Вандроўкі па малых вёсках Случчыны. Як я прыехала на ровары ў Загор’е

0

Загор’е — невялікая вёска на тэрыторыі Бокшыцкага сельсавета. Мая веласіпедная вандроўка туды адбылася ў мінулым годзе — яшчэ да халадоў і маразоў. Вёска раскінулася сярод палёў. Хаты, якія стаяць уздоўж адзінай вуліцы, відаць здалёк як на далоні.

Мае вандроўкі па малых вёсках: Загор’е, Слуцк
Уся вёска Загор’е — гэта адзіная вуліца, уздоўж якой стаіць 21 хата. Фота: Святлана Праўдзінская
Вялікая ўдача — сустрэць у такое надвор’е на вуліцы кагосьці з вяскоўцаў. Мне пашчасціла. Мясцовыя жыхары Уладзімір і Алена Топачы сталі маімі экскурсаводамі па Загор'і.
Мае вандроўкі па малых вёсках: Загор’е, Слуцк
Алена і Уладзімір Топачы жывуць у хаце, якую пабудаваў пасля вайны бацька гаспадара. Ён не пажадаў вяртацца ва Украіну і застаўся на Случчыне. Так у нашым краі з’явілася прозвішча Топач. Фота: Святлана Праўдзінская
Алена расказала, што людзі перасяліліся ў гэтыя мясціны з вёскі Бокшыцы больш за 100 гадоў таму. Доўга выбіралі назву для вёскі. Было два варыянты: Загор’е і Падгор’е. Перамагла першая назва.

Вельмі дзіўна, як на раўніне людзі заўважылі невялікі ўзгорак! Менавіта такая асабліваць рэльефу стала падставай для тапоніма.

Реклама

Топачы сказалі, што ў вёсцы 21 хата і 18 пастаянных жыхароў.

Некалькі чалавек працаздольнага ўзросту працуюць у гаспадарцы. Для гэтага ім трэба ездзіць у бліжэйшыя вёскі. Хтосьці займаецца бізнесам. Школьнікаў няма.

Мае вандроўкі па малых вёсках: Загор’е, Слуцк
На ўездзе ў Загор’е ўсталяваны паклонны крыж — абярэг вёскі. Фота: Святлана Праўдзінская
Знаўцам мясцовай гісторыі была Ева Васільеўна Заяц. Але яна ўжо пайшла з гэтага жыцця. Самыя старажытныя жыхары вёскі — 1934−1937 гадоў нараджэння. Сярод іх і маці Алены Топач, якая нарадзілася ў 1937 годзе ў вёсцы Кухты і выйшла замуж за хлопца з Загор’я.

Дом, у якім жыве сям’я Топач, пабудаваў бацька Уладзіміра. Ён родам з Украіны — з вёскі ў Днепрапятроўскай вобласці.

Уладзімір распавёў вельмі цікавую сямейную гісторыю. Яго бацька Мікалай у час Вялікай Айчыннай вайны ваяваў на фронце. Дзед Уладзіміра — бацька Мікалая — быў мабілізаваны ў армію яшчэ перад вайной. І вось напрыканцы вайны здарылася так, што сын-франтавік арыштаваў бацьку-франтавіка пры нейкіх туманных абставінах. Сын з бацькам не бачыліся больш за 8 гадоў, таму і не пазналі адзін аднаго. І толькі калі афіцэр праверыў дакументы, стала зразумела, што арыштант і яго канваір — родныя людзі. Бацька з сынам прызналі адзін аднаго. На шчасце, абодва вярнуліся з вайны.

Але сын Мікалай застаўся на Случчыне, пусціў тут карані.

Так у Загор'і і ў Слуцку з’явіліся людзі з украінскім прозвішчам Топач.

Знакамітым чалавекам, які праславіў сваю малую радзіму, стаў мастак і паэт Аляксандр Юр’евіч Каранюхін (28.01.1961−06.05.1992). Ён нарадзіўся ў Загор'і. За сваё нядоўгае жыццё ён паспеў многае. Атрымаць адукацыю мастака ў Мінску і Львове, папрацаваць у Мінску настаўнікам малявання і мастаком-афарміцелем, стаць аўтарам шматлікіх работ, зробленых у розных тэхніках, мастацкі аформіць кнігі паэта А. Чарэўчанкі «Мерзлата», казку Андэрсана «Русалачка», кнігу па рыбалоўстве. У 1999 годзе ў Слуцкай дзіцячай мастацкай школе адбылася персанальная выстава работ Каранюхіна.

Другім захапленнем мастака з Загор’я была паэзія. Яго вершы ўвайшлі ў зборнік маладых паэтаў і празаікаў «Выстралы ў начы».

Алена і Уладзімір расказалі, што бацькоўская хата Каранюхіна згарэла. Ніхто са сваякоў знакамітасці тут не жыве. Але мясцовыя жыхары памятаюць пра земляка і ганарацца ім.

Вось такое яно — Загор’е — са сваёй гісторыяй, знакамітымі ўраджэнцамі і цікавымі жыхарамі.

Раней: