Падчас каронавірусу еўрапейскія ўніверсітэты пераходзяць на дыстанцыйнае навучанне. Гэта тычыцца і здачы сесій. Такая форма адукацыі можа здавацца дзіўнай для навучэнцаў беларускіх ВНУ, дзе з’яўляцца на парах трэба было ў строгім парадку падчас першай хвалі COVID-19.

Зараз, па словах маіх сябровак, працэс вучобы ў Беларусі камбінаваны: некаторыя прадметы выкладаюцца анлайн, пакуль астатнія патрабуюць наведваць універсітэт. Сесія вочная. Напрацягу яе амаль усе выкладчыкі знаходзяцца ў масках, а студэнты рассаджаны паасобку ў мэтах недапушчэння спісвання. «На пераздачах усе сядзелі ў адной кіпе. Ніякай размовы аб прафілактыцы каронавірусу не ішло», — кажа навучэнка адной дзяржаўнай ВНУ.

Реклама

Я маю іншы досвед, аб якім хачу распавесці.

Спісаць немагчыма, нават калі займаешся анлайн

Дыстанцыйная адукацыя ў маім універсітэце практыкуецца з 2011 года. Раней ёю карысталіся выключна студэнткі-завочніцы. Але з пандэміяй усё змянілася: нават вочніцам прыйшлося адаптавацца пад анлайн-вучобу.

Раз на два месяцы адбываюцца ўстаноўчыя сесіі па асобных курсах: яны доўжацца ад трох да пяці дзён, з ранку да вечара ў фармаце анлайн. На падставе прачытанай літаратуры (якая даступная ў анлайн-бібліятэцы) даюцца калектыўныя заданні. Праз іх выкладчык разумее, наколькі добра чалавек падрыхтаваўся. Дэтальнае абмеркаванне тэксту і ягоны аналіз — тое, што патрабуецца ад студэнтаў на занятках. А індывідуальныя заданні складзены такім чынам, што іх немагчыма спісаць. Яны поўнасцю створаныя выкладчыкамі.

У звычайныя вучэбныя дні пары праходзяць некалькі разоў на тыдзень. Пагрузка невялікая, каб паспець зрабіць усё хатняе заданне да крайняга тэрміну.

Да сесіі не дапускаюцца тыя, хто адсутнічаў на парах і мае «хвасты». Адсутнасць актыўнасці падчас устаноўчых сесій (ці непрысутнасць на іх) улічваецца пры выстаўленні фінальнай адзнакі. Найважнейшае для допуску — здача эсэ і рэцэнзіі па кожным прадмеце. Нельга выкарыстоўваць адную і тую ж рэцэнзію для розных прадметаў. Гэта лічыцца за аўтаплагіят. Арыгінальнасць эсэ і рэцэнзіі пільна правяраюцца.

Як праходзіць фінальная сесія ў канцы семестра

«Камусьці можа не хапаць «студэнцкага духу». Як я здавала сесію анлайн (асабісты вопыт)
Фота: pixabay.com
Калі ты рупліва вучышся, то не так і складана. Білеты ўсе вядомыя: няма той тэмы, якая дагэтуль не сустракалася на занятках. Усё цалкам залежыць ад цябе. Менавіта анлайн-заняткі даюць падрыхтоўчую базу для іспытаў.

Вядома, што былі студэнткі, якія ледзь былі дапушчаныя да сесіі. Менавіта ім складана адказваць білеты, якія яны ўбачылі ўпершыню за дзень да іспыту.

Вы, напэўна, можаце падумаць, што на такіх экзаменах магчыма счытваць білеты, але не ўсё так проста. Іспыт па англійскай мове, напрыклад, адбываецца ў форме дыялогу на любую экзаменацыйную тэму. Вам могуць задаць нечаканыя пытанні, але ў межах пройдзенага курсу.

Дысцыпліна і строгі распарадак дня

Анлайн-адукацыя — цэлая сістэма, якая патрабуе дысцыпліны і строгага распарадку дня. Усё павінна быць распланавана: ад чытання літаратуры да напісання фінальных работ. Немагчыма зрабіць усё адразу ў адзін дзень.

Сістэмнасць — першы крок да якаснага эсэ. Яго трэба пераправяраць: вяртацца да пустых месцаў, вызначаць іх праблемы і запаўняць патрэбнымі тэзісамі. Гэты працэс займае як мінімум адзін тыдзень, але ніяк не адну ноч перад дэдлайнам.

Сярод людзей існуе стэрэатып, што сесія — не сесія, калі яна не адбываецца ў сценах універсітэта. Але ж на цяперашні момант гэта неабходнасць. Вядома, што яна не можа спадабацца кожнаму: камусьці можа не хапаць «студэнцкага духу», а хтосьці не можа ўспрымаць інфармацыю праз экран камп’ютара. Але дзеля захавання здароўя застаецца толькі прыстасоўвацца да абставінаў і шукаць новыя зручныя шляхі да ведаў.