Асноўную частку сваёй працоўнай дзейнасці случчанін Аляксандр Мікалаевіч Быкоўскі звязаў са сферай паслуг. Ён быў адным з тых, хто ў пачатку мінулых 80-х гадоў ствараў прафесійную дружную «каманду Алюшына» ў мясцовым радыёатэлье.
Аляксандр любіў сваю справу, любіў вучыцца, пазнаваць новае. Заўсёды разважліва і спакойна ставіўся як да ўдач, так і да складаных сітуацый, умеў адстойваць сваю кропку гледжання. Яго стаўленне да сяброў, да тых, каму прафесійна дапамагаў, выклікала толькі павагу. Гэта было і падчас працы ў калектыве, і пазней, калі пераключыўся на прадпрымальніцкую дзейнасць.
Ён вельмі радаваўся поспехам сям`і, якую стварылі з жонкай Валянцінай Віктараўнай. Сама Валянціна, сям`я дачкі Дашы і сын Антон падтрымлівалі і любілі яго. У сваёй дружнай сям`і ён заўсёды знаходзіў паразуменне, вельмі цешыўся сваімі дзвюма ўнучкамі.
Цяжкая хвароба працягласцю ў шэсць гадоў, на вялікі жаль, не дазволіла здзейсніцца ўсім яго марам — Аляксандр Мікалаевіч Быкоўскі памёр 6 студзеня на 62-м годзе жыцця. Пахаваны на мясцовых могілках у вёсцы Ніва.