«Юж так своволне все починаючи и вколо обсылаючи». Што пісаў першы беларускі мемуарыст пра Случчыну

0
Слуцк у XVI-XVII стагоддзях быў адным з буйнейшых гарадоў на тэрыторыі тагачаснага Вялікага Княства Літоўскага.  Малюнак: Павел Татарнікаў

7 лютага спаўняецца 475 гадоў з дня нараджэння пісьменніка і грамадскага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай Фёдара Міхайлавіча Еўлашоўскага (1546–1619). Для случчан яго асоба цікавая тым, што ў сваіх мемуарах ён не абмінуў увагай і наш край.

Паходзіў Фёдар Еўлашоўскі з дробнапамес­най шляхец­кай сям’і, што жыла ў мястэчку Ляхавічы Навагрудскага ваяводства.

Реклама

Настойлівай самааду­кацыяй Еўлашоўскі атрымаў шырокія веды ў матэматыцы, справаводстве і юрыс­прудэнцыі, набыў немалы практычны вопыт. Нездарма ў 1579 годзе навагруд­ская шляхта выбрала яго сваім павятовым паслом на Варшаўскі сойм. Ён удзельнічаў у выпрацоўцы тэксту «Трыбунала» — статута вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ, у 1592–1613 гадах працаваў памочнікам суддзі ў навагрудскім земскім судзе.

Што пісаў першы беларускі мемуарыст пра СлуччынуФёдар Еўлашоўскі вядомы і як аўтар аднаго з першых твораў старабеларускай мемуарнай літаратуры, які ён пачаў пісаць у 1603 годзе. У ім ён расказаў пра падзеі 1566–1604 гадоў.

Еўлашоўскі першы запіс адносна аб Слуцку зрабіў так: «Року того ж 78, в листопаде дня 9, в день неделный, умерл княже его милость Юрей Слуцкий, пре велке богатства и скарбы собраные славный пан».

Мемуарыст меў на ўвазе смерць 9 лістапада 1578 года слуцкага князя Юрыя ІІ Юр’евіча з роду Алелькавічаў. Напісаць, што ён «славный пан», Еўлашоўскі меў дастаткова падстаў. Князь, па сведчанні яго сучаснікаў, быў храбрым воінам. На вайну ў Інфляндыі ён разам з братам Сямёнам у 1556 годзе ўзброіў за свой кошт 4000 рыцараў, а ў 1564 годзе сам камандаваў войскам з 1200 гусараў і казакоў, 900 пехацінцаў і 100 стральцоў. У попісу войска Вялікага Княства Літоўскага 1567 года ў раздзеле са звесткамі пра буйных феадалаў князь Юрый Алелькавіч займае другое месца пасля князя нясвіжскага Мікалая Крыштофа Радзівіла.

А вось яшчэ пра наш горад у запісе за 1580 год: «В Слуцку на той час были 4 докторы: сандомирский Барто-лян, краковский Мартин Фоксос, любелский Лаврэнцы­уш, слуцкий, тэж старый и добрый. Там се веле (многа — А.Ж.) панов, пань и розного стану люди были на лекарство зъехали. И яко кому пан бог здарил, отправовалисе».

Гэты запіс лёгка зразумець. У апошнім сказе напісана, што да каго Бог быў літасці­вы, той выздаравеў.

Звярніце ўвагу на названых слуцкіх дактароў. Станіслаў Барталян у 1590 годзе стаў доктарам філасофіі, а пазней — сакратаром караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта III Вазы. Марцін Фокс — доктар медыцыны, у 1585 годзе быў рэктарам Кракаўскай акадэміі, а незадоўга да сваёй смерці атрымаў статус каралеўскага лекара. Доктар «слуцкий» Пётр Умястоўскі стаў доктарам філасофіі ў Кракаве. Слуцкія «докторы», па ўсім відаць, высока трымалі марку, іначай наўрад ці змясціў бы іх прозві­шчы «Слоўнік лекараў польскіх», выдадзены ў Варшаве ў 1883 годзе.

Больш падрабязна мемуарыст апісаў некаторыя падзеі, звязаныя з паўстаннем пад кіраўніцтвам казацкага сотніка Севярына Налівайкі.

У кастрычніку 1595 года яго войска ў тысячу чалавек рушыла праз Палессе на беларускія землі і захапіла Петрыкаў. У бліжэйшыя на шляху гарады ад імя кіраўніка паўстання пасыльныя адвозілі пісьмы з патрабаваннямі падтрымкі грашыма. Такую падтрымку яму і аказвалі, але случчане адмовіліся даваць грошы і прыняць казакоў на «постой». Тады паўстанцы 6 лістапада захапілі Слуцк.

Што пісаў першы беларускі мемуарыст пра СлуччынуЧытаем у Еўлашоўскага: «В том року 1595 Наливайко, казак, собравши войско козаков… юж лепей заюшоный, удался на Полесе аж до Петрикович. Юж так своволне все починаючи и вколо обсылаючи, подарки собе давать заказуючи. Яко ж и давано. Одно из Слуцка помешкано было. И прето ж убекгл (у) Слуцк новембра 6 дня и был там немало…». «Немало» — гэта амаль тры тыдні.

Са Слуцка Налівайка паслаў на Капыль 500 казакоў на чале з палкоўнікам Марцінкам. Яны 25 лістапада трапілі на засаду гайдукоў віленскага ваяводы, якія «козаков пастреляли и Мартинка забили», а ўцалелыя адступілі да Слуцка: «барзо их мало до Слуцка вротило» (барзо — вельмі).

Да Налівайкі дайшлі весткі, што ў Клецку збіраецца супраць яго войска. Паўстанцаў было значна менш, яны не рызыкнулі ўступіць у бой, 27 лістапада пакінулі Слуцк і рушылі на Палессе.

«Наливайко, стрвожоный тым нещестем… яко тых в Копыле бито, новэмбра 25, а он тре-тего дня, новэмбра 27, з вечора, выбравшисе з Слуцка до Омгович, знову ку Полесен вытегнул», — пісаў мемуарыст. Пры гэтым паўстанцы вывезлі са слуцкага замка 12 гармат, 80 пішчаляў, 700 мушкетаў і шмат боепрыпасаў, а з замож­ных гараджан сабралі 5 тысяч серабром.

Чытаць успаміны Фёдара Еўлашоўскага цікава, але не вельмі проста з-за шматлікіх паланізмаў, а таксама слоў, выразаў, не ўласці­вых тагачас­най пісьмовай беларус­кай мове. Своеасаблівая «беларуска-польская трасянка» атрымалася, відаць, таму, што аўтар па службовых справах часта меў зносіны са знатнымі панамі, якія гаварылі па-польску. Як бы там ні было, а ўспаміны Фёдара Еўлашоўскага даюць не толькі цікавы фактычны матэрыял, але і паказваюць супярэчлівыя і неадназначныя шляхі развіцця беларускай літаратурнай мовы ў пачатку ХVІІ стагоддзя.