Карэспандэнт «Кур'ера» знайшла школьнікаў, якія ўдзельнічалі ў мерапрыемстве, прысвечаным гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, і спытала, ці спадабалася ім сустрэча, пра што новае яны даведаліся.

Васіліса*: «Усё прайшло добра. Я хацела туды пайсці, таму што гэтая тэма падалася мне цікавай. Само мерапрыемства спадабалася, бо тэма датычыцца кожнага з нас, і мы не можам заставацца да яе абыякавымі.

Пайшла туды, каб даведацца аб чымсьці новым. Магчыма, аб тым, што не расказваюць на ўроках гісторыі. Мне было цікава, і я б з задавальненнем наведала штосьці падобнае ў будучыні".

Галіна: «Я наведала мерапрыемства, бо ў школе мне прапанавалі туды пайсці. І я пагадзілася. У цэлым было добра. Тэма вайны — мая любімая. Ні аб чым новым я не даведалася, бо я добра валодаю гэтай тэмай. Не спадабалася тое, як выказваліся наконт БЧБ-сцяга, і я не згодная з тым, што ён дрэнны».

Реклама

Слава: «Мне асабіста ўсё спадабалася, таму што было шмат таго, аб чым не распавядаюць у школе. Напрыклад, расказвалі пра спаленыя вёскі па ўсёй Беларусі, не толькі пра Хатынь і Пераходы. Таксама прыводзілі статыстыку, колькі вёсак аднавілі, колькі мясцовых жыхароў загінула.

Я лічу, што гэта каштоўна для агульнага развіцця. Далёка не кожны дарослы можа распавесці тую інфармацыю, якую нам далі.

Дарослых там было больш за дзяцей: у асноўнай масе суправаджаючыя і людзі, якія выступалі. І дзесьці да дваццаці школьнікаў. Тое, што ў канцы мы паклалі кветкі, было нечаканым. Нікога не папярэджвалі пра гэта.

Шчыра кажучы, не спадабалася тое, што было шмат камер. Нас здымалі і фатаграфавалі з кожнага боку. А так усё прайшло арганізавана".

*Імёны ўдзельнікаў сустрэчы зменены па іх просьбе