«Мы, случчане, здольныя кіраваць сваім горадам самі». Інтэрв'ю з Наталляй Масюк

0
Мы, случчане, здольныя кіраваць сваім горадам самі
Фота Наталлі

Наталля Масюк — адзіны чалавек са Слуцка, які зарэгістраваўся на платформе «Сход», што створана для дыялогу з уладамі. Яшчэ ў жніўні мінулага года яна заўважыла, што дыялогу паміж уладамі і незадаволенымі случчанамі не выйшла. Нагадаем, што 18 жніўня на хвалі «ланцугоў салідарнасці», якія былі супраць гвалту, адбываліся размовы паміж дзеючымі ўладамі і групай жыхароў горада.

Менавіта таму Наталля вырашыла паспрабаваць зноўку, бо ёй хочацца, каб голас кожнага чалавека быў пачуты.

Аб Наталлі. Мае вышэйшую адукацыю і ступень магістра. 15 гадоў выкладала дзецям танцы. Працуе юрыдычным кансультантам. Дапамагае рэгуляваць канфлікты без суду непасрэдна праз медыяцыю і коўчынг. У 2019 годзе стала заснавальніцай сацыяльна-інфармацыйнай установы дапамогі дзецям з прыроджанай расколінай вуснаў і нёба «Улыбки наших детей».

Чаму вырашыла вылучацца ад Слуцка

— Ёсць адчуванне безнадзейнасці. Я разумею, што трэба штосьці рабіць. Трэба наладжваць дыялог. І размова больш ідзе не аб дыялогу паміж народам і ўладамі, а аб дыялогу народа з народам. Бо мы раздзяліліся. Пачалося супрацьстаянне. І чым далей, тым больш яно заўважнае. Я паверыла платформе, яе стваральнікам. Гэта важна, каб голас кожнага чалавека быў пачутым.

Реклама

Якія перамены падтрымлівае ў Слуцку

— Звярніце ўвагу на тое, што большасць высокіх пасадаў у Слуцку займаюць менавіта людзі з іншых гарадоў. Мы, случчане, здольныя кіраваць сваім горадам самі. І рабіць гэта можам лепей за прыезджых. Нашым унукам і праўнукам яшчэ жыць у гэтым горадзе. І я лічу, што гэтая змена павінна адбыцца ў першую чаргу.
У жніўні 2020-га ў нас не атрымалася адклікаць дэпутатаў, якіх мы самі абіралі. Атрымліваецца, што мы перадалі свае галасы мясцовым дэпутатам, якія потым нашымі галасамі нас прымусілі замаўчаць.

Пасля сустрэчы з дэпутатамі 19 жніўня 2020 года мне стала зразумела, што самакіраванне павінна мець іншую форму. Той орган самакіравання, аб якім ішла размова на сустрэчы, фактычна падпарадкоўваецца дэпутатам. А я лічу, што ён павінны быць у нас галоўным.

Чаму случчанам трэба галасаваць менавіта за яе

— Праца медыятара патрабуе ад мяне чуць кожнага чалавека, пры гэтым заставацца нейтральнай. Такім чынам я рэгулюю канфлікты без суду. Але няважна, за каго прагаласуюць случчане. Галоўнае — каб яны не заставаліся пасіўнымі ці проста назіралі і баяліся.

Як ставіцца да Усебеларускага народнага сходу?

— Увогуле шмат пытанняў да працэсу дэлегацыі. Па якіх крытэрыях іх абіраюць? Случчанам, якія стаялі летам у «ланцугах салідарнасці» не прапанавалі прыняць удзел у сходзе. Як вылучалі кандыдатаў з прадпрыемстваў, таксама невядома. Для мяне гэта чарговы фарс. І ніяк інакш не магу да гэтага ставіцца. Складваецца ўражанне, што гэта выступленне аднаго чалавека. Тое самае тычыцца і папярэдніх пяці сходаў.

Што думае пра інвестыцыі і развіццё прамысловасці?

— На месцы колішніх заводаў у Слуцку пабудавалі гандлёвыя цэнтры. Здаецца, што некаторыя прадпрыемствы збанкрутаваліся праз адсутнасць інвестараў. І таму, на маю думку, не трэба баяцца прыватызацыі і інвестыцый.
Вядома, што не ўсе прадпрыемствы было магчыма ратаваць, бо з’явілася канкурэнцыя сярод новых. Прамысловасць не магла цалкам ацалець, але зараз яна моцна зруйнавалася. Што сталася з нашым піўным заводам, калі ён быў на выдатным узроўні? І з «макаронкай», і «Эмальпосудам»… Трэба ўздымаць гэтыя пытанні, каб не дапусціць ў далейшым чарговага развалу прамысловасці.

Ці баіцца ціску за сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю?

— Кажу аб гэтым адкрыта: я вельмі баюся. Але не магу заставацца абыякавай да ўсяго, што адбываецца ў краіне, таму што ў мяне шмат дзяцей. Хочацца, каб яны не баяліся тут жыць і не хацелі з’ехаць адсюль, а былі паўнапраўнымі гаспадарамі сваёй краіны, зямлі і жыцця.

СПРАЎКА. Перадумовай да стварэння «Cходу» сталі заклікі дзеючай улады вылучаць сваіх прадстаўнікоў для вядзення нацыянальнага дыялогу.
Напрыклад, 27 жніўня мінулага года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўлада гатова весці дыялог, але не з вуліцай. «Калі ласка, фармуйце сваіх прадстаўнікоў, і будзем весці дыялог», — сказаў ён.

Маецца на ўвазе, што ў доўгатэрміновай перспектыве платформа стане інструментам для стварэння дыялогавых пляцовак і арганізацыі мясцовых сходаў.