«Меў свае меркаванні і спадзяваўся на волю…» Мае ўспаміны з зоны (апавяданне ў 14 частках)

0
Успаміны з зоны, Слуцк
Малюнак: Вера Шут

Памяць, памяць! Ты вядзеш мяне ў юнацтва, якое прыпала на паслясталінскі час і якое я правёў у сталінскіх лагерах.

1. Памяць, памяць!

Калі я чакаў выйсця на волю, на неабсяжных прасторах СССР ішла барацьба за пабудову камуністычнага грамадства. Па меншай меры аб гэтым сведчаць артыкулы ў кнізе «Гісторыя КПСС» (раздзел XVII (1953−1958 гады)).

Реклама

А з дому ў пісьмах пісалі, што хлеба па-ранейшаму няма, а калі атрымаецца купіць, то ён такі цвёрды, з кукурузнай мукі, што можна ім забіваць цвікі. Што ў лагеры таксама ў гэты час натуга з хлебам, я не пісаў, каб не слалі пасылак. Бо ў першы год майго тут знаходжання з мамінай пасылкі мне дастаўся толькі рукаў ад яе кофтачкі ў сіні гарошак, у якім былі сухія яблыкі. Як толькі пасылку адкрыў, усё расхапілі. Толькі рукаў у сіні гарошак грэў маю душу да самага вызвалення.

З той паслясталінскай пяцігодкі добра захаваўся ў памяці 1956 год. Мне споўнілася дваццаць га­доў, а я яшчэ ў лагеры. Да вясны карміць сталі вельмі дрэнна. Пры сустрэчы з начальнікам лагера брыгадзіры ска­за­лі, што калі не стануць карміць лепш, то ў першую чаргу адгрузка ва­го­наў лесам скароціцца ўдвая. На лесапавале «дахадзягі» ўжо не могуць вылезці са снегу, а невыкананне планаў — пагроза кіраўніцтву.

Начальнік лагера па­абя­цаў паклапаціцца. Арганізавалі брыгаду па адлове рыбы ў бліжэйшых двух возерах. Калі пачаў раставаць лёд, лоўлю ры­бы забаранілі. А ў зо­не ў гэты час хлебапякарню аддзялілі калючым дротам ад жылых баракаў, падыход да дро­ту прастрэльваўся. Рацыён змяншаўся. Тым, хто меў пропуск вольнага выхаду за зону, забаранілі заходзіць у магазін для вольнанаёмных, афіцэрскім сем`ям вызначылі нормы на спажывецкія тавары.

На лесапавале ня­шчасны выпадак: мужчына, які абсякаў галлё, не паспеў адысці — на яго ўпала спі­ла­ванае дрэва. Цяжка параненага, яго адвезлі ў шпіталь. Стала больш адказчыкаў ад работы. Іх не адпраўлялі ў штрафны ізалятар, а давалі часовае вызваленне ад працы, а праз дзень ці два зноў адпраўлялі на лесапавал.

Цяжкае становішча доўжылася вясну і першую палову лета. У гэтыя дні аднекуль у зону трапіла газета «Правда», у якой была маленькая замалёўка пра тое, што ў амерыканскай турме арыштанты адказаліся снедаць чэрствымі булач­камі і халодным кофе. У зоне сталі пагаворваць аб агульным невыха­дзе на працу. Памятаю, перад брамай у жылую зону начальнік лагера прасіў зняволеных, якія вярталіся з лесапавалу, крыху пацярпець, маўляў, праз дзень-два падыдзе вагон з харчамі. Назаўтра на сняданак быў вітамінны суп з маладой крапівы.

Згодна з раскладам жыц­ця, у гэты дзень, пасне­даўшы вітамінным супам, брыгады падцягваліся да брамы, каб строем па два выйсці за зону. Але на падыходзе згубіў прытомнасць адзін, пасля другі. Сталі падаць і тыя, хто паспеў выйсці за браму. Наступіла разгубленасць сярод начальства. З пасёлка хутка прывялі доктарку. Тая адкрывала павекі, заглядала апрытомнеўшым у вочы. Аб`явілі: «Хто сябе дрэнна адчувае, можа вярнуцца ў зону». Некалькі чалавек вярнуліся. Начальнік лагера абходзіў строй, угаворваў пацярпець, заўтра будзе вагон.

Я пайшоў на работу, працаваў на дзялянцы. У поўдзень, калі сонца стаяла ў зеніце, па тайзе нечакана паплыў пах звараных макаронаў. Уторкнуўшы сякеру ў пень, я паплёўся ў бок сталоўкі. Там стаяла перасоўная ваенная кухня, да якой была доўгая чарга. Увіхаўся з чарпаком у руках салдат з аховы лагера. Казалі, што начальнік лагера дамовіўся з вышэйшым начальствам, каб накарміць лагернікаў з запасаў аховы.
Ноччу прыйшоў доўга­чаканы вагон. У сталоўцы лагера сталі вяртацца да харчавання па ранейшым нормам.

Гартаю тоўстую кнігу пад назвай «Гісторыя КПСС». Старонка 649: «Главным звеном в увеличении производства хлеба явилось в этот период освоение целинных и залежных земель. В районы освоения целины в 1954—1955 годах направлено более 200 тысяч тракторов, тысячи других машин…».

Тым часам еўрапейскія рэгіёны, якія традыцыйна забяспечвалі хлебам дзяржаву, засталіся без заказаў, а першы цалінны хлеб гніў у сціртах пад адкрытым небам. Сцірты з гнілым зернем я бачыў яшчэ ў 1960 годзе, калі паехаў на цаліну пасля вызвалення з лагера.

2. Як будавалася камуністычнае грамадства

Успаміны з зоны, Слуцк
Малюнак: Вера Шут
У адзін з восеньскіх дзён, вярнуўшыся з працы ў зону, нехта сказаў страшнае слова: «Вайна». Спешна павячэраўшы, сабраліся каля радыёдынаміка, каб паслухаць навіны, якія перадаваліся ў 22 гадзіны вечара. Высветлілася, што міжнародны імперыялізм (менавіта так тады гэта гучала) у складзе краін Англіі, Францыі і Ізраіля напаў на лепшага сябра Савецкага Саюза — Егіпет. Людзі дзяліліся думкамі, спрачаліся аб прычынах і магчымых выніках такіх ваенных аванцюр.

Праз дзень-другі, вяртаючыся з работы, яшчэ пры ўваходзе ў зону нехта паведаміў, што савецкія людзі запісваюцца ў добраахвотнікі, каб ваяваць супраць «супастатаў-капіталістаў». Пасля вячэры некаторыя пайшлі ў культурна-выхаваўчую часць, пісалі там заявы, што жадаюць ісці на фронт. Такіх было не шмат. Цікавіла, чым гэты патрыятычны ўздым скончыцца. Не памятаю, каб хто з пісаўшых атрымаў адказ вышэйшых начальнікаў. Пакуль чакалі адказу, вайна скончылася.

Прыкладна ў той жа час прыйшла яшчэ адна міжнародная навіна: усё той жа міжнародны імперыялізм падбухторыў неразумных венграў на паўстанне супраць сацыялізма. Вось што аб гэтым напісана ў «Гісторыі КПСС» (стар.639): «Советский Союз по просьбе правительства Венгрии, выполняя свой интернациональный долг, оказал действенную помощь братскому народу в ликвидации контрреволюционного мятежа».

Як гэта адгукнулася на жыцці ў лагеры? Ніхто не хадзіў пісаць заяву, каб яго адправілі ваяваць супраць тых самых імперыялістаў. Чаму? Я не ведаю. Можа гэта быў уплыў тых салдат, якія раней, у 1954 годзе, былі асуджаны за адказ давіць гусеніцамі танкаў дэманстрантаў у Берліне.

Ужо зімою ў лагер прыйшоў этап з Венгрыі, які быў выключна з савецкіх салдат разам са сваім капітанам, якога звалі Барыс. Яны трымаліся ў зоне сваёю групоўкай, працавалі асобнай брыгадай на пагрузцы вагонаў лесам, па-ранейшаму слухаліся свайго камандзіра.

Пазней у зону прывезлі грамадзян Венгрыі, асуджаных за тое паўстанне. А яшчэ праз нейкі час стала вядома, што кіраўніка Венгрыі — Імрэ Надзь — павесілі. Асабіста мне дзіўна было чуць: «Яму так і трэба».

Так было наканавана лёсам, што і далей пасля вызвалення з лагера міжволі даводзілася вяртацца да гэтых падзей, сутыкацца з людзьмі, што былі з імі звязаны, ці разважаць аб палітычных працэсах таго часу.

Атрымаўшы вызваленне з лагера ў 1960 годзе, я жыў у Паўладары Казахскай рэспублікі, працаваў галоўным механікам упраўлення «Цэлінэлеватармель-мантаж». У гэтым упраўленні працавалі венгры, якія былі асуджаныя за паўстанне 1956 года і не мелі магчымасці вярнуцца на радзіму. Ад іх даведаўся, што ў лагеры Савецкага Саюза было вывезена каля тысячы венграў. Асуджаныя расказвалі, што ў час паўстання былі выпадкі, калі савецкія танкісты пераходзілі на бок паўстанцаў.

У Цэлінаградскім інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі са мною ў адной групе вучыўся Канстанцін Прасвірын. Яму таксама давялося быць жывым сведкам агітацыі на вайну ў Егіпет. Ён праходзіў ваенную службу на Чорнаморскім флоце на крэйсеры «Міхаіл Кутузаў». Расказваў, як агітавалі выступіць у абарону Егіпта ад нападу імперыялістаў. Але тая вайна скончылася вельмі хутка і без добраахвотнікаў-маракоў.
«СССР сорвал планы агрессоров… Это была большая победа», — чытаю на той жа старонцы 639 «Гісторыі КПСС». Чыя перамога? Якія вынікі ад той перамогі? На гэта пытанне кожны чытач сам няхай шукае адказ у сённяшняй рэальнасці.

Сёння многія ўжо не сумняваюцца, што тая вайна пачалася ад рэвалюцыйнай прыватызацыі прэзідэнтам Егіпта Суэцкага канала, які да гэтага лічыўся ўласнасцю Англіі і Францыі. Гэта прыватызацыя была падмацавана савецкімі танкамі Т-34, самалётамі Міг-15, бронетранспарцёрамі, самаходнымі артыле-рыйскімі ўстаноўкамі, а таксама ваеннымі інструктарамі. Усяго, як падлічылі пазней, на суму болей 250 мільёнаў долараў. Сродкі на падобную барацьбу з імперыялістамі ішлі вельмі вялікія і неапраўданыя. Жыццё потым усё растаўляла па сваіх месцах. Як, дарэчы, і наконт кіраўніка Венгрыі: Імрэ Надзь пазней, пасля распаду Савецкай імперыі, стаў нацыянальным Героем.

3. Жылі з надзеяй на цуда

Успаміны з зоны, Слуцк
Малюнак: Вера Шут
З наступленнем вясны 1957 года зону ўскалыхнула мясцовая навіна: ноччу з механічнай майстэрні збег арыштант Генадзь Бокчын. Знайшоў яго старшы наглядальнік Аляксей Іванавіч Калпакоў, ці як звалі яго жыхары зоны «Лапаць», у сваёй хатцы мірна бяседуючым з яго дачкою.

Генадзь Бокчын быў салдатам Савецкай Ар­міі ў Германіі. Да лета 1953 года слу­жыў ка­ман­дзірам танка. Збіраўся восенню дэмабілізавацца, набыў цудоўны акардэон. Але яго планы парушылі дэманстрацыі немцаў. Каб выратаваць рэжым Хонекера, супраць дэманстрантаў выйшлі савецкія танкі. Убачыўшы, як з-пад гусеніц пярэдніх танкаў вылятаюць дзіцячыя ножкі, Генадзь астанавіў сваю машыну, сарваў шланг на рухавіку. Гэтым непаладкам пазней ён тлумачыў прычыну невыканання прыказу: «Збярог машыну для больш важнага прызначэння». У выніку атрымаў 10 гадоў зняволення.

Другіх, якія беспрычынна не выканалі загад, прысудзілі да расстрэлу. Падаўленнем дэманст­ран­таў кіраваў прысна вядомы Берыя.

Генадзь у зоне пра­цаваў спачатку грузчыкам вагонаў: ка­роткае насілі на пля­чах, броўна кацілі ру­ка­мі ўверх вагонаў. Кемліваму механіку танка гэта не спадабалася. Насупраць штабеля з драўнінай, на другі бок чыгункі, ён пабудаваў прасцейшае пад`ёмнае прыстасаванне. Гэта рабіла працу больш лёгкай і больш выніковай. А калі зрабіў рамонт дызельнага рухавіка лябёдкі, пра яго загаварылі як пра вялікага спецыяліста. Інакш лябёдку трэба было б адпраўляць на чыгуначную станцыю Конаша, дзе былі галоўныя майстэрні ўпраўлення лагераў.

Пасля гэтага начальнік лагера перавёў Бокчына ў лагерную майстэрню слесарам. Там ён зарэкамендаваў сябе тэхнічным знаўцам. У майстэрні ён больш блізка пазнаёміўся са старшым наглядальнікам, карацей, з «Лапцем». Казалі, што Аляксей Іванавіч пачынаў сваю службу яшчэ на Салаўках. А таму ад яго пільнасці нельга было схавацца. Жыў ён з жонкай у маленькай хатцы прама за рабочай зонай майстэрні. На школьныя канікулы прыязджала дачка, якая жыла ў інтэрнаце на станцыі Конаша.

Неяк перацягваючы электралінію, што ішла з двара майстэрні цераз ахоўную паласу на пасёлак, Генадзь паспрабаваў электрадрот на разрыў. Дрот яго вытрымліваў. Уцякаць з лагера ён не збіраўся, таму зрабіў гэта проста з цікаўнасці. Зрабіў і забыў.

Аднойчы Аляксей Іванавіч запрыкмеціў, што Генадзь вяртаецца ў жылую зону штодня чыста паголены. Гэта азначала: ён мае ў майстэрні брытву, што не дазволена. Падыйшоў у майстэрні да Генадзя і кажа: «Аддай брытву». «Вось чым галюся», — паказаў Генадзь на нажоўку па металу. Аляксей Іванавіч зразумеў: з яго смяюцца, але не паказаў, што злуе, адыйшоў. Шукаць у майстэрні брытву, што іголку ў стозе сена. А ўслед пачуў нечаканае: «Аляксей Іванавіч, аддайце за мяне сваю дачку». «Вось прыйдзеш у госці, дык аддам», — адказаў Аляксей Іванавіч. А Генадзь у след: «Добра».

Надышла вясна 1957 года. Дачка Аляксея Іванавіча прыехала на канікулы. У гэтыя дні ноччу над пасёлкам вісеў густы туман. Генадзь адважыўся на пабег. Па скобах у слупу ён падняўся да дроту электралініі, учапіўся рукамі ў гумавых рукавіцах за дрот і папоўз у бок хаткі, у якой павінна быць дачка Аляксея Іванавіча. Калі ад­чуў, што стаў паднімацца ўверх, зразумеў, што ён ужо за зонай, бліз­ка да хаткі.

Шлёпнуўся ў снег, пачакаў нейкі час, але нічога не выклікала неспакою. І Генадзь папоўз. Калі хатка невыразна стала паказвацца ў тумане, падняўся, абтрос сябе ад снегу. Маленькае акенца цьмяна свяцілася. «Яна дома», — чамусьці падумаў і ступіў у прыбудоўку. У шчыліне ад клямкі свяціўся ма­лень­кі праменьчык, паказваючы дарогу да дзвярэй. Ён пастукаўся, і не­чакана дзявочы голас ад­ка­заў: «Заходзьце». Адчыніўшы дзверы і пе­ра­ступіўшы парог, за сталом убачыў дзяўчыну з кніжкаю ў руках. Святло ад настольнай лямпы падала кругам на стол, высвечвала кніжку і рукі. Твар разглядаўся не выразна, толькі паблісквалі акуляры. Яна моўчкі глядзела на прышэльца. «Прабачце, але я да­га­варыўся з Аляксеем Іва­навічам, што ён будзе не супраць, калі я зайду. Вось я і зайшоў. Завуць мяне Генадзь Бокчын, я з Масквы», — сказаў і змоўк.

«Проходите, не стойте у дверей. Папа скоро зайдёт ужинать». Генадзь прайшоў некалькі крокаў і сеў бліжэй да стала. Занавеска, што закрывала рускую печ, загойдалася. Адтуль выглянула пажылая жанчына і схавалася. «Вось выставіць аўтамат і пачастуе», — падумаў. Але старая, чуваць было, укладвалася адпачываць. Генадзь стаў пытаць, ці была яна ў Маскве, куды будзе паступаць пасля школы. Неяк размова стала ладзіцца. Пачуўся тупат ног. «Это папа идёт», — сказала яна. Дзверы расчыніліся, на парозе стаяў Аляксей Іванавіч. «У нас гость из Москвы», — сказала дзяўчына. Але Аляксей Іванавіч хуценька развярнуўся, закрыў дзверы і пабег. «Вы не бойцеся. Аляксей Іванавіч абяцаў, калі прыйду, аддаць вас за мяне замуж. Вось я і прыйшоў». Праз шкельцы бачыліся здзіўленыя вочы дзяўчыны. Калі дзверы раптам расчыніліся, у хату ўварваўся салдат з дыскавым аўта­матам. За ім другі салдат. І толькі пасля зайшоў сам гаспадар. На рукі масквіча надзелі кайданкі. Ужо за парогам Генадзь сказаў: «Чакай мяне, масквічкай будзеш!».

Пераначаваўшы ў штрафным ізалятары, раніцою прывялі яго да начальніка лагера ў кабінет. Скончылася тым, што Генадзь расказаў, як выйшаў з зоны, паабя­цаў больш такога не рабіць. Па-ранейшаму працаваў у майстэрні. Пасля майго вызвалення з лагера, прысылаў мне ў Паўладар падручнікі для вучобы ў інстытуце.

Гадоў сем таму, забіраючы ўнука з рускай школы ў Гер­ма­ніі, я сустрэў там жанчы­ну, якая забірала сваю дачушку. Яе вымаўленне вельмі напамінала мне архангельскае. Разгаварыліся. «Я нарадзілася ў Конашы Архангельскай вобласці, — сказала яна. — З Сіеньгі мая маці, Га­лі­на Аляксееўна». «Калпакова?» — здзіўлена спытаў я. Так і аказалася. Ад яе дачкі я даведаўся, што Галіна так і не стала масквічкаю, а Аляксей Іванавіч патануў у возеры, якое было побач з яго хаткаю.

4. Як у лагеры зэкаў вучылі

Малюнак: Вера Шут
Ішоў другі год пасля ХХ з`езда КПСС. Газеты пісалі пра патрыятызм савецкага народа па выкананню планаў у галіне прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Гэтымі вынікамі карысталіся і мы, асуджаныя савецкім судом.

У лагеры нядрэнна кармілі, за працу плацілі нейкія грошы, за якія можна было ў ларку дакупіць харчоў да дзяржаўнай нормы. Наш першы ўчастак па-ранейшаму ставіў рэкорды па нарыхтоўцы і адгрузцы драўніны на будоўлі камунізма. Мой заробак за месяц даганяў заробак ваеннага старшыні з нашай аховы. Але ў старшыні была сям`я, якую трэба карміць і апранаць, а арыштанта карміла і апранала дзяржава. Калі працаваў — яшчэ і грошы плаціла.

Летам 1957 года па лагеры пайшла чутка, што адкрыюць школу з 5 па 10 клас. Спачатку гэта мяне не захапіла, бо бачылася не сумяшчальным: школа, настаўнік і штодня канвой з мацюкамі. Але ў другой палове верасня, у выхадны дзень, у суправаджэнні аховы ў зону зайшлі тры жанчыны і адзін мужчына. Гэта былі настаўнікі Архангельскай абласной вочна-завочнай школы. Па баракам аб`явілі, каб жадаючыя вучыцца ішлі запісвацца ў культурна-выхаваўчую часць. Жадаючых было столькі, што падступіцца да будынка было немагчыма. Я патаптаўся і пайшоў у барак. Неўзабаве вярнуліся тыя, хто запісаўся.

— Іван, у які клас запісаўся? — пыталі пажылога мужчыну.

— У пяты. Да вайны скон­чыў чатыры. Ужо дзесяць гадоў адбыў, засталося пятнадцаць. Скончу школу — настаўнікам буду.

Я пераканаўся, што боль­шасць запісаўшыхся вучыцца не будуць. Ад­пра­цаваўшы дзень на лесапавале, вечарам выконваць кантрольныя работы, — у каго хопіць на гэта сілы і мужнасці? Калі ў снежні прыехалі зноў настаўнікі, да іх прыйшло ўсяго не­калькі чалавек.

Я не смела адчыніў дзверы настаўніцкай:

— Жадаю вучыцца ў дзесятым класе. Да арышта правучыўся два з паловай года ў тэхнікуме.

Мужчына за сталом звярнуўся да жанчыны-настаўніцы:

— Праверце на здольнасць да рускай мовы.

Жанчына з акулярамі на прыемным твары разгарнула сшытак да чыстай старонкі і падала мне, запрасіўшы за стол. Мужчына дастаў з нагруднага кармана аўтаручку і паклаў мне на сшытак. Я запісаў некалькі прадыктаваных сказаў. Настаўніца праглядзела іх і сказала:

— Можна прыняць.

— Што помніце з рускай літаратуры? — спытаў мужчына.

Я разгубіўся. Раптам успомніў са школы Маякоўскага. Усхапіўся, стаў па стойцы «смірна», і пачаў:

— Захлебнулся
колокольчика
ненужный щёлк,
превозмог себя
и встал Калинин.
Слёзы не сжуёшь
с усов и щёк.
Выдали.
Блестят у бороды
на клине.
Мысли смешались,
голову мнут,
кровь в виски,
клокочет в вене:
вчера в шесть часов
пятьдесят минут
скончался
товарищ Ленин!

Тут я змоўк. Маўчалі і настаўнікі. Што спадабалася? Мая дыкцыя ці тое, што памятую. Не ведаю чаму, раптам сказаў:

— У школе паставілі адзінку, не дазволілі расказваць далей, бо на гэтых словах я засмяяўся разам з класам. Настаўніца схапіла за каўнер і пачала трэсці. Не вызывала ўсю чвэрць. Пасля носік адзінкі падправіла на чацвёрку.

Мужчына спытаў, якой я нацыянальнасці.

— З беларускай літара­туры можаце што расказаць? — спытаў ён.

Я стаў расказваць паэму Янкі Купалы «Курган». Настаўніца прыпыніла мой расказ:

— Трэба прыняць, — сказала яна.

Потым другая жанчына дыктавала нешта па матэматыцы. Рашыў усё на вачах у настаўнікаў. Мужчына сказаў: «Прымаем».

Мне далі праграму, нейкія падручнікі. Я павінен быў выканаць кантрольныя работы. Мужчыну звалі Аяксандр Мікалаевіч Чарапанаў, ён быў загадчыкам вучэбна-кансультацыйнага пункта.

Адчуваў сябе так, быццам выраслі ў мяне крылы. Вярнуўшыся з працы, я хуценька ўмываўся, бег вячэраць, каб як мага больш было часу на самастойныя заняткі: пісаў кантрольныя, па падручніках вучыў урокі. Калі ў канцы снежня прыехалі настаўнікі зноў, у мяне ўсе кантрольныя за прапушчаныя тры месяцы былі выкананы.

Памятаю, матэматыку і фізіку выкладала Іаланта Канстанцінаўна. Яна была маленькага росту, проста і лёганька апранута, насіла акуляры з тоўстымі лінзамі. Неяк я спытаў у Аляксандра Мікалаевіча, чаму яна зімою прыязджае ў гумавых боціках. «Муж-афіцэр пры лагеры ўсё прапівае. Яна не ведае, што з ім рабіць», — адказаў Чарапанаў.

Вечарам я папрасіў загадчыка майстэрні па рамонту абутку пашыць валёначкі з абцасікамі са скураной абсаюзкай. Такія валёначкі шылі сваім жонкам лагерныя начальнікі. Назаўтра я забраў валёначкі.

Калі пачаўся ўрок, я пра­панаваў Іаланце Канстанцінаўне новы абутак. Смутак і сорам прамільгнулі на яе твары, але авалодала сабою, не стала пярэчыць: «Прыгожыя, мусіць не адкажуся».

Пра школу на зоне хочацца расказаць асобна. Кожны вучань вызваляўся ад працы на дні прыезда настаўнікаў па асабістай заяве навучэнца. Але штодзённа перад навучэнцам стаяла праблема, дзе знайсці ціхі вугалок, каб можна было пісаць кантрольныя работы. Для мяне такім пакойчыкам стаў умывыльнік жылой секцыі барака. Пасля працы некаторы час там было шматлюдна. Многія цікавіліся, што я пішу, нават спрабавалі чытаць. Але хутка прывыклі бачыць мяне тут з кніжкамі і не зважалі ўвагі.

Аднойчы я выйшаў з пакоя ўмывальні, калі ўсе спалі. Ціха пракраўся да сваіх нараў, разгарнуў ложак і хутка заснуў. Але спаць не давялося: мяне нехта тузаў за ногу. Будзіў мяне літовец, мужчына сталых гадоў: «Цябе заве начальнік участка».

«Рэзідэнцыя» начальніка ўчастка была ў гэтым бараку, толькі з другога канца. Двое двухпавярховых нараў былі адвешаны цёмнай матэрыяй. Літовец адхіліў вугал занавеса і ўпіхнуў мяне. Начальнік участка сядзеў на нарах, падцяўшы пад сябе ногі.

Тут былі брыгадзіры ўчастка. Я раз­гублены стаяў перад імі, а спіною адчуваў, што за мною стаіць літовец. «Чым правініўся? Што каму зрабіў шкоднае? За што мяне на суд?» — думаў я. Парушыў маўчан­не Фёдар Фёдаравіч Куляба, начальнік участка:

— Сынок, што ты пішаш кожны вечар? Можа «оперу» пішаш? — ціха спытаў ён. У яго вачах не было ніякай злосці. Прыгожы нос з гар­бінкай вельмі пасаваў да яго твару. Пра яго казалі, што ён «злодзей у законе». Я помніў тую заяву прыняць мяне на першы ўчастак, на якой ён напісаў «Не возражаю» з трымя памылкамі.

Я стаў гаварыць, што ёсць магчымасць скончыць дзесяць класаў, а пасля вызвалення прадоўжыць навучанне ў інстытуце.

— Вучыцца цяжка. Усе адпачываюць, а ты сядзіш позна і пішаш, — сказаў ён. — Пойдзеш поварам на ўчастак. Ідзі і забяры ў повара мяшок з прадуктамі. Калі вучышся ў дзесятым класе, то кашу варыць навучышся!

Літовец пацягнуў мяне на выхад. Повар з мяне атрымаўся някепскі, бо пазней мяне назначылі загадчыкам платнай сталоўкі.

5. З лесарубаў - у загадчыкі сталоўкі

Малюнак: Вера Шут
Дзякуючы маім заняткам у школе добрыя людзі пашкадавалі і паставілі мяне працаваць поварам. Варыў я рабочым у лесе. Харчавалася тут штодня не менш за сто чалавек. Варыў кашу. У адным катле — з ячменнай крупы. Гэта была дзяржаўная порцыя, абавязковая. У другім катле — абеды для тых, у каго былі грошы.

Сапраўдных грошай не было ні ў кога. Іх за­мя­нялі «боны» коштам 50 капеек і 1 рубель. Гэта былі сіненькія паперкі. Калі на тваім рахунку ёсць заробле­ныя рублі, то іх можна было абмяняць на «боны». Вось на гэтыя «боны» працавала ў зоне камерцыйная сталоўка. Варожае слова «камерцыя» жыло ў зоне пры сацыялізме.

Повар з мяне ат­рымаўся нядрэнны. Я зразумеў, што ў гэтай справе выратуе мяне адкрытасць. Таму атрымліваць прадукты на складзе ішлі са мною яшчэ два-тры чалавекі. Закладку гэтых прадуктаў таксама рабіў у прысутнасці людзей. Дапамагаў мне хлапчук Вася Пілін з горада Іванава. Ён мыў посуд, нарыхтоўваў дровы.

У маім меню сталі з`яўляцца гуляшы, салаты, макароны па-флоцку. Штодня — абавязкова смачны суп ці наварыстая руская капуста. За гэта мяне хвалілі адкрыта. Многія ўжо зусім адмаўляліся ад пустой абавязковай кашы. Яе больш даставалася тым, хто не меў «бонаў». А грошы на Першым участку мелі амаль усе.

І я ўсё выдумляў новыя стравы. Налаўчыўся пячы ў алеі пончыкі. Іх елі ў сталоўцы, бралі з сабой на працу. Нават кіраўніцтва іх нахвальвала.

Аднойчы ў сталоўку зайшоў старшы надзірацель Аляксей Іванавіч ці, прасцей кажучы, Лапаць. Ён ахвотна з`еў прапанаваны пончык. Ад другога быццам хацеў адмовіцца, але з`еў таксама. «Смачныя, дражджавыя», — пахваліў ён.

Яшчэ адна мая выдумка нават рабіла мне навар. Я дамовіўся ў магазіне з прадаўцом, каб тая давала мне слоік мёду. Выпякаў аладачкі і прапаноўваў іх з мёдам. Пасля з атрыманых за бліны «бонаў» частку вяртаў у магазін — за мёд. На гэтым меў добры «прыпёк» і я. Усе былі задаволеныя.

Аднойчы пасля абеду да сталоўкі прыйшоў начальнік кан­вою. Я прапанаваў яму абед, але ён адмовіўся. Пацікавіўся, ці ўсе паелі. Я пахваліўся, што пярловая крупа застаецца. Тады ён папрасіў гэтыя астаткі аддаваць яму. Я пагадзіўся. Толькі значна пазней даведаўся, што ён гэтую крупу мяняе на гарэлку ў вясковай жанчыны, якая жыла ў таёжнай вёсцы.

Штодня ў мяне заста­ва­ліся дзве-тры гадзіны вольнага часу. Іх я стаў выкарыстоўваць ў мэтах школьнай адукацыі. Калі атэстат за дзесяць класаў быў атрыманы, гэтыя гадзіны вольнага часу павялі мяне на дзялянку, дзе валілі тайгу. Тут пазнаёміўся з трактарам, у якога не было газавай устаноўкі. Замест яе стаяў дызельны рухавік, што працаваў на салярцы. Папрасіў трактарыста пазнаёміць мяне бліжэй з трактарам. Расказаў, што скончыў у зоне курсы, працаваў на трактары з газагенератарнай устаноўкай. У выніку я сеў на месца кіроўцы і паехаў. Гэты трактар мне здаўся цудам тэхнікі: моцны рухавік, не трэба з сабою вазіць запас драўляных кубікаў, вельмі падатлівы ў кіраванні.

На дзялянцы сабраў пакет паваленых ствалоў і прывёз на эстакаду. На мяне здзіўлена паглядалі рабочыя. Пасля гэтага аддаў трактар трактарысту, падзякаваў за нейкую радасць, што не развучыўся прафесіі механізатара.

Вечарам, калі атрымаў прадукты на наступны дзень, да мяне ў жылую секцыю барака прыбег пасланец ад начальніка лагера: «Хуценька да начальніка!»

Пайшоў. У кабінеце на­чальніка былі ўжо знаёмы мне трактарыст, брыгадзір і рабочы. Толькі пераступіў парог, а начальнік: «Заўтра пойдзеш трактарыстам. Яны кажуць, у цябе добра атрымліваецца».

Ад такой нечаканасці я стаяў ашаломлены. Але мяне прарвала нейкая смеласць. «Дадзіце пропуск — буду працаваць. Трактарыст павінен да прыезду брыгады ў ачапленне (у рабочую зону) прывезці з дзялянкі лесу не менш за адзін пакет, а лепей два. Тады брыгада не будзе марна траціць час, пакуль трактарыст забяспечыць яе працай. Так і з рамонтам. Заканваіраванаму трактарысту немагчыма паспяхова працаваць», — смела прапанаваў я. «Падумаем. Ідзі», — адказаў начальнік.

Я вяртаўся ў барак з думкай, што ўчынак, не прадуманы да канца, часам прыводзіць да дрэнных вынікаў. Але назад павярнуць жыццё немагчыма. Праз тыдзень мне выдалі пропуск, я стаў трактарыстам.

Працаваў старанна. Брыгада стала выконваць план. Аднойчы я затрымаўся, не паспеў на цягнік, які забіраў гружаныя вагоны з рабочай зоны. Пешшу да жылой зоны было каля 12 км. З тэлефона на пункце пропуску ў рабочую зону пазваніў у лагер, што затрымаўся, не прыйду.

Наступала ноч, таму трактар працаваў з уклю­чанымі фарамі. Я назбі­раў яловага галля, зрабіў з яго ложак і прылёг. Раптам убачыў у промні святла ад фары маладога зайчыка. Рухавік то павялічваў абароты, то памяншаў. Ад гэтага прамень то аддаляўся, то набліжаўся да трактара. Зайчык бегаў у гэтым святле, няздольны выскачыць на волю. Неяк горка стала на сэрцы: «Ці не такі зай­чык і я?»

6. Вольны ў няволі

Трактарыстам працаваў нядоўга, пакуль трактар зусім не даламаў. Пагрузіў на платформу, увязаў, каб за доўгую дарогу дзе на зляцеў. Паравоз павёз яго ў цэнтральную майстэрню на станцыю Конаша. Я сеў на чыгунку і чуць не заплакаў. Так было шкада трактара.

Яшчэ не ведаў, што будзе са мной далей: адбяруць пропуск і адправяць у брыгаду. Хоць які я вольны ў няволі? Але значна прыемней хадзіць аднаму, не пад канвоем. Вечарам вызвалі да галоўнага механіка. «Начальнік лагера прызначае цябе механікам па абслугоўванні аўта­кранаў», — сказаў ён. Усе ведалі, што былы механік адбыў дзесяць гадоў у лагеры, цяпер адбывае дабаўку — пяць гадоў высылкі. Ён быў з Украіны, насіў вусы пад Тараса Шаўчэнку.

Мая задача была да прыезду брыгады трымаць аўтакраны праца­здоль­нымі. Аўтакранаў было тры. На кожным з іх пра­цавалі асуджаныя людзі, без пропуску. Пры першым знаёмстве сустрэлі мяне ветліва. Адзін з кра­наўшчыкоў паказаў пагнутае месца ў страле, кран трэба гнаць у майстэрню лагера. Галоўны механік пра гэта ведае, але пакуль нічога не робіць. Пры сустрэчы на маё пытанне галоўны адказаў: «Каб прыгнаць аўтакран у май­стэрню, трэба знайсці вольнага чалавека з пасведчаннем кіроўцы. А дзе яго ўзяць?» Такога пасведчання ў мяне не было, але кіраваць аўтамабілем умеў. Калісьці ў калгасе быў памочнікам шафёра, як казалі, стажорам.

Прыехаў на гэтым кране ў пасёлак, да майстэрні заставалася зусім блізка. Раптам убачыў, каля хаткі старшага наглядальніка Лапця стаяць яго жонка з дачкой. Гэта тая самая Галя, да якой калісьці масквіч Генадзь Бокчын учыніў пабег з зоны. Мяне нячыстая пацягнула на геройства. Пад`ехаўшы бліжэй, выключыў рухавік і зноў уключыў. Раздаўся выбух, як з гарматы. Вылез з кабіны, зняў шапку і павітаўся з імі нізкім паклонам, заглянуў у матор і паехаў далей.

На прадвесні да нас дайшлі добрыя навіны. Першы ўчастак сабралі на сход. Прама ў жылую зону зайшло высокае начальства і аб`явіла, што ўсе з першага ўчастка будуць расканваіраваны і змогуць жыць у пасёлку. Толькі для гэтага трэба пабудаваць жыллё.

Настрой у лю­дзей падняўся. Вярнуўшыся з працы, многія ішлі пад прыглядам салдата, а то і без яго, рэзалі лес недалёка ад зоны. Саматугам цягнулі да месца будоўлі барака. Да восені яго пабудавалі. На першым паверсе былі жыллёвыя пакоі для кожнай брыгады, а таксама вялікая зала — сталовая, якая мела акно ў кухню. На другім паверсе некаторыя будавалі для сябе асобныя пакойчыкі з на­дзеяй, што прыедуць жонкі. На гэтым паверсе была бібліятэка, цырульня. Барак абнеслі калючым дротам, але аховы не ставілі. У адзін бок ад барака стаяла прыбіральня, у другім баку — невялічкі домік, у якім былі камерцыйныя магазін і сталоўка.

Цікавым было перасяленне ў гэтую зону. Яно было прызначана на вы­хадны дзень. У жы­лую секцыю барака сабралі ўсіх з участка. Прысутнічалі начальнік участка, на­чаль­нік лагера, началь­нік рэжыму і два прыезджыя палкоўнікі. На асобным стале ляжала высокая кіпа нашых «спраў». Начальнік лагера браў папку, чытаў прозвішча. Названы ўскокваў і дапаў­няў імя, імя па бацьку, параграф кодэкса, па якому і калі асуджаны і на колькі гадоў. Начальнік лагера звяртаўся да начальніка ўчастка: «Куляба, бярэш яго?» Усе напружана чакалі, што адкажа Куляба. Той аглядваў чалавека і няспешна адказваў: «Бяру». Усе лёгка ўздыхалі, а чалавек шчасліва ўсміхаўся.

Выйшлі на пасяленне ўсе прыбалты і беларусы. Не даверыў Куляба толькі двум: маладому хлопцу, асуджанаму за кішэнную кражу, і яшчэ аднаму мужчыне за згвалтаванне.

Новае пасяленне ў лагеры пачалі называць малой зонай. Лічылі, што такое стала магчымым толькі пасля рашэнняў ХХІ з`езда КПСС, які праходзіў ў Маскве з 27 студзеня па 5 лютага 1959 года…

7. Новы паварот лёсу

Малюнак: Вера Шут
Нават у архангельскай тайзе адчуваўся надыход вяс­ны. Каля ствалоў дрэў сталі з`яўляцца праталіны. У такую пару паклікаў мяне да сябе ў кабінет галоўны механік. «Кра­наў­шчыкі абыдуцца без цябе, бо вясна, цёпла, — сказаў ён. — Трэба хутка рыхтаваць новую зону ў тайзе, расчысціць просекі, на якіх будуць пастаўлены вышкі. Да эстакады чыгу­начнікі пададуць платформу з новым трактарам. Разгрузі яго і прыгані ў майстэрню».

Трактар быў новы, з за­вода. Здавалася, што ад яго ідзе пах фарбы.

Калі прыгнаў на тэрыторыю майстэрні, сабраўся люд, каб падзівіцца. Канструктыўна ён быў такі, што калісьці я ад­правіў у майстэрню на рамонт.

Адправіўся ў малую зо­ну палуднаваць. А ка­­лі вы­ходзіў з яе, наглядальнік сказаў, каб ішоў да на­чальніка лагера.

У кабінеце з начальнікам быў галоўны інжынер Папоў. «Будзеш на новым трактары расчышчаць просекі пад новую рабочую зону. Працаваць увесь светавы дзень. Сой­дзе снег — паставім вышкі. Палуднаваць будзеш у рабочай зоне, начаваць прыязджаеш у малую зону».

У першы дзень вырашыў праехаць трактарам па ўсёй паласе. У супрацьлеглым ад чыгункі баку ўбачыў запарушаную снегам сцяжынку ад іс­нуючай рабочай зоны ў глыбіню тайгі. Па сцяжынцы нехта хадзіў з саначкамі. З гэтага месца вырашыў пачаць расчыстку паласы. Працаваў некалькі дзён, але свежых слядоў на сцяжынцы ніхто не пакінуў.

Аднойчы ў сонечны дзень на сцежку стаў гусеніцай трактара і рашыў адпачыць. Рухавік працаваў на ма­лых абаротах, ад яго ў ка­біне было цёпла. Я прылёг на капот рухавіка і задрамаў.

Ачнуўся ад нейкага страху. Мне здалося, што з лесу на мяне нехта глядзіць. Сапраўды, на сцяжынцы стаяла жанчына ў плюшаўцы, адной рукой трымала за матузок саначкі. Я вылез з кабіны і папрасіў яе падысці бліжэй. Жанчына выглядала зморанай: шэры твар, худзізна, бедная вопратка — усё гаварыла аб нялёгкім яе жыцці. На пытанне, куды ідзе, адказала: «Іду шукаць якой-небудзь крупы. Вось дайду да ачаплення, можа, салдацікі чаго дадуць. У мінулы раз далі кіло шэсць».

Я адразу ўспомніў, чаму начальнік канвою прасіў аддаваць яму астаткі крупы, калі працаваў поварам.

«Мяняла на гарэлку?» — спытаў я. Жанчына маўчала. І я прапанаваў ёй камерцыйную здзелку: памяняць пару цёп­лых ніжніх споднікаў на пляшку гарэлкі. Нядзеляй пазней у прыдачу паабяцаў даць крупы. Яна згадзілася. Тады я зняў з сябе кажушок, распрануўся на ім, зняў з сябе з штучнай воўны нацельнае вырабу ГДР і памяняў на пляшку гарэлкі.

У рабочай зоне повар абрадаваўся маёй прапанове. Ён перастаў даваць начальніку канвою астаткі крупы. Да сабранай крупы дабавіў дзве кансервы кітайскай свініны. Калі жанчына зноў прыйшла, усё гэта перадаў ёй.

Яна расказала, што ад рабочай зоны на адлегласці дзесяць кіламетраў сярод тайгі невялічкая вёска. Калісьці быў кал­гас. Цяпер ні аднаго пра­цаздольнага. Жыхары, якія засталіся, не ат­рымліваюць пенсіі, нікому не патрэбныя.

Пакуль сышоў снег, я ачысціў просекі ад зрэзаных дрэў. Мож­на было ставіць выш­кі.

Мой лёс зрабіў у зо­не круты разварот. Мне зноў загадалі зайсці да начальніка лагера. За сталом ён сядзеў яшчэ па-зімоваму апрануты. На маё «здравствуйте» не падняў галавы. Як быццам не чуў, што нехта зайшоў у кабінет. Я стаяў і чакаў. І раптам рэзка: «Пастаў трактар на двары майстэрні і чакай начальніка бухгалтэрыі. Прымеш камерцыйную сталоўку ў зоне. Той зло­дзей арыштаваны. За кожную тысячу растрачаных рублёў атрымае год дабаўкі».

Не паспеў я памыцца ў малой зоне, як да мяне прыйшоў начальнік бухгалтэрыі. Перапісалі маёмасць сталоўкі, прадукты на складзе. З гэтага пачалася зусім нечаканая пасада — загадчык камерцыйнай сталоўкі.

8. Заляцанне не ў добры час

Малюнак: Вера Шут
Справы ў сталоўцы ішлі нядрэнна. Раз у нядзелю рабіў сабе рэвізію, таму жыў спакойна. А неспакой адчуваў ад таго, што за сцяною сядзела дзяўчына, якая выпісвала боны, — Галя Калпакова, дачка вялікага знаўцы лагера па прозвішчы Лапаць.

Стаў часцей за­хо­дзіць у магазін. Толькі я цераз парог — Галя падымае галаву, усміхаецца і падае руку. Я па-арыс­такратычнаму падношу яе ручку да сваіх вуснаў і чмокаю. Сашка, прадавец магазіна, смяецца, маўляў, так пралетарыі не цалуюць. «Пацалуй, як трэба цалаваць дзяўчыну», — прыказвае. Нечакана для самога сябе я абняў і пацалаваў. Пацалунак зацягнуўся, а Галя не супярэчыла.

«Згарыш чорным полымем. Запячэ цябе Лапаць на штрафны лагер і будзеш там кукаваць да званка, — думаў падчас пацалунка. — Не, сюды хадзіць небяспечна». Спужана адпіхнуў дзяўчыну, а яна глядзела на мяне і маўчала. Сашка падаў параду: «Вы маеце магчымасць сустрэцца за зонай, толькі падбярыце дзень».

Такі дзень настаў. Я выйшаў да месца сустрэчы, калі пачало цямнець. Галя не спазнілася.

— Куды пойдзем? — спыталася яна.

— Пойдзем па праспекце пасёлка Сіеньга, — адказаў я.

Праспект — гэта насмеш­лівая назва дарогі з пасёлка ў бок чыгункі, па якой штодзень вадзілі да цягніка арыштантаў, якіх адпраўлялі на працу ў тайгу.

У гэтым месцы стаяў хлеў, у якім трымалі коней і другую жыўнасць.

Дарога была няроўная, месцамі выслана бярвен­нямі. Я баяўся, каб Га­ля, маючы дрэнны зрок, не спатыкнулася і не ўпала, таму лёгка падтрымліваў яе пад руку.

— Што будзе са мною, калі бацька даведаецца пра нашу прагулку? — спытаў я.

Галя памаўчала, а пасля сказала:

— Нам абодвум будзе дрэнна.

— Ты тады прыедзеш да мяне ў штрафны лагер?

— Спадзяюся, да гэтага не дойдзе.

Галя замаўчала, нейкі час мы ішлі моўчкі. Раптам дзяўчына спытала:

— А тая дзяўчына, што піша табе, прыгожая? Чаму не прыехала да цябе? Ты ж будаваў сабе пакой у бараку малой зоны.

— Прыгожая, вялі­кія вочы. Працуе піянер­ва­жатай у школе.

— Я бачыла яе фо­таздымак. Машонкіна спецыяльна мне паказала. Яна чытае кожны твой ліст.

— У нас такі звычай: дзяўчына сама не едзе да хлопца. Калі б былі жанатымі, мусіць, прыехала б.

— Не любіць, таму і не едзе. Там хлопцаў многа.

— Ты чаму нікуды не едзеш? — я паспрабаваў перавесці размову ў ін­шым напрамку.

— Мама адна застанецца. Мне шкада яе. Ты ж бачыш, бацька, акрамя службы, нічога не ведае.

Мы ішлі нетаропка. Я расказваў, як прыгожа ў Беларусі, які быў вялікі сад, але бацька яго высек, бо не было чым плаціць падаткі.

Над лесам стаў паказвацца месяц. Галя схамянулася:

— Трэба дадому, шукаць будуць…

На развітанне сказала, каб часцей прыходзіў у магазін…

Назаўтра вечерам мне перадалі запіску ад Чарапанава, у якой ён пра­­панаваў перадаць яму атэстат аб сярэдняй адукацыі і рыхтавацца да паступлення ў Ленінградскую лесатэхнічную акадэмію.

Мае спадзяванні ажылі, трэба дзейнічаць. Але як забраць атэстат без дазволу начальніка лагера, я не ведаў. Жыццё паказала не раз, што да маёй адукацыі ён адносіцца проста варожа. Адно спа­дзяванне на супрацоўніцу спецчасці Машонкіну. Спадзяваўся на яе мацярынскую ласку.

Пастукаўся ў дзверы і нясмела пераступіў парог.

— Мне трэба забраць атэстат. Зрабіце гэта, я вас прашу, — пачаў я.

— Навошта? Каб распі­сацца з Галяю, патрэбен пашпарт?

Я здзіўлена глядзеў на яе, а яна, як мне здалося, здзекліва з мяне смяялася. Яна працягнула:

— Адміністрацыі вядома, што гуляеш вечарамі з Галяй, вас бачылі…

— Мяне абяцаюць прыняць у інстытут, — клянчыў я сваё.

Яна адкрыла сейф, дастала маю папку, пагартала. Сказала, што без дазволу начальніка не можа аддаць атэстат, і прапанавала зайсці да яго ў кабінет. Мае надзеі адразу зніклі.

Тараканаў сядзеў за сталом. Калі Машонкіна дагаварыла пра маё прашэнне, начальнік лагера злосна адказаў: «Ніякіх атэстатаў!» Мы моўчкі выйшлі з кабінета.

У калідоры Машонкіна прапанавала зайсці да яе. На сваім стале пашукала аркуш чыстай паперы, падала мне. «Пішы распіску, што атэстат атрымаў на рукі», — сказала яна, чым нечакана здзівіла.

Атрымаўшы атэстат, сха­ваў яго за пазухай. Бег да сябе ў зону, не адчуваў пад нагамі зямлі. У галаве гудзела думка: «Ёсць у сістэме лагера добрыя людзі! Не забаялася!»
Вечарам таго ж дня перадаў атэстат цераз машыніста цягніка ў Ерцава Чарапанаву.

Ішлі дні, я жыў сваёй патаеннай радасцю. Некалькі дзён не заходзіў у магазін. І вось не вытрымаў, зайшоў. Галя здзіўлена паглядзела на мяне, а мне падалося, што хоча спытаць, чаму не прыходзіў. Магазін закрылі, і яна прапанавала прагуляцца.

— Бацькі два дні не бу­дзе. Яго выклікалі ў Ерцава, — патлумачыла яна.

Мы ішлі па праспекце. Я сказаў, што пра нашы сустрэчы вядома ў пасёлку. Галя засмяялася:

— Нас бачыў муж Ма­шон­кінай. Ён прыйшоў на канюшню набраць ні то сена, ні то аўса козам. Акрамя іх, пра нашу сустрэчу ніхто не ведае.

Мне стала смешна. У лагеры сядзяць за тое, што ў калгасе ўзялі крыху саломы, а тыя, хто іх утрымлівае, самі крадуць. Галя толькі павяла плячыма:

— У іх дзеці малыя, трымаюць коз. Пра калгас я бачыла кіно «Кубанскія казакі». Жывуць прыгожа.

Мяне яе словы раззла­валі:

— Калгас — гэта лагер таксама. Каб з яго не паў­цякалі, нікому не даюць пашпарты. З гэтага лагера не выпускаюць, бо не будзе працы такім, як Калпакоў, Тараканаў, Князеў.

— Ты злосны на мяне? У чым я вінаватая? Была маленькая зусім, калі бацьку перавялі сюды. Мама была рада: вакол тайга, а хата на беразе возера.

Я не даў выказацца да канца, бо нейкая злосць кіпела ў душы.

— Едзь на поўдзень Расіі. Там цёпла. Уладкуешся на завод, будзеш працаваць.

— А ты мяне завязеш у Беларусь?

— Нашы сустрэчы да пары, пакуль стане вядома бацьку. Ты не здагадваешся, што пагражае мне?

— Было б смешна бачыць цябе і бацьку за адным сталом. Налілі па чарцы і адзін аднаму кажаце: «На здароўе».

Мне здалося, што яна смяялася з мяне. Мы вярнуліся моўчкі і разышліся.

Балюча захацелася пабачыцца з тою, з кім калісьці гуляў па Бабруйску. Цяпер яна працуе на радзіме ў школе. Чамусьці не думалася, што там яна танчыць, спявае, а пасля кавалеры вядуць яе дадому. А тут сустрэчы з Галяю пагражаюць скончыцца бядою. Я гэта разумеў, але праходзілі дні і я зноў заходзіў у магазін.

9. Здзяйсненне першай надзеі

Малюнак: Вера Шут
Наступіў дзень, калі вечарам у сталоўку прыбег сяржант. «Цябе вызывае начальнік лагера Тараканаў. Хуценька», — сказаў ён мне. «Вось і наступіў той дзень бяды», — падумаў я, звязаўшы гэты выклік з Галяю.

У кабінеце начальніка лагера было накурана. Тут сядзеў галоўны механік, начальнік рэжыму Шкурын, галоўны інжынер. Каб мяне заканваіраваць, не патрэбны Папоў, тым больш механік. Значыць, вызвалі для чагосьці іншага.

Павітаўся і падпёр спіною дзверы. «Да нас прыбываюць аўтакраны. Разгрузіць на другім участку. На перадачу сталоўкі два дні», — сказаў Тараканаў.

Новая праца патрабавала больш часу. Ускладнялася яна яшчэ і тым, што краны знаходзіліся на двух участках, якія ад лагера былі ў розных накірунках. З гэтай прычыны мне на тумбачку паставілі тэлефон, каб была сувязь з участкамі, а таксама з чыгуначнай станцыяй.

Днямі прападаў на ўчастках. У малую зону вяртаўся позна, заходзіў на кухню, прасіў павячэраць. Даўно не за­ходзіў у сваю былую сталоўку і ў магазін. Нават стаў забывацца пра Галю. Неяк галоўны механік даў мне падпісаную начальнікам лагера заяўку на атрыманне неабходных матэрыялаў і сказаў: «Днём зойдзеш у бухгалтэрыю і выпішаш усё гэта».

Пераступіў парог і здзі­віўся: Галя сядзела тут і нешта пісала. Здавалася, што ўсе жанчыны гля­дзяць на мяне. Нават жонка Шкурына, бяспрэчная валагодская прыгажуня, перастала пісаць.

Калі паперкі былі выпісаны, Галя пахва­лілася, што едзе вучыцца ў Архангельскую школу бухгалтараў. Выглядала шчаслівай, мусіць, ад та­го, што пакі­дае гэты таёжны лагер. Я пахваліў за муж­насць і сказаў не забываць Сіеньгу, мелася на ўвазе не забываць мяне. Гэта была апошняя сустрэча да яе ад`езду на вучобу.

Пра маю вучобу пакуль ніякіх звестак. Я перастаў чакаць пасылку з кнігамі, бо разумеў, што маё паступленне нестандартнае, такога няма ў дзяржаўных правілах. Таму саромеўся турбаваць Чарапанава.

Неяк познім каст­рычніцкім вечарам нечакана зазваніў тэлефон. «Ваша бандэроль у папяровым мяшку перададзена пажарнікам пасёлка», — пачуў я голас Машонкінай. І больш ні слова.

Я не сумняваўся, што гэта бандэроль з кнігамі. Вырашыў, што, вяртаючыся з працы, буду заходзіць у пажарную часць і па адной кніжцы пераносіць у малую зону. Але калі ўсе спалі, у секцыю зайшоў пажарнік і перадаў мне мяшок з кнігамі.

Сэрца маё калаці­лася. У той момант я быў самым шчаслівым чалавекам на свеце. Уключыў святло і стаў разбіраць мяшок. Сярод падручнікаў у канверце знайшоў вы­піску з загада рэктара лесатэхнічнай акадэміі імя Кірава аб маім залічэнні ў студэнты на лесамеханічны факультэт па спецыяльнасці «інжынер-механік».

Я моцна прачытаў гэтую выпіску і не пачуў ніякага папроку, што разбудзіў людзей. Не паспеў расста­віць падручнікі на сваю этажэрку, як у секцыю прыбег загадчык бібліятэкі Іван Іванавіч. «Усе кніжкі — у бібліятэку, — параіў ён. — Пакінь некалькі менш значных. Магчыма, заўтра прыйдуць і ўсе адбяруць».

Амаль усе кнігі пад­нялі ў біблія­тэку, расс­тавілі сярод іншых. Іван Іванавіч шчыра павіншаваў мяне з паступленнем у інстытут. Ноч амаль не спаў. Ранкам прысутнічаў на разводзе, выносіў з інструменталкі заказаныя ўчасткам прылады, каб адправіць цягніком з рабочымі. Зда­лёку назіраў за на­чальнікам лагера. Да мяне ў яго ніякай цікаўнасці. Значыць, не ведае пра бандэроль з кнігамі.

Вечарам вярнуўся ў малую зону разам з усімі. Пераапрануўся, памыўся, узяў лыжку і пайшоў у сталоўку. Не скончыў вячэраць, як пачуў, што на калідоры хтосьці выклікае маё прозвішча. Гэта быў старшы лейтэнант. Уба­чыўшы мяне, ён сказаў: «Да начальніка лагера!»

Цікавіла, чаму па мяне даслалі афіцэ­ра, калі можна было даслаць дзяжурнага на вахце. Лейтэнант на мае пытанні адказваў: «Не ведаю».

У канторы лейтэнант застаўся на калідоры. Я адкрыў дзверы ў кабінет начальніка. Памятаючы, як хацелася яму пабіць мяне перад строем, я дапускаў, што гэта ён паспрабуе зрабіць цяпер.

Па зоне хадзілі чуткі, як біў аднаго зэка ў кабінеце. Калі той паваліўся на падлогу, начальнік кінуў яму нож. Але ў зэка хапіла розуму да нажа не дакрануцца.
Я рыхтаваў сябе да розных варыянтаў нашай размовы, толькі не спадзяваўся, што яна бу­дзе лагоднай.

Начальнік сядзеў за сталом. Я прытрымліваў за спіной левай рукой дзверы, каб шчыльна не зачыніліся. На маё прывітанне «здравствуйте» не адка­заў. Маўчанне цягнулася нядоўга. Раптоўны выбух гневу: «Ты што (абазваў мяне мацюкамі) прыехаў сюды акадэміі заканчваць!?» Не пас­пеў начальнік дайс­ці да мяне, я адкрыў дзверы і выскачыў за парог. На калідоры стаяў лейтэнант. Я прабег міма яго і пабег у малую зону. Калі пасадзіць у штрафны ізалятар ці забярэ пропуск, няхай гэта робіць з зоны.

Але праходзілі дні, мяне не чапалі. Таму тыдні праз два я пачаў вечарамі працаваць над кантрольнымі работамі. І гэта праца мяне акрыляла.

10. Апошняя зіма ў лагеры

Малюнак: Вера Шут
Адыходзіў у гісто­рыю 1959 год. Спадзяюся, што для большасці грамадзян Савецкага Саюза, а таксама для тых, хто яшчэ знаходзіўся ў лагерах, ён запомніўся ХХI з`ездам Камуністычнай партыі, які праходзіў з 27 студзеня па 5 лютага ў Маскве. У выніку з`езд прыняў сямігадовы план развіцця народнай гаспадаркі СССР. Са старонак газет, з дынамікаў радыё гучала: «Выканаем і перавыканаем!» Для нас, хто ў лагеры, азначала працаваць і працаваць. Калі раней звяно з 6−7 чалавек за дзень грузіла лесам адзін вагон, то цяпер абавязкова два, а то і тры. Праўда, дапамагалі аўтакраны.

Начальнік лагера часцей збіраў брыгадзіраў, ставіў брыгадам больш высокія планы. Брыга­дзе капітана Савецкай Арміі Барыса, якую судзілі за Венгрыю 1956 года, дазволілі пад адказнасць Барыса пасля пагрузкі марна не прападаць у рабочай зоне, ісці без суправаджэння канвою ў жылую зону, каб па­вялічыць час для адпачынку. «Социализм одержал в СССР полную и окончательную победу», — гаворыцца пра гэты з`езд у гісторыі КПСС (стар. 719).

Я прападаў днямі на ўчастках, стараўся зрабіць усё магчымае, каб толькі працавалі аўтакраны. Да насту­паючай зімы пры­думаў канструкцыю «вядро-печку» для кожнага крана. Пакуль грузчыкі ўстановяць вагон, настрояцца да пагрузкі, рухавік аўтакрана ўжо падагрэты.

Калі стаў студэнтам, мне патрэбен быў вольны час для заняткаў. Часта браў на працу з сабой падручнік. Краны працуюць, а я стараюся выконваць кантрольную. У жы­лой зоне перапісваў і гатовую адпраўляў пасялковай поштай.

У напружаным тэмпе час ішоў да Новага 1960 года. За тыдзень ці два да яго позна вечарам на тумбачцы ў мяне зазваніў тэлефон. «Галя ў Архангельску выходзіць замуж за матроса», — сказала Машонкіна. «Такое хуткае знаёмства, ды яшчэ з матросам? — вярцелася ў маёй галаве. — Гэта не той адзіны замуж, які патрэбен дзяўчыне».

У апошні дзень адыхо­дзячага года аўтакран гру­зіў чатыры вагоны доў­гамерам. Працоўны дзень скон­чыўся, калі Новы год ад нас далёка зайшоў на захад. У жылой зоне нас чакала сталоўка. Першы дзень новага года аб`явілі святочным. Грузчыкі паснедалі і зноў улягліся на свае нары.

Я сядзеў з кніжкай у руках, калі нечакана да нас зайшоў старшы нагля­дальнік Калпакоў з двума салдатамі. «Бярыце вось гэтыя крэслы і скамейку», — паказаў салдатам. Сам узяў два крэслы. Выходзіў нетаропка.

Калі параўняўся са мною, я моцна на ўсю секцыю сказаў: «Аляксей Іванавіч, што вы робіце, за каго Галю замуж аддаяце?» Ён павярнуўся да мяне: «А табе якая справа?» Я зрабіў крок яму насустрач і крыкнуў, стукаючы кулаком сабе ў грудзі: «Вось ваш зяць!»

На нас з-пад коўдр глядзелі грузчыкі і рагаталі. Аляксей Іва­навіч махнуў у мой бок рукою і выказаўся: «Такіх зяцёў у мяне — да Масквы». Услед яму крыкнуў: «Аляксей Іванавіч, шкадаваць будзеце».

Нехта пасмяяўся і за­быўся. Мне было яе проста шкада. Чамусьці разуме­лася, што здарылася нешта дрэннае. Але ў думках пажадаў: «Хай жыве шчасліва».

У жыцці першага ўчастка ў пачатку 1960 года здарылася нечаканая з`ява: з Масквы едзе дэлегацыя з ЦК прафсаюзаў лясной прамысловасці і вязе пераходны Чырвоны сцяг пераможцу ў сацыялістычным спаборніцтве.

Прыбіраем барак. Дарога ад канторы да малой вахты ў траншэі амаль вышынёй з чалавека. Яе сцены размалёваны жоўтымі падцёкамі. Гэта раніцай мужчыны на сцяну спраўлялі малую патрэбу, чакаючы, пакуль збяруцца ўсе, каб ісці да цягніка. Прыгналі трылёвачны трактар і яго шчытом зрэзалі размалёўкі.

У выхадны дзень пасля сняданку нас усіх запрасілі ў сталоўку. На сцэне стол, пакрыты чырвоным паркалем. Начальнік лагера і двое цывільных зай­маюць месца за сталом. Адзін з цывільных трымае за высокае дрэўца сцяг, згорнуты пад чахольчыкам.

Начальнік лагера гаворыць, што Першы ўчастак, які ўключыўся ў сацыя­лістычнае спабор­ніцтва, выканаў план нарыхтоўкі і адгрузкі драў­ніны народнай гаспадарцы і па выніках го­да заняў першае месца, за што ўзнагароджаны пе­ра­ходным Чыр­воным сця­гам.

Той цывільны, што трымаў сцяг, сказаў: «Шка­да, што тут няма на­чальніка ўчастка. Яму з вялікай радасцю перадаў бы Чырвоны сцяг».

У зале загудзелі: «Як няма — вось ён». І сталі паказваць на Фёдара Кулябу, які сядзеў у апошнім радзе. Куляба нясмела падняўся, а галасы падганялі: «Ідзі, бяры сцяг, не сядзі». Маскоўскі госць са здзіўленнем запрасіў Кулябу ў прэзі­ды­ум. Калі Фёдар Фёда­равіч падняўся на сцэ­ну, зал узарваўся апладысментамі.

Госці паехалі, сцяг не­калькі дзён стаяў у ста­лоўцы, пасля яго бачыў у кабінеце на­чальніка лагера. Ча­му начальнік лагера не захацеў паказаць маскоўскім гасцям начальніка ўчастка? Не хацелася яму сядзець у прэзідыуме побач з былым злодзеем у законе?

Маё асабістае жыццё было напоўнена выкананнем кантрольных работ за першы курс. Сярод такога ціхага аднастайнага жыцця лёгкі ветрык здаецца штормам.

Познім вечарам тэлефонны званок. І Ма­шон­кіна сказала: «У Га­лі замужняе жыццё скончылася, сядзіць дома». «Напрарочыў, на­каркаў», — думаў я. Але перада мною стаяў Лапаць і чуўся яго голас: «Такіх зяцёў у мяне — да Масквы». Галя нідзе не паказвалася. Хутка гэту навіну стаў забываць.

11. Вясна свабоды

Малюнак: Вера Шут
Прыйшоў час, калі вясна пакацілася па тайзе. Ста­ла больш сонечных дзён. Нават сцены снежнага тунэля пры падыходзе да малой зоны, быццам стомленыя за доўгую зіму, прыселі да зямлі.

У такі сонечны дзень вяртаўся з майстэрні ў малую зону. Ужо на падыходзе да вахты нечакана сустрэўся з Галяй. Апусціўшы галаву, хацела абмінуць, але я заступіў дарогу.

— Не трэба, бацька бачыць.

— Няхай бачыць, — ад­казаў я і зноў не даў прайсці. — У 10 вечара чакаю каля канторы.

Яна абышла мяне і пабегла. Я стаяў і паглядаў услед. На вахце дзяжурыў яе бацька Аляксей Іва­навіч і ўсё бачыў. Я моўчкі падаў пропуск, ён моўчкі прапусціў мяне ў зону. У гэты вечар не ішла навука, мучыўся пытаннем, навошта запрасіў на сустрэчу.

У дзевяць вечара выйшаў з вахты. Аляксей Іванавіч спытаў: «Куды?» — «У майстэрню, — адказаў. — Трэба паглядзець, як выконваецца заказ».

Ён аддаў пропуск і вы­пусціў мяне.

У майстэрні трохі па­ш­вэндаўся, папярэдзіў брыгадзіра, каб сказаў, што я тут, калі будуць цікавіцца. Не паспеў адысці, як раздаўся тэлефонны званок.

«Тут ён, — сказаў брыгадзір. — Пазваць?» Але зваць не спатрэбілася.

На двары стаяў шэры змрок. Яшчэ здалёк уба­чыў постаць Галі.

— Куды пойдзем? — спытаў.

— Па праспекце, — адказала яна.

Мы выйшлі на дарогу. Нашы постаці рэзка маляваліся на белым снезе.

— Ты запрасіў, каб па­смяяцца з мяне?

Я не ведаў, што сказаць.

— Ты вучышся? Будзеш інжынерам. Табе можна добра ўладкавацца і тут.

— Не, я толькі ў Беларусь.

— Табе піша Ліля?

— Піша.

— Абяцаў ёй жаніцца?

— Не ведаю. Там яна жыве іншым жыццём і сярод людзей. Мо, як і ты, замуж збіраецца.

— Не смейся з мяне.

— Не буду.

Мы дайшлі да коннага парку, вярнуліся і развіталіся.

Прайшоў яшчэ тыдзень ці два. Па дарозе на працу машыніст цягніка паказаў газету «Комсомолец Севера». «Здесь интересный фельетон про дочь вашего надзирателя», — сказаў ён. Сапраўды, фельетон на ўвесь разварот з двума фотаздымкамі: Галя на фоне рэстарана «Север» і зяць у паласатай матросцы, задраўшы ногі на стол, застаўлены пляшкамі. Вялікімі літа­рамі загаловак: «Зять пропивает приданое от тестя». Той, хто пісаў фельетон, не скупіўся на шчадроты цесця.

— Як? — спытаў ма­шыніст, калі прачытаў.

— Мярзотнік пісаў, мярзотнік друкаваў. Яшчэ большы мярзотнік той матрос. Дзяўчына не разглядзела. Ды калі было разглядзець? Нарадзілася і вырасла ў лагеры, толькі па другі бок калючага дроту. Што яна бачыла, што ведае?

— Ну ты разышоўся, быццам шкада табе?

Сапраўды, я, мусіць, па­гарачыўся. Лапцю так і трэба, а Галі зрабілі балюча. Ці ведае пра гэты фельетон?

Прайшоў час, снег амаль знік. А светавы дзень стаў яшчэ большым. Сустракацца на вуліцы — значыць, каб усе бачылі. Вырашыў, што лепшага месца для сустрэчы няма, як насосная будка на возеры. Каб туды трапіць, трэба прайсці міма Галінай хаты і зоны майстэрні. Гэтай дарогай хадзілі ўсе. Да назначанага часу яна прыйшла. Спытаўся, ці ведае яна пра фельетон у газеце.

— У нас мо дзесяць экзэмпляраў гэтай газеты. Бацька забраў усе, што дасылалі ў пасёлак.

Я стаў гаварыць, што ёй трэба набрацца мужнасці, пакінуць пасёлак, паехаць на камсамольскую будоўлю. Усё забудзецца, будзе каханне з сапраўдным камсамольцам.

— Буду чакаць твайго вызвалення, а пасля з`еду. Ты ж мяне не забярэш з сабой?

Ад такога пытання я раз­губіўся, нешта мямліў, што застанемся сябрамі. Нечакана пачуўся скрып крокаў па масточку да буд­кі. Расчыніліся дзверы, на парозе з`явіўся Аляксей Іванавіч. Моўчкі паглядзеў на нас, а пасля грозна: «Сучка, марш дамоў! А цябе, гад, заганю, дзе Макар цялят не пасвіў!» Галя вышмыгнула з будкі і пабегла дадому.

Я павольна ішоў у зону. За мною, крокаў дзесяць ззаду, ішоў мой лепшы ахоўнік Лапаць. На вахце здаў салдату пропуск. Суседу па нарах сказаў, што застукаў мяне Лапаць, заўтра адбяруць пропуск. Але праходзілі дні, пропуск не адбіралі. Мне хацелася сустрэцца з Галяй зноў. Падпільнаваў, калі бухгалтэрыя скончыла працоўны дзень, і сустрэўся на дарозе да хаты.

«Бацьку сказала, што перайду да ця­бе ў зону жыць. Ты спадабаўся мне з першай сустрэчы, — зашаптала Галя. — А калі пацалаваў мяне ў магазіне, нешта ёкнула. Я спадзявалася, што пацалуеш яшчэ, а ты не здагадаўся. Таму пацалуй цяпер».
Яна абхапіла мяне і прыпала губамі. Першы раз цалаваліся адкрыта. «Цяпер буду ведаць, што цалаваў мяне той, каго так доўга патаемна кахала», — яна засмяялася.

12. Зноў пад канвоем

Малюнак: Вера Шут
Праходзілі дні, я па-ранейшаму выходзіў з зоны па пропуску. Стаў звыкацца з думкай, што да маіх сустрэч з Галяй няма нікому справы. Але аднойчы мой галоўны механік на ранішнім разводзе сказаў:

— Два дні таму на планёрку да начальніка заходзіў Калпакоў і расказаў сваю бяду, што дачка ўтрэскалася ў хулігана. Прасіў цябе заканваіраваць, бо сустракаецеся адкрыта. А начальнік рэжыму Шкурын захіхікаў і ўдакладніў, што не адкрыта, а ў будцы. І са смехам параіў арганізаваць вам сустрэчы ў сябе на хаце. Начальнік сказаў, што гэтае пытанне разглядзіць асобна. Таму падмазвай пяткі шкіпінарам. Пойдзеш зноў пад канвой.

Прайшло яшчэ некалькі дзён. Я не сумняваўся, што мяне за­кан­ваіруюць, як толькі начальнік кагосьці падбярэ на маё месца. Такі дзень прыйшоў. Вярнуўся вечарам з працы, а сяржант на вахце сказаў: «Збірайся на этап».

Я павячэраў, сабраў кнігі і сваю небагатую маёмасць, прыйшоў на вахту. Аляксей Іванавіч сказаў сяржанту адвесці мяне ў канвойную зону. Тут прызначылі месца ў бараку, у якім размяшчалася брыгада № 20. Яе ў зоне яшчэ звалі брыгадай «Ух!». Большасць людзей з гэтай брыгады на працу не хадзілі.

Прайшло тры дні, надакучыла валяцца на нарах. Вечарам падпільнаваў механіка ля канторы ў зоне, папрасіў забраць мяне слесарам у майстэрню. Той у адказ: «Начальнік рэжыму супраць, каб працаваў у майстэрні».

Яшчэ праз дзень ці два вечарам знайшоў мяне брыгадзір спецбрыгады. Перасяліўся да іх. У брыга­дзе каля 30 чалавек. Яны ручнымі піламі валялі лес пад будучыя просекі і ставілі ахоўныя вышкі. Самі яны працавалі у лесе пад аховай пяцярых салдат і дзвюх аўчарак. Так рыхтавалі новую дзялянку пад лесапавал.

Выйшаў на працу, а на­чаль­нік канвою смяяўся з мяне. Мы раней з ім былі знаёмы. Праз тры дні паведаміў:

— Я сказаў Галі, каб прыехала сюды з торбай. Яна згадзілася.

— Бацька з хаты выганіць, — адказаў.

Назаўтра быў моцна здзіўлены, калі ўбачыў Галю. Яна ішла ўздоўж ахоўнай паласы з вялікай торбай. Тэрыторыя, на якой працавала брыгада, была абнесена тонкай вяровачкай, на якой віселі чырвоныя сцяжкі. Гэта была мяжа, за якую пераходзіць забаронена. Але калі яна падышла бліжэй, начальнік канвою мяне пазваў і выпусціў за мяжу абмежаванай тэрыторыі. Вядома, за гэта начальнік канвою атрымаў пляшку гарэлкі і закусь.

Мы сядзелі недалёка ад канвою. Галя расказвала, які дома быў вэрхал. Я смяяўся:

— Куды мы сябе загналі? Мяне не прадставяць да датэрміновага вызвалення, а цябе вышлюць на сто першы кіламетр ад зоны за сувязь з зэкам.

— Ты паедзеш дамоў, а я з`еду, каб вочы не бачылі гэтай зоны. Цябе буду ўспамінаць. Мне Машонкіна казала, ты атрымаў ліст ад Лілі. Але ўсё роўна да цябе прыйшла, на зло бацьку.

Першы раз еў піражкі, якія прыгатавала Галя. Прабыла са мной да вечара.

Дні праз два вызвалі да начальніка лагера.

— Як працуецца на новым месцы? — спытаў ён так лагодна, як быццам размаўляў са сваім сяб­рам.

Я рыхтаваўся выслухаць пагрозы, а ён нават не ўспамінаў мае правіннасці.

— Добра працуецца, грамадзянін начальнік, — адказаў. — Вышкі можна паставіць за адзін тыдзень. Для гэтага трэба чатыры чалавекі расканваіраваных.

— Заўтра пойдзеш на другі ўчастак трактарыстам. Будзеш доб­ра працаваць — восенню прадстаўлю на камісію. А то некаторыя хочуць пакінуць цябе да канца твайго тэрміну. Пропуск не аддам.

Хто хоча мяне пакінуць, я зда­гад­ваўся. На другім участку ўсе канвойныя працавалі «ні шатка ні валка». Аднойчы толькі прывезлі цягніком на працу, канвой рассеўся на вышках, да мяне падышоў начальнік канвою і перадаў ліст ад Галі. «Чула ад бацькі, што прыязджае камісія па пераглядзе спраў. Пра цябе сказаў, што пакараны справядліва, таму ніякая камісія не вызваліць. Злосны, гаварыць з ім немагчыма», — пісала яна.

Камісія прыехала, але я праляцеў міма. Затое прыйшоў ліст з планам выканання кантрольных прац за другі курс. Лета ў зеніце, працавалі ўвесь светавы дзень. У вагонах, пакуль стаяў цягнік, было душна. Чэрвень, панядзелак 13-га. Прывезлі на ўчастак і не адчынялі вагон. Нехта стаў крычаць, каб адчынілі, бо дыхаць не было чым. У адказ раздаўся стрэл. Валодзя Макараў, які стаяў побач са мной, упаў, з рота ішла крывяная сукравіца. Пакуль прыбег начальнік канвою, адкрыў дзверы, Валодзя быў мёртвы. Ні за што ў 21 год расстралялі хлопца Вало­дзю Макарава з Калужскай вобласці. На зоне ўзняўся пратэстны настрой.

У выніку тых пратэстаў начальніка рэжыму Аляксандра Шкурына перавялі ў другі лагер, памянялі начальства ў канвойным войску.

13. Апошняя восень

Малюнак: Вера Шут
Наступіў жнівень з вялікімі на­дзеямі: чакаў камісію па пераглядзе спраў. Жыццё было ціхае, штодзень зранку на вахту, адтуль па брыгаднаму спіску выпускалі за вароты па аднаму, станавіліся ў строй. Калі брыгада такім парадкам выходзіла з зоны, пад канвоем вялі у бок коннага парку, каб цягніком даставіць у рабочую зону. Усё рабілася марудна. Прывязуць на ўчастак, пакуль трактар завя­дзеш, заправіш топлівам — ужо поўдзень. Нікога гэта не цікавіла, бо ўсе адбывалі.

У канцы жніўня вызвалі да начальніка лагера. Ён ціха, спакойна паведаміў: «Вырашылі прадставіць цябе на камісію, якая прыязджае 25 жніўня, — доўга глядзеў на мяне. — Застанешся ў нас трактарыстам пасля вызвалення?»

Я разгубіўся, баяўся сказаць такое, што раззлуе яго. «Адразу паеду ў інстытут здаваць экзамены за першы курс», — адказаў. «Ідзі пастрыжыся», — сказаў ён на развітанне.

У хваляванні неяк дажыў да суднага дня. Такіх, як я, сабралося не менш за два дзясяткі. Чакалі у будынку куль­турна-выхаваўчай часці. У адным з пакояў стаяў стол, накрыты чырвоным паркалем, за сталом стаялі пяць крэслаў. Час цягнуўся павольна і нудна. І раптам нехта забег ў пакой і крыкнуў: «Ідуць!»

Як толькі камісія цераз парог — мы ўсе ўста­лі. Калі чаканыя госці расселіся па месцах, мужчына, які нёс пад рукой нашы «справы», назваўся сакратаром суда, прадставіў нам пракурора, суддзю і двух народных засядацеляў. Засядацелямі былі мне добра знаёмыя грамадзяне: наш былы начальнік рэжыму Шкурын і старшы наглядальнік Калпакоў, ці па-нашаму Лапаць. Гэта ад іх цяпер залежыў мой лёс.

Сакратар адкрываў папку, называў прозвішча, а шчас­лівы чалавек, можа, у апошні раз ускокваў, называў сваё імя, імя па бацьку, артыкул, па якому асу­джаны. Пракурор пытаўся ў начальніка рэжыму, ці не парушаў распарадак. Шкурын даваў доб­рую характарыстыку, суддзя адкладваў папку ў бок і казаў, што рашэнне аб`явяць пазней. Вызывалі наступнага.

У гэтай чарзе я быў, можа, пятым. Я паўтарыў усё тое, што мае папя­рэднікі. А калі пракурор спытаў, ці былі ў мяне парушэнні рэжыму, Шкурын нахі­ліў­ся да пракурора і ці­ха сказаў: «Страшны парушальнік рэжыму». Пракурор вылупіў на мяне вочы: «Што вы парушалі?» Я памаўчаў, сабраўся з думкамі. «Гра­мадзянін пракурор! Я лічу, што нічо­га страшнага не было. Доўга быў рас­канваіраваным, пра­цаваў механікам у аддзеле збыту, гэта на пагрузцы вагонаў. Пасля начальнік лагера перавёў мяне загадчыкам сталоўкі на першы ўчастак, бо майго папярэдніка судзілі за растрату. Працаваў больш за год. У гэты час пазнаёміўся з дзяўчынай, якая спісвала грошы з рахункаў у магазіне, што пры сталоўцы. Пазней я зноў працаваў па пропуску. Вясной сустрэўся з гэтай дзяўчынай. Пра гэта ста­ла вядома, мяне за­кан­ваіравалі».

«А што за дзяўчына, што пусцілі ў зону?» — спытаў у Шкурына пракурор. «Дачка старшага наглядальніка Калпакова», — адказаў Шкурын. Пракурор па­вярнуўся ў другі бок: «Ваша?» У адказ Калпакоў моўчкі кіўнуў галавой.

Пракурор перавёў погляд на мя­не і спытаў: «Як думаеш, на волі здольны жыць сама­стойна?» — «У лагеры я скончыў дзесяць класаў, паступіў завочна ў інстытут, вы­канаў усе кантрольныя за першы курс. Мяне выклікалі на сесію, але я не змог паехаць. Вось выклік», — і паклаў яго на стол камісіі. Пракурор прачытаў і сказаў: «Падайце яго справу». Прагарнуў і да Шкурына: «Чаму ў справе не адзначана, што паступіў і вучыцца ў інстытуце?» — «Дык я кажу, што ён страшны парушальнік рэжыму», — адказаў той. «Я пытаюся, чаму ў справе аб гэтым няма нічога?» І да мяне: «Вы можаце аддаць мне гэты выклік?» Пракурор прапанаваў сакратару падклеіць гэты выклік у справу і запісаць у пералік папер у папцы. «Прапаную зрабіць перапынак», — сказаў пракурор. Суддзя матнуў галавой. Усе ўсталі і пайшлі ў той пакой, дзе калісьці збіраліся настаўнікі.

Людзі, якія чакалі сваёй чаргі, ста­лі гаварыць, што волі мне не бачыць. Але я меў свае меркаванні і спадзяваўся на волю. Нарэшце камісія прыйшла. Яны стаялі за сталом, а мы — насупраць іх у зале. Суддзя ўзяў у рукі аркуш паперы і аб`явіў, што прынята рашэнне толькі па маёй справе, і змоўк. Наступіла цішыня. «Ён вызваляецца ўмоўна-датэрмінова на 2 гады, 5 месяцаў і 16 дзён. Суд ідзе на абед».

Камісія павярнулася да выхаду і пайшла ў пасёлак набірацца моцы. Я прыбег у барак. Сказаў прысутным сваю радасць. Да мяне падышоў мужчына і папрасіў аддаць яму кажушок. Другі забраў кажушную камізэльку.

14. Развітанне з зонай

Малюнак: Вера Шут
Назаўтра ўсім вызваленым на рукі аддалі ў канвертах дакументы і адправілі на цягнік Сіеньга — Ерцава. Толькі мяне не выпусцілі, я па-ранейшаму заставаўся ў зоне. Хто мог напісаць пратэст аб маім вызва­ленні? Хто адмяніў рашэнне абласнога суда? Спытаць не было ў каго.

У роздумах прайшло два дні. Пасля палу­дня прыбег пасыльны і аб`явіў хутка з`явіцца на вахту з рэчамі. У мяне два чамаданы: адзін з падручнікамі, да другога прывязаны чарцяжы ў скрутках. Гэта кантрольныя работы па чарчэнні. Я развітаўся з тымі, хто паднёс мае рэчы. Пайшоў на прапускную. За варотамі ў строі не менш за 20 чалавек, якіх ахоўваюць два ваенныя з аўчаркаю.

Аляксей Іванавіч Кал­пакоў прапанаваў мне раскрыць для праверкі чамаданы. З іх Лапаць забраў два дзённікі і два тоўстыя сшыткі з лагерным эпасам. На адлегласці крокаў сто стаяла Галя. Я папрасіў Аляксея Івана­віча дазволу развітацца з дзяўчынай. У адказ пачуў: «Не дазволена!» Я памахаў Галі рукой, у адказ яна памахала мне і пайшла. Позіркам праводзіў яе сагнутую постаць.

У вагоне мяне пасадзілі аднаго ў купэ. Начальнік канвою сказаў, што мяне даставіць на галаўны лагпункт у Ерцава. Ноччу ў Ерцава мяне ў зону не пусцілі, а пасялілі ў асобны пакой пад замок. Раніцай прынеслі сняданак, потым хутка прыйшоў фатограф. «Бу­дзем рабіць фотаздымак на пашпарт», — сказаў ён. Я супакоіўся, мне стала смешна, што так напасле­дак вялікія Лапаць і Шкурын спагналі на мне злосць.

Назаўтра зноў прыйшоў фатограф — учарашні фотаздымак не атрымаўся. Я зноў начаваў пад замком. Горка смяяўся: гэта на памяць, каб больш не трапляў сюды. Дачакаўся, калі мне далі пашпарт, грошы і вывелі за браму.

Лагер і чыгуначную станцыю раздзяляла тайга. На станцыі чуваць гудкі паравозаў. Я пабег і на­тыкнуўся на бабульку з козамі. Яна спыталася: «Освободился?» І пе­рахрысціла мяне.

На станцыі ўзяў арыен­цір і дом Чарапанава знайшоў адразу. У яго я пражыў некалькі дзён. Штовечар хадзілі ў госці да настаўнікаў, што вучылі мяне на зоне. Пасля Чарапанаў купіў мне білет на цягнік Варкута — Масква да Волагды, даў трохі грошай. І мы развіталіся.

У Волагду прыехаў у дзве гадзіны ночы. Я пайшоў за пасажырамі, якія пакінулі цягнік, і выйшаў праз вакзал на плошчу. Мне падказалі накірунак на праспект Калініна. Недалёка па­ві­нен быць двухпавярховы будынак, у якім знаходзіцца камбінат «Вологдаспецлес».

На другім паверсе вучэбна-кансультатыўны пункт Акадэміі імя Кіра­ва. Тут павінен сустрэцца з яго загадчыцай Надзеяй Аляксееўнай.

Знайшоў патрэбны будынак. На дзі­ва, у поўнай цемры знайшоў званок. Пазваніў і хутка пачуў, як за дзвярыма зашоргалі нагамі. На пытанне «Хто там?» стаў казаць, што прыехаў на камбінат першы раз, не ведаю, дзе дачакацца ранку, прашу мяне пусціць.

Чалавек адчыніў дзверы, паглядзеў на мяне з двума чамаданамі і пусціў. Я стаў казаць, што ранкам трэба сустрэцца з На­дзеяй Аляксееўнай, пасля перасялюся ў гатэль.

Імя Надзеі Аляксееўны быццам пазнаёміла нас. Вартаўнік прапанаваў мне распрануцца. У вы­ніку ўладкаваў мяне прылегчы адпачыць. Для гэтага паставіў тры крэслы ў рад.

Раніцай пра­чнуў­ся ад стуку дзвярыма. Людзі заходзілі, падымаліся па шырокай лесвіцы ўверх, а вартаўнік усё маўчаў. І вось цераз парог пераступіла немаладая, але яшчэ энергічная жанчына. На галаве быў капялюшык, з-пад якога выглядала пасма ні то сівых, ні то белых валос.

Яна кінула позірк у наш бок, павіталася і пайшла на другі паверх. Вартаўнік піхнуў мяне пад бок. Жанчына чым больш падымалася па лесвіцы, тым больш зацішала крокі. Раптам рэзка павярнулася і назвала маё прозвішча. Я ўсхапіўся па звычцы ў «стойку», не паспеў адказаць, як пачуў: «Ідзіце за мной». Я падхапіў чамаданы.

Каля расчыненых дзвярэй пачакаў запрашэння зайсці. За сталом стаяла Надзея Аляксееўна, твар хударлявы, востры позірк. «Я вас даўно чакаю. Ча­ра­панаў тэлефанаваў, што затрымаў вас. Вам спадабалася ў яго?» — спытала яна. Я пра­маўчаў, а На­дзея Аляксееўна дастала з карункамі насоўку і стала выціраць слёзы. «Не знайду, дзе загінуў муж, палкоўнік медыцынскай службы. Даўно ідзе рэабілітацыя, а майго не могуць знайсці ні самога, ні яго «справы». Нічым суцешыць гэтую жанчыну я не мог.

Выцерла вочы, неяк балюча ўсміхнулася і сказала: «Расказвайце свае планы». А планы простыя: здаць экзамены за першы курс. Надзея Аляксееўна расказала, што трэба ісці ў інстытут і дамаўляцца. На гэта спатрэбіцца не менш за два тыдні.

Я пасяліўся ў гатэль «Дом селяніна», вечарам даў дамоў тэлеграму, што затрымаўся ў Волагдзе.

…З «Заліковай кніжкай студэнта» ў кішэні я вяр­таўся дамоў праз пяць з паловай гадоў знахо­джання ў зоне. «Прымі, Бацькаўшчына, свайго грэшнага сына!»

Бацькаўшчына сына не прыняла, бо, згодна з Гісторыяй КПСС (стар. 720), у дзяржаве да гэтага часу сацыялізм пабудавалі і пачалі будаваць камунізм. Таму будаўніком камунізму адправіла мяне ў Казахстан падымаць цаліну.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии