Памёр Валер Аляксеевіч Санько. Пісьменнік, краязнавец і журналіст быў ураджэнцам Случчыны

0
Памёр Валер Аляксеевіч Санько. Пісьменнік, краязнавец і журналіст быў ураджэнцам Случчыны

На 82-м годзе жыцця 22 лістапада памёр ураджэнец Случчыны, пісьменнік і краязнавец Валер Аляксеевіч Санько.

Наш зямляк вядомы як кнігавыдавец, журналіст, доктар народнай медыцыны, член-карэспандэнт Міжнароднай Акадэміі энергаінфармацыйных навук. Яго запісы беларускага фальклору друкаваліся ў газетах, часопісах, у трох тамах акадэмічнага пяцідзесяцітомавага выдання беларускага фальклору. Тройчы быў кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі. Працаваў у розных выданнях, арганізоўваў і ўзначальваў упершыню створаную на Беларусі рэдакцыю краязнаўства. Заснаваў выдавецтва «Хата». Мноства краязнаўцаў, гісторыкаў, навукоўцаў удзячны яму за дапамогу ў друкаванні кніг.

Реклама

Памёр Валер Аляксеевіч Санько. Пісьменнік, краязнавец і журналіст быў ураджэнцам СлуччыныАўтар 21 асабістай кнігі. Найболей значныя: празаічныя — «Жыватворныя крыніцы» (1979), «Усё скончана: мы прайшлі па Маскве» (1993), «Не плач, маці» (1995), «Дахаты пойдуць усе» (1999), «Ненадрукаванае. У белдзяржлітструктурах» (2009), «Грэх на іх нязмыўны» (2013); дакументальны раман «Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе» (2013), «Сучаснае беларускае літаратурнае жыццё» (2015), «Карыды вогненныя іскры» (2016); аб прыкметах і афарызмах — «Размова з прыродай» (1990), «Гаворыць — старажытны Рым, гавораць — пра старажытны Рым» (2003), «Жыць — прыкметы вучыць» (2017), «Прыкмета і прырода — сябры назаўсёды» (2019). Суаўтар кніг «З вудай і стрэльбай» (1974), «Знаёмства» (1982), «Беларускія спартсмены ў баях за Радзіму» (1985), па лячэнні травамі (з Н. І. Аляксейчык, 1992, 1994).

Вывудзіў у шаптух, ведуноў, з архіваў і ўпершыню ў Беларусі сістэматызаваў народныя прыкметы супраць п’янства, самазабойства, лаянкі, курэння, наркаты, татуіровак.

Памёр Валер Аляксеевіч Санько. Пісьменнік, краязнавец і журналіст быў ураджэнцам Случчыны
Кнігі Санько ёсць і ў рэдакцыі «Кур'ера»
Скончыў Вялікасліўскую сярэднюю школу, медвучылішча ў Баранавічах, факультэт журналістыкі БДУ, аспірантуру Акадэміі навук БССР.

Валер Аляксеевіч Санько застанецца ў памяці тых, хто з ім хоць мімалётна сутыкаўся або разам працаваў, цікавым, шчырым, прыемным і добразычлівым чалавекам.

Пасля крэмацыі будзе пахаваны на наступным тыдні ў Вялікай Сліве, побач з маці.