Шаноўныя Чытачы! З Калядамі ўсіх Вас! З надыходзячым Новым годам!

Час бяжыць і нас прыспешвае. Неяк нават, прызнаемся, крыху нечакана ў гэтай мітусні мы апынуліся перад фактам, што патрэбна ўжо і фінальны нумар адыходзячага ў гісторыю 2020 года выпускаць у свет…

У гэтай пераднавагодняй віншаванцы мы як ніколі з вялікім задавальненнем хочам падзякаваць вялікаму колу нашых чытачоў, неабыякавасць якіх натхняла рабіць «Кур'ер"-2020. Гэта «як ніколі» абумоўлена тым, што рэдакцыя сама здзівілася, што чытач мясцовага выдання можа настолькі падзяляць нашу пазіцыю і радаваць сваіх суайчыннікаў (як бы пафасна ні гучала) неверагоднай салідарнасцю, прымушаючай проста зайсці ў рэдакцыю і не толькі выказаць падзяку карэспандэнтам, але яшчэ і прапанаваць грашовую падтрымку, каб пашырыць кола чытачоў з ліку людзей, якім можа і складана выдаткаваць частку свайго бюджэту на падпіску. Гэта сапраўды ўражвала!

Реклама

Мы разам з Вамі, шаноўныя, падышлі да фінішу складанага па ўсіх абставінах года. І мяркуем, у нашай супрацы больш пераважалі менавіта стваральныя імпульсы, нягледзячы ні на які падзел на прыхільнікаў той ці іншай сімволікі, таго ці іншага лідара. І гэтыя стваральныя імпульсы зыходзілі з таго, што людзі ў рэгіёнах таксама хочуць жыць у грамадстве, дзе па-сапраўднаму ўсе цэняць павагу і справядлівасць, дзе правіць не сіла дубінак, а сіла законаў, дзе людзі могуць без аглядкі на ўладу ці працадаўцаў выказваць свае перакананні, а тыя, у сваю чаргу, вельмі станоўча адносяцца да палярнасці думак.

Зычым Вам, шаноўныя, ніколі не губляць упэўненасці, што, як ні банальна гучыць, дабро пераможа. Зычым верыць у свае сілы і няхай Вам часцей сустракаюцца на жыццёвым шляху-2021 не тыя, хто ўмее толькі падстройвацца пад прапагандысцкія лозунгі, а тыя, хто моцны сваімі здаровымі перакананнямі, розумам і разважаннямі. Дзякуй усім Вам! Верым у Вас! Беражыце сябе і сваіх родных!

З вялікай сардэчнай павагай, калектыў «Кур'ера»