«Што застаўляе жанчын нараджаць дзяцей, загадзя ведаючы, што іх чакае галеча і голад?» Разважанні случчаніна аб дзецях і дзяцінстве

0

У гэтым годзе 20 лістапада адзначаўся Сусветны дзень дзіцяці і мой дзень нараджэння таксама. Мне споўнілася 74 гады. На самой справе ў метрыках запісана 20 студзеня 1947 года. І вось чаму.

Нарадзіўся я вельмі кволы, з вялікай пухлінай пад сэрцам, якая, па словах мясцовага фельчара, павінна была прарваць ва ўнутро, і шансу выжыць у мяне не было. Таму бацькі, змірыўшыся з гэтым, закуталі мяне ў анучы і закінулі на печ.

Реклама

Бабка Марына (маміна маці), царства ёй нябеснае, запарвала вялікую цыбуліну і прыкладвала яе на пухліну.

І вось 20 студзеня 1947 года пухліна прарвала вонкі. Так, дзякуючы бабулі я застаўся жыць, і паколькі мяне не паспелі яшчэ запісаць у сельсавеце, то і запісалі 20 студзеня 1947 года. Таму ў мяне два дні нараджэння, ва ўсялякім выпадку я так лічу. Усе мае сябры і знаёмыя віншуюць мяне з днём нараджэння менавіта 20 лістапада.

Але вернемся да дзяцей, якіх я вельмі люблю і шаную. Магчыма, гэта звязана з узростам.

Часам гляджу тэлевізар, дзе паказваюць худых, згаладалых афрыканскіх дзяцей ці з іншых бедных краін, і думаю: «Навошта? Што застаўляе жанчын нараджаць дзяцей, загадзя ведаючы, што іх чакае наперадзе галеча і голад?»

Вельмі шкада дзяцей з тых краін, дзе ідзе вайна. Спалоханыя тварыкі сірыйскіх дзетак, якіх бацькі пакінулі і пайшлі ваяваць за ігілаўцаў. А потым міратворцы ратуюць іх ад голаду і смерці. Шкада дзяцей, пакутуючых па віне дарослых.

Самому калісьці давялося перажыць смерць сямігадовага сына. Нават свайму самаму заклятаму ворагу не пажадаю перажыць такое. Памятаю, ногі адняліся, хадзіць не мог з тыдзень.

Такога не павінна быць, каб бацькі хавалі сваіх дзяцей. Пахаванне дзяцьмі бацькоў хоць і смутная справа, але больш справядлівая і зразумелая.

Дзеткам усіх краін і народаў жадаю жыць здаровенькімі, вясёлымі і шчаслівымі. Беражы вас Гасподзь!