«Балюча слухаць, калі цябе далучаюць да „пятай калоны“ ці абзываюць БНФаўцам». Разважанні жыхара Слуцка пра родную мову

0

Чакаю не дачакаюся, калі родная беларуская мова стане на першае месца ў якасці дзяржаўнай. Лічу, даўно гэта трэба зрабіць, але вывучаць яе і ўкараняць трэба паступова, ні ў якім разе не прымусова, як гэта рабілася і робіцца ў шмат якіх замежных дзяржавах у адносінах да рускай мовы (напрыклад, у прыбалтыйскіх дзяржавах).

Мне, напрыклад, вельмі падабаецца беларуская мова. Можа таму, што ў дзяцінстве я жыў у вёсцы і скончыў 5 класаў беларускамоўнай сярэдняй школы, дзе ўсе ўрокі выкладаліся на беларускай мове. Мушу прызнацца, як цяжка было прыстасоўвацца да рускай мовы, калі пайшоў вучыцца ў рускамоўную школу ў Нясвіжы.

Реклама

Вельмі прыемна ўсведамляць, калі цябе разумеюць і адказваюць таксама па-беларуску, але, на вялікі жаль, адбываецца такое не заўсёды. Асабліва балюча слухаць, калі ў такіх выпадках цябе далучаюць да «пятай калоны» ці абзываюць БНФаўцам.

Спадзяюся, што хутка прыйдзе той час, калі беларусы пачнуць размаўляць па-беларуску і мова сапраўды стане дзяржаўнай. А руская будзе другой дзяржаўнай, бо без яе нельга, паколькі яна доўгі час з’яўлялася агульнай для шматлікіх народаў былога СССР.

Прыемна таксама ўсведамляць, шта пачалі выдавацца розныя слоўнікі (беларуска-кітайскі і кітайска-беларускі і іншыя). Я так разважаю: пройдзе яшчэ некаторы час, і мы, беларусы, будзем размаўляць па-беларуску, але гэта зусім не азначае, што мы павінны запамятаваць усе астатнія мовы, наадварот: хутчэй наш недахоп у тым і заключаецца, што мала хто ведае замежныя мовы.

Прашу прабачэння за сваю не вельмі дасканалую беларускую мову, але абяцаю: буду ўдасканальвацца.

P. S. Ні так даўно пачуў па радыё, што згодна з апошнім перапісам у нас больш за 60% насельніцтва лічаць сябе беларусамі. Схлусілі, мабыць…

Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.