Яўген Гучок: «Ніхто свабоду так не душыць, як учарашнія рабы…»

0

Паэт, публіцыст, краязнавец Яўген Гучок адзначыў сваё 80-годдзе (нарадзіўся ў Слуцку 4 лістапада 1940 года). Вучыўся ў сярэдняй школе № 9, пасля службы ў арміі скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, аспірантуру, Маскоўскі паліграфічны інстытут.

Яўген Гучок: «З нябеснай Беларусі я…», Слуцк
НАШ ЗЯМЛЯК. Яўген Гучок, ураджэнец Слуцка, у мінулым годзе адзначыў 80-гадовы юбілей і выдаў дзве кнігі сваіх твораў. Фота з сямейнага архіва Гучка
Большую частку працоўнага стажу (30 гадоў) выпрацаваў рэдактарам і вядучым рэдактарам у выдавецтве «Народная асвета».

Салідны ў Яўгена Гучка і стаж творчай дзейнасці: яго першыя вершы надрукаваны ў слуцкай раённай газеце «За сацыялістычную Радзіму» ў 1959 годзе. З таго часу ён стаў аўтарам каля двух дзясяткаў кніг паэзіі, прозы і публіцыстыкі, шматлікіх публікацый у зборніках, альманахах, перыядычных выданнях.

Реклама

Яго творы знаёмы чытачам у Расіі, Польшчы, Чэхіі, ЗША, Індыі. А беларускія аматары літаратуры якраз да юбілею паэта атрымалі магчымасць прачытаць дзве новыя яго кнігі, якія выпусціў Інстытут беларускай гісторыі і культуры.

Яўген Гучок: «З нябеснай Беларусі я…», Слуцк

«Мая квадрыга» — зборнік паэзіі і публі­цыстыкі, аснову якога складае паэма-эсэ «Імя і сутнасць яго, на жаль, пакуль амаль нязменны… (Аб рабстве)». «Аб чым? Якое рабства можа быць у дваццаць першым стагоддзі? — пачулася недаўменне каго-нікаго. — Ці гэта твор пра мінуўшчыну?»

Магчыма, аўтар прадбачыў падобныя закіды адносна тэмы свайго твору, бо пачаў яго такімі радкамі:

Чаму пішу пра рабства?
Бо на планеце
Бездань рабства!

На працягу ўсёй паэмы чытачу прадстаўлены самыя разнастайныя праявы рабства, у тым ліку і ў нашым паўсядзённым жыцці. А ў прыведзеных ніжэй радках нельга не пазнаць тое, што адбываецца апошнім часам на вуліцах беларускіх гарадоў:

Гвалт, бізун, збіццё, забіццё —
Нязменныя атрыбуты
Рабства.

Паспрабуйце прыгле­дзецца, быццам запрашае аўтар, да сваіх сяброў, знаёмых, калег, начальнікаў, падначаленых, да іх паводзін у розных абставінах. А калі на іх месца паставіце сябе?

Чытаў паэму і ўспом­ніў словы рускага пісьменніка А.П. Чэхава «выдавливать из себя раба по капле» з яго пісьма журналісту і выдаўцу А.Ф. Суворыну 7 студзеня 1889 года. Прызнаемся праз 132 гады пасля чэхаўскіх слоў: ці многія з нас здольны «выціскаць з сябе раба»? А гэта значыць не што іншае як пастаянна самаўдасканальвацца, выпрацоўваць пачуццё ўласнай годнасці, не быць прыстасаванцам да абставін, не пра­ходзіць міма пошласці, дурноты, грубасці, зладзейства, хлусні, самадурства, подласці.
Магчыма гэта? Ёсць падазрэнне, што адназначнага адказу не атрымаем. Бо пералічанае вышэй не заўсёды і не ўсім лёгка даецца, ды і не кожны здольны не тое што зрабіць падобныя крокі, а нават падумаць пра іх. Да таго ж трэба мець на ўвазе, што

Ніхто свабоду так не душыць,
Як учарашнія рабы.

Праўда, гэтыя радкі я ўзяў з іншай кнігі Яўгена Гучка — «Гучанкі», створанай, па яго словах, «у памяць майго бязрадаснага дзяцінства і знявечанай маладосці».

Яўген Гучок: «З нябеснай Беларусі я…», Слуцк

Анатацыя паведамляе, што «кнігу складаюць вершы філасофскага, пейзажнага, грамадска-палітычнага, патрыятычнага, гумарыстычна-сатырычнага і іншага зместу». Аўтар растлумачвае магчымаму чытачу кнігі:

А што такое гучанкі?
Гэта не дранікі, не мачанкі,
Гэта рэакцыя і адказ
На ўсё, што пануе ў нас і не ў нас.

Аўтар з гледзішча ўласнага жыццёвага і творчага вопыту на 310 старонках кнігі не абмінае «ўвагай амаль ніводнай парадыгмы жыцця», у тым ліку і некаторыя факты і падзеі беларускай мінуўшчыны. Межы паэтычнай зацікаўленасці Яўгена Гучка неабсяжныя: лёс Беларусі; паэт і яго роля ў грамадстве; чыноўнікі і народ; чалавек у Сусвеце і ў розных жыццёвых абставінах; «душа ў кожнага ёсць свая» і многае іншае. Пералічваць усё не мае сэнсу, лепш узяць кнігу ў рукі і паглыбіцца ў яе змест.

Пры гэтым трэба быць гатовым да таго, што лёгкага чытання твораў Яўгена Гучка не атрымаецца. «Рэакцыя і адказ» аўтара на «парадыгмы жыцця» ў большасці сваёй — гэта заклапочанасць, трывога, да таго ж выказаныя бескампрамісна, адкрыта і шчыра, як мне падалося.

Дапускаю, што нешта прамільгне перад вачамі чытача бясследна, што-нішто выкліча сумненне або нават нязгоду з аўтарам. А вось многае з напісанага ім, упэўнены, прымусіць задумацца, паразважаць і, магчыма, улічыць у сваім паўсядзённым жыцці. А што больш трэба для ўдумлівага чытача? І што можа быць лепшай характарыстыкай кнігі ці асобнага твора?

Напрыканцы гэтых нататак жадаю Яўгену Сяргеевічу Гучку, каб на дзявятым дзясятку гадоў жыцця яго менш турбавалі болькі, часцей радавалі добрыя навіны і падзеі, як мага даўжэй не пакідаў імпэт ствараць новыя кнігі, якія знойдуць свайго зацікаўленага чытача, і ў першую чаргу — на Случчыне.

Я сам сабе герой лірычны,
Я — не вясковы, не сталічны;
З нябеснай
Беларусі я,
Дзе аніякага гнілля.

***

Чаму мне трэба
Хуткаплыннасць
часу?
Каб змыць хутчэй
з душы
Няладнасцей запасы.

***

Псеўдапаэт, пакінь у спакоі мову,
До заграбаць на ёй іудзіны рублі;
Не дабівай жыцця здаровую аснову
На гэтай на знявечанай зямлі.

***

Хто за нажывай гоніцца,
Той сам ужо —
прынада.

З кнігі «Гучанкі»