Многія зараз наракаюць, маўляў, цяжка знайсці добразычлівасць, адкрытасць і пазітыў у людзях. Магу паспрачацца і адправіць вас напрамкі да Вольгі Карлаўны Кавалеўскай, што жыве ў вёсцы Вынішчы.
Там вы атрымаеце зарад энергіі, бадзёрасці, пазітыву і гумару, а яшчэ, калі пажадаеце, навучыцеся вельмі карыснаму рамяству.
Разам з мужам выхавалі сына і дачку. Зараз Вольга Карлаўна дапамагае сталець пяцярым унукам і праўнуку.
Хоць 76-гадовая жанчына на заслужаным адпачынку, сядзець на месцы і адпачываць яна не можа, не той у яе характар. Яна вярнулася з горада ў родную хату ў Вынішчах. І цяпер апантаная альтруістка займаецца грамадскай працай у вёсцы. Як кажуць мясцовыя жыхары, «калі трэба, усю вёску аблётае на ровары, сустрэнецца з кім магчыма і немагчыма, але справу зробіць». Завадатар і ўдзельніца вясковых пасядзелак, фэстаў, любіць танчыць і спяваць. У санаторыях, дзе час ад часу адпачывае, ад кавалераў няма адбою.
А яшчэ Вольга Кавалеўская займаецца мастацтвам і рамяством — для душы і нават для матэрыяльнай падтрымкі. Асаблівы яе талент — вышыўка. Гледзячы на яе работы, здаецца, што не рукамі яны зроблены, а на сучаснай вышывальнай машыне. Ніткі яркія, узор геаметрычны, мудрагелісты.
Для работы Кавалеўская набывае штучныя ніткі. Але часцей купляе хусткі з акрылу, распускае іх і вышывае атрыманымі ніткамі. Бывае, у работу ідуць старыя дзіцячыя вязаныя рэчы. Наогул, у Вынішчах майстрыхі-вышывальшчыцы не карыстаюцца ніткамі «мулінэ». Кажуць, што яны хутка ліняюць, кладуцца няроўнымі сцяжкамі.
У скрынцы талентаў Вольгі Карлаўны ёсць і такі — плеценыя кошыкі.
Аднойчы мінчанін жыў у яе пяць дзён, пакуль не асвоіў азы пляцення. Суседкі ўжо думалі, што Вольга замуж выйшла, пазайздросцілі. А гэта жанаты чалавек вучыўся плесці кошыкі.
«Неяк пасяліўся ў мяне вірус. Стала косці ламіць. Я — за пляценне хутчэй. І вірус уцёк. Няма калі мне гэтым вірусам займацца. Трэба грошы зарабляць. Адзін кошык — і дваццаць рублёў у кішэні», — кажа майстрыха.