«У дзяцінстве я не ведаў, што людзі могуць размаўляць не па-беларуску». Успаміны пра настаўніка роднай мовы

0
Настаўнік роднай мовы, Слуцк
Настаўнік роднай мовы Даніла Мікалаевіч Жук у нашу апошнюю сустрэчу ў 2014 годзе. Фота: Уладзімір Амяльчэня

Чым больш старэю, тым часцей вяртаюся ў думках да сваіх каранёў. Успамінаецца дзяцінства і навакольны свет тых часоў, першыя ўражанні і адкрыцці. Адным з такіх адкрыццяў для мяне стала разуменне, што людзі могуць размаўляць не па-беларуску.

Нарадзіўся я ў сялянскай сям'і. Бацька ў калгасе быў нейкім кіраўніком. Помніцца, у нашай хаце часта збіраліся калгасныя сходы, выступалі калгаснікі. Неяк на сход прыехала раённае кіраўніцтва, і я ўпершыню пачуў размову на іншай мове. Тады я даведаўся, што ёсць людзі, якія размаўляюць інакш, чым я, мае родныя і аднавяскоўцы.

Реклама

У час нямецкай акупацыі рускія бежан­цы жылі ў нашай вёсцы, часта заходзілі ў хату прасіць дапамогі. Адна бабуля пасябра­вала з маёй маці, таму руская мова часта гучала ў хаце, а мы, малыя, пераймалі гэтую мову. Вядома, ніхто тады не ведаў, што яна на доўгі час стане ў нашым жыцці амаль адзінай мовай. Але добра, што не стала канчаткова, бо родная мова дадзена ад маці і бацькі.

А яе прыгажосць і моц дапамог мне ўсвядоміць Даніла Мікалаевіч Жук, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Языльскай сямігодкі.

Дэмакратычны настаўнік

Пры першым знаёмстве Даніла Мікалаевіч мне спадабаўся. Да яго смела звярталіся з пытаннямі ўсе вучні. Як сёння кажуць, ён быў дэмакратычны чалавек. Аднойчы на ўроку разбіралі верш Петруся Глебкі. Верш неяк не крануў, а вывучыць на памяць трэба. Таму дамовіліся, што ніхто не вывучыць.

І вось пачаўся ўрок. Вучні па чарзе пады­маюцца, адказваюць: «Не вывучыў». Даніла Мікалаевіч у адказ: «Сядай, два!». Дайшла чарга да мяне. Я ўскочыў, моцна сказаў: «Вывучыў». «Сядай, пяць, — сказаў настаўнік. — Усе застануцца пасля ўрокаў, вывучым. Амяльчэня пойдзе дамоў».

Дома мае хваляванні заўважыла маці. Я расказаў пра ўрок, пра падман настаўніка. «Верш трэба вывучыць, а ў дадатак яшчэ адзін», — сказала маці і падала мне кніжачку вершаў Тараса Шаўчэнкі ў перакладзе Янкі Купалы.

Увечары маці пазвала мяне і пачала чытаць гэтыя вершы. Яна не проста чытала, а нібыта спявала:

Раве ды стогне Днепр шырокі,
Сярдзіты вецер вые, дзьме,
Гне ў дол галіны верб высокіх,
У гору хвалі ўзносіць, рве;
І месяц бледны ў тую пору
З-за хмар дзе-нідзе выглядаў.
Бы човен хісткі ў сінім моры
То выныраў, то зноў знікаў…

Назаўтра ў класе было ціха. Толькі ў канцы ўрока Даніла Мікалаевіч сказаў: «Амяльчэня застанецца пасля ўрокаў».

Усе разышліся, я сядзеў адзін у класе, яшчэ раз перачытваў верш Глебкі. Даніла Мікалаевіч сеў побач. «Вывучыў?» — спытаў у мяне. «Вывучыў, але нецікавы верш», — адказаў я. «А які цікавы?» — спытаў ён.

Я выйшаў да дошкі і, стараючыся паўтараць інтанацыі маці, стаў расказваць верш Тараса Шаўчэнкі. Настаўнік уважліва слухаў. Калі я закончыў, ён пахваліў мяне, падняўся і выйшаў з класа. Хутка вярнуўся з кніжкай у руках. «Бяры, гэта ад мяне», — сказаў ён. Гэта была кніжка Янкі Купалы.

Сустрэча праз гады

У 1952 годзе я атрымаў атэстат і пайшоў «у людзі». Вярнуўся ў Беларусь толькі вясной 1967 года. На той час руская мова стала асноўнай, але родная, беларуская, заўсёды пра сябе нагадвала. Я часта ўспамінаў пра Данілу Мікалаевіча.

Летам 2014 года я апынуўся праездам у Язылі. Каля крамы распытаў пра Данілу Мікалаевіча. Дазнаўся, што ён жывы, здаровы, ходзіць лавіць рыбу. Купіў пляшку гарэлкі, штосьці яшчэ, каб не з пустымі рукамі з’явіцца ў хату.

Ён памятаў і мяне, і нават той выпадак з вершам Шаўчэнкі.

Мы сядзелі за сталом, гутарылі. Пасля школьных успамінаў мой былы настаўнік загаварыў пра сваё партызанскае мінулае. Нават расплакаўся.

«Мой атрад прыкры­ваў дарогу Старыя Дарогі — Дражня, каб не прапусціць дапамогу паліцэйскім са Старых Дарог. Але немцы не спрабавалі нават паслаць такую дапамогу. А пакуль мы пільнавалі пустую дарогу, паліцаі ўчынілі здзек над жыхарамі вёскі, — скрозь слёзы казаў ён. — Некалькі хат спалілі, больш за дзясятак чалавек расстралялі…»

Калі пакідаў Данілу Мікалаевіча, ужо ля брамкі ён паклікаў мяне, прыўзняў шапку і пакланіўся. У гэты момант я яго сфатаграфаваў. Гэта была апошняя наша сустрэча.

Даведка. Даніла Мікалаевіч Жук нарадзіўся ў 1923 годзе ў мястэчку Урэчча. Да Айчыннай вайны скончыў адзін курс педагагічнага інстытута. У партызанах быў са жніўня 1943-га па 30 чэрвеня 1944 года. Пасля вайны скончыў завочна Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. Працаваў дырэктарам Рабацкай школы ў Слуцкім раёне, пасля ў Языльскай сямігодцы Старадарожскага раёна. Пахаваны на могілках, што паміж Язылем і Лескамі.