Случчанін распавёў пра Анатоля Белага. І як зараз жыве прыватны музей у Старых Дарогах, які ён заснаваў

0
Як жыве прыватны музей у Старых Дарогах пасля смерці ўладальніка Анатоля Белага
Магіла Анатоля Белага на могілках у Старых Дарогах. Фота: Алеся Белая

Роўна 30 гадоў таму ў Старых Дарогах быў заснаваны прыватны музей. Яго стваральніку Анатолю Беламу 10 снежня споўніўся б 81 год. З гэтай нагоды «Кур'ер» адправіўся ў Старыя Дарогі, каб даведацца, як жыве музей без свайго заснавацеля.

Беларускі навуковец і калекцыянер, які прысвяціў сваё жыццё захаванню беларускай нацыянальнай спадчыны, Анатоль Яўхімавіч Белы ў лістападзе 2011 года пайшоў з жыцця.

Реклама

Пра музей

Як жыве прыватны музей у Старых Дарогах пасля смерці ўладальніка Анатоля Белага
Выявы князёў Ягайлы і Вітаўта ў музеі Белага. Фота: Алеся Белая
Музей размясціўся ў прыватнай сядзібе Анатоля Белага ў Старых Дарогах. У 4-х пакоях будынка размясціліся экспазіцыі, прысвечаныя беларускім гістарычным асобам, дзеячам беларускага нацыянальнага адраджэння, героям нацыянальна-вызваленчага руху Беларусі, класікам беларускай літаратуры і шмат іншым. Тут таксама сабраная калекцыя матэрыялаў па гісторыі Слуцкага збройнага чыну.

Пра Белага

Як жыве прыватны музей у Старых Дарогах пасля смерці ўладальніка Анатоля Белага
Помнік Анатолю Беламу на яго сядзібе-музеі. Побач — былы прадпрымальнік са Слуцка Анатоль Самусевіч, добры знаёмы Белага. Фота: Алеся Белая
Акрамя музея Анатоль Белы заснаваў Мінскі культурна-асветніцкі клуб «Спадчына», арганізоўваў выставы ў Беларусі, Расіі і ЗША, выдаў шэраг кніг і напісаў больш за 150 артыкулаў па гісторыі беларускага мастацтва.

Крыху пра асобу Анатоля Белага расказаў «Кур'еру» яго добры знаёмы — случчанін Анатоль Самусевіч.

Па яго словах, Анатоль Яўхімавіч быў вельмі камунікабельны і мог знайсці падыход да розных людзей. Ён добра зносіўся і са святарамі, і з прадстаўнікамі афіцыйнай улады, і з апазіцыйнымі палітыкамі.

Як жыве прыватны музей у Старых Дарогах пасля смерці ўладальніка Анатоля Белага
У двары музея Белага дагэтуль расце туя, якую ў 2007 годзе пасадзіла пасол ЗША ў Беларусі Карэн Сцюарт. Фота: Алеся Белая
У сваім інтэрв'ю Анатолю Мяльгую, надрукаванаму ў часопісе «Дзеяслоў», Анатоль Белы казаў, што ствараць музей яму дапамагалі і сябры па клубу «Спадчына», і старадарожскія кіраўнікі. Наведвалі музей Белага як апазіцыйныя палітыкі, так і слухачы Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

Як жыве музей зараз

Пасля смерці Анатоля Белага музей перайшоў да яго жонкі Алы Мікалаеўны. Яна жыве ў Мінску, але калі-нікалі прыязджае ў Старыя Дарогі.

У адсутнасць Алы Белай за музеем глядзіць траюрадны брат Анатоля Белага Міхаіл Белы. Ён адчыняе музей для наведвальнікаў па папярэдняй дамоўленасці. Па тэлефоне Міхаіл расказаў «Кур'еру», як ідуць справы музея зараз.

Як жыве прыватны музей у Старых Дарогах пасля смерці ўладальніка Анатоля Белага
Уваход у прыватны музей Белага ў Старых Дарогах. Фота: Алеся Белая
«Экскурсіі бываюць прыкладна раз на месяц, — гаворыць Міхаіл Белы. — Гэтай восенню былі экскурсіі са Слуцка, з Мінска.

Умовы ў музеі нармальныя. Па ацяпленні пытанняў няма, яно дастатковае. Экспанаты захоўваюцца нармальна.

Калекцыя невялікімі тэмпамі, але папаўняецца. Не так даўно з Мінска прывезлі календары. У мінулым годзе прывезлі пяць шкляных статуэтак з Нёманскага шклозавода. Як і раней, усё перадаюць бескаштоўна".

Калі вы збіраецеся наведаць музей

Музей Анатоля Белага ў Старых Дарогах можна наведаць бясплатна. Для гэтага трэба патэлефанаваць за дзень-два Міхаілу Антонавічу Беламу па тэлефоне +375 29 167 14 05. Музей знаходзіцца па адрасе: вуліца Садовая, дом 52.