«Якое дрэва трэба пасадзіць на гэта месца, каб яно расло і людзям не замінала». Казка пра стары пень у Салігорску

0
Казка пра стары пень
Фотаздымкі: Уладзімір Дамель

На днях ішоў па горадзе і ўбачыў карціну: людзі змагаюцца з пнём. Канешне, сілы няроўныя: адзін пень і натоўп людзей з моцнай тэхнікай. Стаяў, назіраў, што адбываецца, і ў галаве склалася казка пра стары пень.

…Жыла-была маладая таполя. Расла яна хутка, крона раздалася як ушыркі, так і ўверх. Хто праходзіў, любаваўся прыгажуняй. І таполя намагалася дагадзіць людзям. Зберагала іх ад спёкі, лістамі шалясцела, быццам казку казала. Знаходзіліся тыя, што шукалі вялікі сэнс у шэпце лістоў таполі, казалі, што той, каму давядзецца разгадаць, аб чым шэпчуць лісты, будзе мець шчаслівую будучыню.

Реклама

Казка пра стары пень

Невядома, колькі гадоў людзі шукалі той сэнс, адпачываючы пад кронай таполі, але аднойчы, праходзячы міма дрэва, сталі спатыкацца аб яго карані. І чым далей разрасталася яно, тым больш замінала мінакам.

Казка пра стары пень

Раззлаваліся людзі і зрэзалі таполю. Застаўся ад яе вялікі пень, які трымаў у сабе крыўду на людзей і таму стаў яшчэ больш замінаць людзям: то тратуарную плітку ўзарве, то кабельную лінію парве. Вырашылі людзі выкарчаваць з каранямі гэты пень. Праўда, беларускі экскаватар не адолеў выцягнуць пень з зямлі. На падмогу пазвалі англійскі экскаватар. Але пень так упіраўся, што і гэтаму адарваў адну нагу. Хоць экскаватар быў англійскі, кіраваў ім кемлівы беларус. І ў выніку вырвалі пень.

Цяпер вось думаюць: якое дрэва трэба пасадзіць на гэта месца, каб яно расло і людзям не замінала.

Казка пра стары пень

…Вось такая ў мяне атрымалася казка пра стары пень.