Паведамленні пра аплату паслуг прыйшлі, грошы прыняць няма каму.

Па праспекце Міра ёсць Беларусбанк і аддзяленне пошты. Людзі прывыклі, што тут ёсць усе паслугі. Калі яны на гэты раз рынуліся туды, іх сустрэла аб’ява на дзвярах паштовага аддзялення: працуем адзін дзень з ранку паўдня, у наступны дзень — у другую палову дня. Але аплату не прымаем за бытавыя паслугі, таксама не прымаем аплату за інтэрнэт і мабільныя тэлефоны. Побач дзверы ў Беларусбанк. Там аплату прымаюць, але людзей, як селядцоў у бочцы. Большасць на насу трымаюць маску, але ёсць і такія, якім «закон не пісаны». Чакаць на нагах чаргі спужаўся.

На другі дзень пайшоў раней. Беларусбанк аплату камунальшчыкам прыняў, але паслугу за тэлефоны і інтэрнэт прымаць не стаў, адправіў на пошту. На трэці дзень з ранку еду на цэнтральную пошту на вуліцы Казлова, каб аплаціць інтэрнэт і тэлефоны. Заходжу і бачу, што спазніўся і сюды. Адны сядзяць, другія па кутках стаяць. Чарга электронная, выбіваю нумар. І добра, што нядаўна зрабіў аперацыю на сэрцы. Мая чарга 167. Бачу, што нецярпялівыя чаргу выб’юць, паглядзяць на чаргу і махнуць рукою, выходзяць. Я вырашыў чакаць свайго часу. Прыглядаюся да людзей. Тут таксама амаль усе пенсіянеры. Вось у куточку сядзіць пажылая жанчына з кіёчкам. Раптам замітусілася, закруцілася, паднялася і, абапіраючыся на кіёчак, пайшла на вуліцу. Пасля яе засталося мокрае месца. На пошце працуюць толькі два аператары.

Реклама

Я спытаўся, а чаму толькі два. У адказ атрымаў: «Працаваць няма каму, бо шмат хварэюць». Далей стане не лепш, таму вырашаю аплаціць у тры разы больш, чым плаціў звычайна, каб не хадзіць і не сядзець у чарзе.