Як беларускаМЯЎнае кацяня знайшло свой дом. Калядная слуцкая гісторыя

0

Днямі падчас шпацыру з сяброўкай я пачула гучнае «мяў». Гэта было побач з помнікам «Радзіма-маці» позна ўвечары. Я падышла бліжэй, каб убачыць, хто гэта так адчайна крычыць. Гэты было маленькае кацяня. Яно церлася аб мае ногі і быццам прасілася зайсці ў «Камунарку», каб сагрэцца. Як толькі я ўзяла яго на рукі, яно раптам залезла мне на плечы. А калі сяброўка села на кукішкі - кацяня заскочыла ёй на калені. Котка зусім не выглядала дзікай. Ёй так не хапала чалавечай цяплыні…

Я часта бачу бяздомных жывёлаў на вуліцах горада і, на жаль, вымушаная праходзіць міма, бо ў мяне дома ўжо ёсць адна котка. Але ў гэтым выпадку я патэлефанавала сваёй маці, каб дамовіцца з ёй прытуліць яе на нейкі час. Маці не ўзрадавалася, але я стаяла на сваім.

Реклама

— Якога яна колеру?

— Шэранькая!

Так і аднеслі яе дадому, захутаўшы ў шалік.

Як беларускаМЯЎнае кацяня знайшло свой дом. Калядная слуцкая гісторыя
Фота: Каця Ганчарэнка
Маці пакарміла яе. Котка была вельмі галодная. Калі яна ела, ледзь не давілася ежай. І, паеўшы, стала вуркатаць як трактар.

Выглядала яна дагледжанай, хоць і была мокрай ад дажджу. Без ашыйніка, напэўна, бяздомная. Але без блыхаў, а значыць, на вуліцы яна была нядоўга. Я не ведала, што яна магла камусьці належаць.

Яна ішла за мной па пятах, кідалася пад ногі. А яшчэ размаўляла з намі. Быццам скардзілася на сваё жыццё.

У той вечар, калі мы яе прынеслі дадому, мы выпусцілі яе ў наш двор пагуляць (жывём ва ўласным доме). Як ні дзіўна, яна потым вярталася. Да незнаёмых людзей, якія адзін раз яе пачаставалі.

Мы не маглі доўга яе трымаць, бо нашая старая котка раўнавала. Таму вырашылі размясціць аб’яву ў газету «Кур'ер»:

«БеларускаМЯЎная котка шукае свайго чалавека. Мы знайшлі гэтую прыгажуню побач з помнікам „Радзіма-маці“ (насупраць Маладзёжнага цэнтра). Котка крычала: „Ратуйце!“ Вядома, па-кацінаму, але мы зразумелі. Забралі яе на ператрымку, але сабе пакінуць не можам: наша старая котка раўнуе да кацяняці. Котка гаваркая і ласкавая, уключае трактар, калі яе лашчыш. Чалавек, знайдзіся!».

Як беларускаМЯЎнае кацяня знайшло свой дом. Калядная слуцкая гісторыя
Фота: Каця Ганчарэнка
У той жа дзень патэлефанавала жанчына. Наталля распавяла пра тое, што гэтая котка вельмі падобная да той, якая жыла ў яе. Яна аддала кацяня сваёй знаёмай, бо тая зусім не ўжывалася з сабакам. Так атрымалася, што котка не прабыла доўга ў новых гаспадароў. Як толькі жанчына з’ехала па справах, кацяня засталося з яе мужам і ўцякло.

На шчасце, дзеці Наталлі паведамілі ёй аб тым, што ўбачылі кацяня, падобнае да таго, што згубілі новыя гаспадары. І яна нам патэлефанавала. У той самы дзень сабралася забраць яго. Дадала, што котку клічуць Мышкай.

Калі мы паспрабавалі яе паклікаць па мянушцы — яна адразу адгукнулася! На іншыя мянушкі не адгукалася ўвогуле.

— Дзякуй вам, што даглядзелі котку. Я больш нікому яе не аддам! — сказала Наталля.
Як добра, што Мышка нарэшце знайшла свой дом.