным іх доглядам. Аўтаматыка, новыя тэхналогіі ў дапамогу (на МТК абсталявана сучасная даільная зала, механізаванае гноевыдаленне, раздача кармоў), а галоўныя ўмовы поспеху — сістэмнасць работы, стараннасць, адказнасць людзей, лічыць Таццяна Анатольеўна.

— «Казловічы-Агра» — моцная гаспадарка, з добрай кармавой базай, — дзеліцца Таццяна Анатольеўна. — Шмат увагі гэтаму пытанню надае дырэктар нашай гаспадаркі Сяргей Уладзіміравіч Пенязь, вопытны кіраўнік. У нас удосталь назапашана сянажна-сіласных кармоў, забяспечаны фуражом і камбікармамі для жывёлы рознай лактацыі, дойнага, сухастойнага статка. Гэта важная ўмова вялікага малака.

Аб здольнасцях маёй субяседніцы, яе мэтанакіраванасці, працавітасці сведчыць той факт, што яна за досыць кароткі час авалодала асновамі і нюансамі жывёлагадоўчай справы. Расказвае, што вялікую дапамогу аказалі намеснік дырэктара ААТ «Казловічы-Агра» па вытворчасці Зоя Пятроўна Клыга, галоўны ветурач гаспадаркі Павел Сяргеевіч Макаранка, многае даведалася пра догляд жывёлы падчас работы асемянатарам.

«Я выбрала новую справу, і не шкадую». Случчанка Таццяна Жук аб тым, як кардынальна змяніла сваё жыццё, Слуцк
Фота: «Слуцкi край»
Цяпер пад началам Таццяны Анатольеўны працуюць 25 чалавек, у тым ліку 5 аператараў машыннага даення, 2 ветфельчары, 2 лабаранты, асемянатар, жывёлаводы. Мая субяседніца падкрэслівае, што калектыў спрактыкаваны, большасць работнікаў сярэдняга ўзросту, старанныя, руплівыя, працуюць разам не першы год. На МТК належныя ўмовы працы: душавыя, раздзявалкі, пакой для адпачынку. Што немалаважна, людзі добра зарабляюць.

На пытанне пра стыль кіраўніцтва Таццяна Анатольеўна адказвае, што яна прыхільніца даверу, узаемаразумення з калегамі, а таксама працоўнай дысцыпліны. У пачатку яе работы на пасадзе начальніка МТК давялося звольніць двух работнікаў, аматараў зазірнуць у чарку. Не аднойчы вяла гутаркі з імі, пераконвала развітацца з зялёным змеем, аднак яны не захацелі яе пачуць. Давялося прыняць меры.

— Нават і не думала, што работа можа прыносіць столькі радасці, — усміхаецца Таццяна Анатольеўна. — Хоць і забірае шмат часу і сіл, неспакойная, няпростая справа, штодня яна радуе душу. У планах далейшае развіццё комплексу, павышэнне ўдояў, якасці, вытворчасці малака.

Мая субяседніца ўражвае сваёй далікатнасцю, жаночай абаяльнасцю, сціпласцю. Свецяцца шчасцем яе вочы, калі расказвае пра сваю сям’ю. Разам з мужам вырасцілі трох годных дзяцей: старэйшы сын Аляксандр атрымаў дзве сярэднія спецыяльныя і вышэйшую адукацыю, рознабаковая асоба, працуе ў адной з арганізацый у Слуцку на пасадзе інжынера. Сын Юра і дачка Ксенія працуюць і атрымліваюць вышэйшую адукацыю.

— Пра што марыце? — пытаюся ў Таццяны Анатольеўны.

— Каб хутчэй з’явіліся ўнукі, — шчырая ўсмешка азарае твар жанчыны. — Каб наш калектыў трымаў высокую планку. Яшчэ каб кавід адступіў, каб мір і спакой заўсёды былі на роднай зямлі…