86-гадовая случчанка расказала, як расстрэльвалі яе сям’ю, пра першыя заробленыя грошы і калі ўпершыню ўбачыла электрычны свет і душ

0

Калі пажадаеце паслухаць пра мінулае, тады ідзіце да Ніны Іванаўны Васілевіч, 86-гадовай жыхаркі вёскі Гарадзішча. Яна цудоўна расказвае пра сваё жыццё, у якім адлюстроўваецца доўгі перыяд гісторыі СССР і паслясавецкага часу.

Цяжкасці — не перашкода для творчасці, Слуцк
У самой майстрыхі засталося няшмат рэчаў уласнай вытворчасці. Саматканыя вырабы яна падарыла дзецям. Яшчэ яны захоўваюцца ў адна­вяскоўцаў і ў музеі. Сабе Ніна Іванаўна пакінула пакрывала, якім засцілае канапу. Фота: Святлана Праўдзінская
Ніна нарадзілася ў 1934 годзе ў вёсцы Лучыцы Капаткевічскага раёна (зараз Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці).

Бацька быў камуніст, працаваў у калгасе бухгалтарам. Калі ён пайшоў на вайну, з чатырма дзецьмі засталіся маці, дзед і бабуля. 8-гадовая Ніна была самай старэйшай з дзяцей.

Реклама

Як сям’ю расстрэльвалі

За тое, што гаспадар быў партыйным чалавекам, у час нямецкай акупацыі сям’ю хацелі жорстка пакараць. Ніна Іванаўна ўсё жыццё памятае, як іх спрабавалі расстраляць. Аднойчы ў хату прыйшлі немцы. Яны пагналі сям’ю да ракі. Там ужо стаялі іншыя людзі.
Немцы выставілі вязняў у радок каля канавы. Насупраць кожнай сям'і паставілі кулямёт.

Раптам убачылі матацыкл з каляскай, які ехаў да месца пакарання. У ім сядзелі два немцы і стараста вёскі. Адзін немец сышоў з матацыкла, падышоў да дзяцей. Правёў кожнаму пальцам па кончыку носа і сказаў усім ісці дадому.

Ніна Іванаўна памятае і іншыя эпізоды жыцця пад нямецкай акупацыяй. Як усёй сям'і давялося жыць у лесе, бо ў вёску зачасцілі паліцаі, якія па сваім жаданні пачалі паліць хаты жыхароў. Як ад тыфу памерлі бабуля з дзядуляй. Як маці, каб накарміць дзяцей, памяняла сваю пуховую хустку на два літры малака.

Тры класы адукацыі і першыя заробленыя грошы

Цяжкасці — не перашкода для творчасці, Слуцк
Фота: Святлана Праўдзінская
Бацька Ніны Іванаўны не вярнуўся з фронту: прапаў без вестак.

Вучыцца дзяўчынка пачала толькі пасля вайны. У першы клас пайшла 11-гадовай разам з 9-гадовым братам. Настаўніца праверыла, як дзяўчынка чытае, і перавяла яе адразу ў другі клас. Там вучняў было намнога менш. Ніна закончыла трэці клас і захварэла на ліхаманку. З-за хваробы адукацыю працягваць не змагла. А брат скончыў 7 класаў.

Ніна стала працаваць дома, у калгасе. Першыя грошы зарабіла, калі працавала на дадатковых работах у лесе. Трэба было збіраць і паліць галлё. За гэта Ніна атрымала 300 рублёў.

Вось было радасці! Накупіла сабе і маці тканіны на спадніцы, кофтачкі, а сабе яшчэ купіла туфлі і хустачку.

Два гады збірала кок-сагыз. Гэта расліна-каўчуканос. Кок-сагыз у пасляваенныя гады сеялі па ўсёй Беларусі. З гэтай расліны рабілі гумавыя рэчы.

Потым дзяўчына завербавалася на торфабрыкетны завод «Рэдкі Рог», які працаваў у Бабруйскім раёне. Ніна грузіла вялікія скрыні з торфам у вагоны. Там упершыню ўбачыла электрычны свет і душ.

На торфабрыкетным заводзе працавала шмат моладзі. Разам з сяброўкамі хадзілі на танцы ў клуб. Там 20-гадовая Ніна сустрэла трактарыста Сцяпана Васілевіча і пайшла за яго замуж.

Цяжкасці — не перашкода для творчасці, Слуцк
Фота: Святлана Праўдзінская
Цяжкасці — не перашкода для творчасці, Слуцк
Фота: Святлана Праўдзінская

На радзіме мужа засвоіла ткацтва

Сямейнае жыццё прымусіла паехаць на радзіму мужа — у вёску Гарадзішча, што на Случчыне. Такім чынам у 1954 годзе Ніна Іванаўна стала случчанкай. Мясцовыя жыхары прынялі Ніну вельмі добра. Яна імкнулася ставіцца да ўсіх прыязна, ёй адказвалі тым самым. Працавала ў калгасе: на палях, вырошчвала і апрацоўвала лён, бульбу. Даводзілася і на ферме працаваць.

У сям'і нарадзіліся трое дзяцей. Трэба было ўсіх паставіць на ногі, а перш за ўсё накарміць, абуць, апрануць.

Да замужжа Ніна вышывала, вязала кручком і спіцамі, шыла. Гэта вельмі дапамагло рашаць праблему з адзеннем для сям'і. Але Ніна Іванаўна пайшла далей і навучылася ткаць. Праз нейкі час жыхары Гарадзішча і суседніх вёсак станавіліся ў чэргі, каб заказаць у ткачыхі пакрывала ці іншую тканую прыгажосць у хату.

Ніне Іванаўне прыйшлося не толькі ткаць, яшчэ і даваць майстар-класы для шматлікіх вучаніц. Зараз некалькі вырабаў Ніны Іванаўны знаходзяцца ў музеі вёскі Гарадзішча. Радуе майстрыху, што яе цягу да творчасці і ўменні пераняла ўнучка Таццяна.

Ніна Іванаўна кажа, што, нягледзячы на ўсе выпрабаванні і страты, яна шчаслівы чалавек. Выхавалі з мужам дваіх сыноў і дачку, дапамагла паставіць на ногі чатырох унукаў і радуецца сямі праўнукам.