Вандроўкі па малых вёсках Случчыны. Як я прыехала на ровары ў Забалаць

0

Забалаць — маленькая прыгожая вёска, якая раскінулася ў адну вуліцу непадалёк ад ракі Случ. Менавіта тут нарадзілася і вырасла маці знакамітых слуцкіх мастакоў Міхаіла і Уладзіміра Басалыгаў. Яе дзявочае прозвішча Палазнік.

Вандроўкі па малых вёсках: Забалаць, Слуцк
Алея буслянак. Фота: Святлана Праўдзінская
Я прыехала на ровары ў вёску халоднай раніцай лістапада. Уздоўж адзінай вуліцы прыгожыя хаты. У кагосьці яны не змяніліся з часоў пабудовы. Некаторыя гаспадары палепшылі дамы з прымяненнем сучасных матэрыялаў, перарабілі іх на новы лад. Але хараство народнай архітэктуры нішто не заменіць.
Вандроўкі па малых вёсках: Забалаць, Слуцк
Фота: Святлана Праўдзінская
Здалёк убачыла, як насустрач ідзе жанчына з палкамі для скандынаўскай хадзьбы. Знаёмімся. Маю суразмоўцу завуць Валянціна Кіслякова. Нарадзілася ў Забалаці. Аднакласніца Яўгеніі Сыцько, знакамітай старасты вёскі Гарадзішча.
Вандроўкі па малых вёсках: Забалаць, Слуцк
Падчас размовы з Валянцінай Кісляковай з двара дачнікаў выбег сабака. Валянціна расказала, што яго даглядаюць усе, калі дачнікі з’язджаюць у горад. Фота: Святлана Праўдзінская
Дзявочае прозвішча Валянціны — Гурыновіч. Доўгія гады працавала на Поўначы Расіі. У Валянціны тры дачкі, дапамагае выхоўваць пяцярых унукаў. Калі выйшла на пенсію, прыехала ў бацькоўскую хату. Жыве разам з матуляй Нінай Іванаўнай. Дарэчы, яе маці — старэйшая жыхарка вёскі. Ёй 93 гады.
Вандроўкі па малых вёсках: Забалаць, Слуцк
Двор старэйшай жыхаркі Ніны Гурыновіч
Валянціна расказала пра свае заняткі. Захапляецца вырошчваннем кветак. Участак Валянціны немаленькі, хапае на гародніну, садавіну, нават збожжавыя.

Летам з ёю адпачываюць унукі. Самы галоўны памочнік па гаспадарцы пайшоў у гэтым годзе ў першы клас.

Вандроўкі па малых вёсках: Забалаць, Слуцк
У жыхароў вёсак паміж кожнадзённых спраў знаходзіцца месца для творчасці. Так яны ўпрыгожваюць наваколле для сябе і іншых. Фота: Святлана Праўдзінская
Маёй суразмоўцы падабаецца вясковая цішыня і пакой. Ад яе я даведалася, што ў вёсцы пяць мясцовых пастаянных жыхароў. Гэта жанчы­ны ва ўзросце 93, 86, 82 гады і двое мужчын. Астатнія дачнікі.

Хтосьці купіў старую хату, хтосьці вярнуўся ў бацькоўскую. Некаторыя пабудавалі новые дамы.

Реклама

Ёсць і пакінутыя ўчасткі. На іх расце пустазелле. Суседства малочна-таварнага комплексу час ад часу нагадвае пра сябе. Калі вецер у бок вёскі, то чуецца спецыфічны пах.

Вандроўкі па малых вёсках: Забалаць, Слуцк
Фота: Святлана Праўдзінская
Пасля працяглай размовы з Валянцінай я павярнула назад і сустрэла на сваёй сядзібе мужа і жонку Агароднік. Паразмаўлялі. Валянціна Аляксандраўна Агароднік — ураджэнка Забалаці.
Вандроўкі па малых вёсках: Забалаць, Слуцк
Валянціна Агароднік, хоць і нарадзілася ў Забалаці, цяпер лічыцца дачніцай. Яны з мужам прыязджаюць сюды ў вольны час.
Вандроўкі па малых вёсках: Забалаць, Слуцк

Працавала настаўніцай фізікі і матэматыкі. У нас з ёю таксама аказаліся агульныя знаёмыя. Высветлілася, што яе спадарожнік добра ведае гісторыю спаленых вёсак Случчыны. Яго маці нарадзілася ў тых месцах і шмат расказвала пра жахлівыя падзеі.

У гэтай вёсцы жыве самадзейны паэт Віктар Ганчарэвіч. На жаль, Віктара не было дома, таму не завітала, каб паразмаўляць. Гэта яшчэ наперадзе. Спадзяюся вярнуцца ў вёску ў цёплую пару года. Вельмі тут атмасферна і ўтульна.

РАНЕЙ. Копань, Новае Жыццё, Гарохаўка… Як я на ровары праехала па маленькіх вёсках Случчыны