Слуцкаму збройнаму чыну — 100 гадоў. Стагоддзе таму беларусы спрабавалі абараніць незалежнасць Беларусі. Прыкладна месяц узброеныя жыхары Слуцкага краю аказвалі супраціў Чырвонай Арміі, якая наступала.
Аб Слуцкім збройным чыне ў часы СССР не гаварылі. І тое нядзіўна, бо ваявалі змагары менавіта супраць уключэння беларускіх тэрыторый у склад будучага Саюза. Беларусы хацелі самастойнасці і незалежнасці. Таму народны ўздым намагаліся ачарніць, навесіць таўро бандытаў, выкрэсліць з’яву з гісторыі. Не атрымалася. За гэта шмат у чым трэба дзякаваць нашчадкам тых самых змагароў за свабоду Беларусі. Многія з іх засталіся сіротамі, нехта апынуўся на чужбіне, ёсць і тыя, хто бацькоўскія ідэі аб незалежнасці і беларускасці пранёс і цераз сваё жыццё.
Лёс Юрася Дубовіка, якога ўжо няма на гэтым свеце, складаны і цікавы. Чалавек за сваё жыццё пабачыў так многа, што хопіць на некалькі кніжак.
Як прапаганда зрабіла з майго бацькі «бандыта»
Юрась Дубовік дазнаўся аб Слуцкім збройным чыне толькі ў пачатку 1990-х, калі не стала СССР. Вось як ён распавядаў аб гэтым:
«Мой бацька Пётр Дубовік з вёскі Чапялі, што на Салігоршчыне. Якім чынам ён апынуўся ў Заходняй Беларусі ў польскім войску? Які лёс занёс яго ў гэты край? Гэтае пытанне мяне зацікавіла, калі я стаў збіраць звесткі пра маіх бацькоў i дзядоў для «Гісторыі нашай сям'і». Я ўспамінаў гады i падзеі са свайго дзяцінства i юнацтва. І ўзгадаў, што ў нас дома, калі мы пераехалі ў Краснае (Маладзечанскі раён, да 17 верасня 1939-га быў у складзе Польшчы), часта збіраліся вайскоўцы з 86-га палка, які тады кватэраваўся ў Красным. У асноўным гэта былі падафіцэры. Усе яны размаўлялі на беларускай мове.
Мне тады зрабілася сорамна, што мой бацька — бандыт, але ж, як я яго ведаў, ён на бандыта быў не падобны. Наадварот, у Красным i ваколіцы славіўся добразычлівасцю, дапамагаў каму парадай, каму чым іншым — як мог. Усе яго паважалі i любілі.
Калі разваліўся СССР, стала вядома пра многія падзеі. Пачаў праясняцца i сэнс слова «банда», у якой быў мой бацька. Немцы называлi партызанаў «бандай бандытаў», бальшавікі гэтак жа называлі немцаў. Зразумела, што i ў 1920-х бальшавікі абзывалі такімі словамі ўсіх, хто ім не хацеў падпарадкоўвацца. А паслухмяны, запалоханы народ, у якога іншай інфармацыі не было, верыў, што Слуцкі збройны чын, паход Булак-Балаховіча ды іншыя выступы супраць бальшавікоў — не што іншае як бандытызм.
Так я дазнаўся, што ўсе тыя ваенныя людзі, што збіраліся ў нас у Красным, удзельнічалі ў баях пад Слуцкам. У снежні 1920 года, калі армія Булак-Балаховіча перайшла мяжу на польскі бок i была раззброеная палякамі, частка яе была ўлучаная ў польскае войска. У гэтай частцы апынуўся i мой бацька з паплечнікамі. У верасні 1921-га быў утвораны 86-ты полк".
У школе — па-польску, дома — па-беларуску
Юрась Дубовік нарадзіўся 24 ліпеня 1924 года ў вёсцы Канчаны (Маладзечанскі раён). У школу пайшоў у 1931-м у сяле Краснае, яго адразу залічылі ў другі клас, бо добра чытаў. У школе вучылі па-польску, дома размаўлялі па-беларуску.
Калі скончыў шэсць класаў, бацька адвёз сына ў гімназію імя Пятра Скаргі, што была ў Вільні.
«21 чэрвеня 1939 года я атрымаў дыплом. А 1 верасня немцы напалі на Польшчу. І ўжо 17 верасня ў Заходнюю Беларусь прыйшлі чырвонаармейцы, — успамінае Юрась Дубовік. — Замена ўлады прайшла ціха і спакойна. Бацька вярнуўся з Вільні
і займаўся гаспадаркай.
У кастрычніку ў Маладзечна адкрылася педвучылішча. Я паехаў, і мяне залічылі на другі курс.
Мая адукацыя ў вучылішчы набліжалася да атрымання дыплома. Апошні экзамен па педагогіцы быў назначаны на 25 чэрвеня. Але 22 чэрвеня пачалася вайна.
Жыццё пад акупацыяй
Мне было 17 гадоў, і трэба было зарабляць свой хлеб. Я быў адукаваны педагог, хоць і без дыплома. Аднойчы паехаў у Маладзечна, сустрэўся з былымі сябрамі па гімназіі, з настаўнікамі, і мы вырашылі аднавіць школу, якая стаяла разрабаванай.
Звярнуліся да новай улады. Нямецкі начальнік паабяцаў спрыяць у адкрыцці. На дзіва, назаўтра прыйшлі ў школу, а некалькі скрынак шкла для вокан ужо прывезена. З дапамогай бацькоў, настаўнікаў школу адрамантавалі. Яна пачала працаваць.
Потым прыйшла вестка з Краснага — маці пахавала бацьку. Яна расказала мне, што напярэдадні ноччу прыйшлі партызаны і забралі яго. Ранкам пастухі знайшлі ў лесе забітага мужчыну. Гэта быў бацька. Я вярнуўся ў Краснае і пачаў працаваць у школе.
Летам 1944 года Краснае вызвалілі.
Я падаў дакументы ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, выдатна здаў экзамены. Але мяне не залічылі. У наступны год паўтарыў спробу, зноў мяне не прынялі.
Я выйшаў з універсітэта, купіў у кіёску газету «Советская Белоруссия», там была аб’ява, што Маскоўскі будаўнічы інстытут прымае дакументы ад жадаючых вучыцца завочна. Я вярнуўся ў будынак універсітэта і на падваконніку стаў пісаць заяву. Не пачуў, калі падышоў чалавек і цераз маё плячо прачытаў аўтабіяграфію. Ён сказаў: «Перапішы». Хлусіць не ўмеў, але давялося. Радок у аўтабіяграфіі «с 1944 года по 1954-й отбывал наказание…» замяніў на: «с 1944 года по 1954-й работал в системе НКВД». І я стаў студэнтам.
Назаўтра я ўбачыў, што каля клуба ходзіць нейкі мужчына. Падышоў, спытаў, што чалавеку трэба. А ён падаў мне руку і кажа: «Я — Казлоў Васіль Іванавіч, старшыня Вярхоўнага Савета БССР, прыехаў паглядзець, як ідзе будаўніцтва». Пад’ехалі мясцовыя кіраўнікі і кіраўнік трэста № 3. Калі Казлоў голасна прачытаў «Клуб будаўнікоў» і пахваліў «Будуем беларускае!», да мяне ціха падышоў Воранаў, піхнуў кулаком у бок і сказаў, што я зноў на сваёй працы. І зараз на клубе красуецца шыльда
па-беларуску. Я ў душы ганаруся гэтым".
Як гэта было. Слуцкі збройны чын у датах і падзеях
- Сярэдзіна лістапада — фарміраванне 1-й Слуцкай брыгады стральцоў войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі.
- 16 лістапада — пачала дзейнічаць Беларуская Рада Случчыны, выбраная з’ездам.
- 24 лістапада — польскія войскі пакінулі Слуцк; са Слуцка ў вёску Семежава ў нейтральнай зоне перабралася Рада Случчыны.
- 27 лістапада — першыя баі 1-й Слуцкай брыгады з падраздзяленнямі Чырвонай Арміі; пачатак Слуцкага збройнага чыну.
- 29 лістапада — адпяванне ў царкве вёскі Семежава першых загінулых паўстанцаў; у Слуцк увайшлі чырвонаармейцы.
- 2−3 снежня — баі за Вызну (цяпер Чырвоная Слабада ў Салігорскім раёне) і заняцце яе Чырвонай Арміяй.
- 4−7 снежня — Чырвоная Армія праводзіць аперацыю па ачыстцы нейтральнай зоны «от антисоветского элемента».
- 7 снежня — ідуць баі каля Семежава, Чырвоная Армія займае вёску.
- 12 снежня — зноў ідуць баі за Семежава, перамагае 1-й Слуцкая брыгада паўстанцаў.
- 17 снежня — баі за Вызну і заняцце яе 1-й Слуцкай брыгадай.
- 19 снежня — заняцце Вызны Чырвонай Арміяй.
- 20 снежня — Семежава занята Чырвонай Арміяй.
- 28 снежня — 1-я Слуцкая брыгада і Беларуская Рада Случчыны перайшлі цераз раку Лань на польскую тэрыторыю.
- 31 снежня — яшчэ некалькі груп удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну перайшлі на польскую тэрыторыю.
Что ещё почитать и посмотреть по этой теме
- Слуцкое вооружённое восстание. Объяснение на солдатиках
- Анатоль Жук: Слуцкі збройны чын чакае сваіх даследчыкаў
- 40 дней крестьянской республики
- Ещё раз о Слуцком восстании и истории Беларуси с точки зрения профессионального историка
- Повстанцы выбрали независимость
- Гражданская война в США и Слуцкое восстание
- 100 лет Слуцкому восстанию. Хроника событий.
В тему:
- Под Слуцком пенсионерам прервали массовый просмотр фильма телеканала ОНТ (видео)
- Комсомольцы против Повстанцев. Что всё это значит
- Усталяваны памятны знак слуцкім паўстанцам.