Прачытаў у вашай газеце артыкул пра настаўніка беларускай мовы. І нібыта ў юнацтве пабываў. Я таксама вучыўся ў беларускамоўнай школе. У тыя гады і не было іншых на сяле. Адкрываць рускамоўныя школы ў вёсках было бессэнсоўна — дзеці не разумелі б настаўнікаў. Але не аб тым. Хачу расказаць сваю гісторыю, як беларуская мова дапамагла стаць студэнтам.

Мне ішоў 17-ты год, калі скончыў 7 класаў. Тады, у 1952 годзе, сямігодкі было дастаткова, каб ісці за далейшай адукацыяй.

Реклама

Што далей? Тайна марыў свой лёс будаваць на літаратурнай ніве, бо ў школьныя гады часта друкаваўся ў газеце «Піянер Беларусі». Але для гэтага трэба скончыць 10 класаў, а пасля — інстытут. Далейшае навучанне ў школе каштавала грошай — трэба было ездзіць у гарадскую школу ці жыць у горадзе. А ў сям'і 8 дзяцей, бацька з вайны прыйшой цяжка паранены, у калгасе ніякіх заробкаў. Таму шлях мне быў адкрыты толькі ў калгас.

Але я прыняў рашэнне паступаць у Бабруйскі аўтадарожны тэхнікум. Дакументы паслаў поштай, на экзамены ў горад паехаў першы раз самастойна. Грошай на білет не было, таму ехаў на даху вагона цягніка Слуцк — Асіповічы. Там дачакаўся цягніка Мінск — Харкаў і да Бабруйска ехаў таксама «зайцам».

Прыйшоў да тэхнікума. Ён тады месціўся ў будынку на вуглу вуліц Карла Маркса і Савецкай. Мне паказалі будынак інтэрната, дзе можна знайсці прытулак на час экзаменаў.

Першы экзамен па Канстытуцыі здаў на «4». Другі экзамен — дыктоўка па рускай мове. Напісаў і здаў, вынік застаўся мне невядомы. Апошнім быў экзамен па матэматыцы: адразу пісьмова, пасля вусны. Зразумела, што таксама на рускай мове.

І вось настаў дзень апошняга экзамена. Калі прыйшоў, перад дзвярыма была вялікая чарга. Юнакі і дзяўчаты амаль усе гарадскія, апрануты чыста і па-гарадскому, размаўляюць па-руску.

Вось і я зайшоў у клас, агледзеўся. За сталом сядзіць мужчына, на стале раскладзены білеты, адзін з якіх будзе мой. Мужчына па-руску запрасіў падысці і выцягнуць білет. Я моўчкі выканаў яго патрабаванне. Сеў за апошні стол.

Пытанні былі на рускай мове, але мне зразумелыя. Рашэнне дзвюх задач запісаў на паперу, штосьці запісаў яшчэ і стаў слухаць, як адказваюць іншыя экзаменуемыя. Амаль усе на пытанні з білета адказвалі правільна. Пасля экзаменатар з лагоднай інтанацыяй у голасе гаварыў: «Давайте побеседуем». І задаваў пытанне. Адказ быў правільны, але экзаменатар павышаў голас і гаварыў: «А вы уверены в правильности ответа?». Адказчык збіваўся, не мог цвёрда сказаць, правільны ці не. Экзаменатар гаварыў: «Три! Следующий».

Слухаючы такое, сам сабе загадаў: «Са мной такога не будзе». І вось мая чарга. Я сеў перад экзаменатарам. Перш чым адказваць, папярэдзіў, што гавару па-беларуску, бо вучыўся ў беларускай школе. «Говорите, я пойму», — быў адказ.

Я адказаў на ўсе пытанні ў білеце, паказаў на паперы рашэнне задач. І наступіў той момант, калі я пачуў: «Давайте побеседуем». Адразу адчуў, як з-пад правай рукі ўніз па рабрынах пакацілася вялікая кропля поту.

«Решите устно. Сколько будет три процента от числа три?» — «А што азначае слова „процента“?» — спытаў я з націскам на літару «о». Экзаменатар падпрыгнуў, замахаў рукамі і здзіўлена стаў гаварыць: «Вы приехали поступать в техникум и не знаете, что означает ваш «процента»?. Гэта слова ён прамовіў таксама з націскам на «о», каб падражніць мяне.

У гэты момант у клас зайшоў высокі хударлявы мужчына, прысеў на край стала і нешта пачаў расказваць майму экзаменатару. Калі скончыў гаварыць, экзаменатар спытаў у яго, як будзе па-беларуску слова «процент». Не задумваючыся, хударлявы мужчына адказаў: «А хрен его знает». Падняўся і пайшоў з класа.

Я ўжо сам зразумеў, што такое «процент», і сказаў экзаменатару: «Калі вы хацелі спытаць, колькі будзе тры адсоткі ад ліку тры, я адказваю — будзе нуль цэлых і дзевяць дзясятых адсоткаў».

Экзаменатар яшчэ нешта пытаў, я адказваў. Калі пытанні скончыліся, ён сказаў мне: «Не беда, выше тройки ни у кого нет. У тебя по письменной работе „5“, общую оценку ставлю „отлично“».

Радасны я вярнуўся дамоў і стаў чакаць паведамленне аб залічэнні ў студэнты. Вось ужо канец жніўня, а з тэхнікума ніякіх навін.

Так нічога не атрымаўшы, я зноў паехаў у Бабруйск. У той год 1 верасня выпала на нядзелю. Заняткаў не было, але шмат студэнтаў на дошцы аб’яў знаходзілі сваё прозвішча. Я свайго прозвішча не знайшоў.

У панядзелак знайшоў кабінет дырэктара, каб яму растлумачыць, што мяне абавязкова трэба залічыць у лік студэнтаў, бо вяртацца дамоў ніяк не магу, там галодных шмат без мяне. Адчыніў дзверы і здзівіўся: за сталом сядзеў мой экзаменатар. У кабінет прыйшла сакратарка, прынесла маю справу, у якой ляжаў аркуш з маім дыктантам па рускай мове. Уся мая дыктоўка была адзначана чырвонымі чарніламі, у нізе адзнакі не было.

Дырэктар паглядзеў і сказаў: «Мы с одной тройкой не могли принять, а у тебя…». Ён не дагаварыў, і я моўчкі выйшаў.

Ужо на вуліцы я ўнутрана абурыўся: «Як так? Аўтадарожны майстра павінен ведаць матэматыку, а не рускую мову!». І я вырашыў не адступаць. Штодня заходзіў да дырэктара ў кабінет і прасіў: «Таварыш дырэктар, трэба рашыць справу са мной». Ён праганяў мяне, я праз гадзіны дзве заходзіў зноў. Так прайшло пяць дзён. Увечары з пятніцы на суботу мяне не пусцілі ў інтэрнат, і начаваў я ў кабіне грузавіка, што стаяў на тэрыторыі тэхнікума. На світанку прыйшоў шафёр і выгнаў мяне.

Я сядзеў на лаўцы каля тэхнікума і драмаў, калі ў двор з будынка выйшаў дырэктар пакурыць. Я падхапіўся, зрабіў некалькі крокаў у яго бок і адчуў, як нейкі камяк так сціснуў горла і грудзі, што немагчыма стала дыхаць. Я неяк махнуў рукой, павярнуўся і сеў на лавачку. Дырэктар паглядзеў на мяне і паклікаў да сабе. Я падышоў. «Чего здесь сидишь?» — спытаў ён. Я спрабаваў гаварыць, але не мог. Патроху гэты спазм прайшоў, і я здолеў адказаць: «Чакаю, калі прымеце вучыцца». Ён пачаў распытваць, у якой школе я вучыўся, пра сям’ю. Пасля ўсміхнуўся і сказаў: «Я тебя помню. Теперь знаю, как по-белорусски звучит „процент“. Иди в пятый класс и занимайся».

Так я стаў студэнтам.

РАНЕЙ. «У дзяцінстве я не ведаў, што людзі могуць размаўляць не па-беларуску». Успаміны пра настаўніка роднай мовы