Гісторыя адной фатаграфіі. Васіль Верамейчык: «Без тлумачэнняў з пахавання ў пастарунак»

0

Нельга было прайсці чалавеку, які прафесійна займаецца фатаграфіяй, міма такога сюжэту: каля будынку міліцыі ў Салігорску на пастаменце помніка Феліксу Дзяржынскаму сядзіць у скрусе малады чалавек і скрабе сабе патыліцу. Побач пакет з рэчамі, на нагах басаножкі, у якіх з кватэры ў горад ніхто не выходзіць.

Гісторыя адной фатаграфіі, Слуцк
Фотаздымкі: Уладзімір Амяльчэня
Сфатаграфіраваўшы, пабаяўся парушыць далейшую яго адзіноту. У гэты момант да будынку пад’ехала на «крутым» аўто маладая жанчына і подбегам пайшла ў бок помніка. Малады чалавек схамянуўся, пачуўшы крокі, хуценька падхапіўся і шчасліва стаў усміхацца. Я зрабіў яшчэ адзін фотаздымак. Пасля пацалункаў і абдыманняў я ўсё ж такі асмеліўся падысці. І пачуў ад іх такую гісторыю.

Гісторыя адной фатаграфіі, Слуцк

Реклама

«Мы жывём у Мінску. У Салігорск 5 дзён назад прыехалі на пахаванне бабулі Валі, — расказвае маладая жанчына. — Вечарам я паехала ў Мінск адна, бо там чакала дачка-школьніца. А Вася застаўся тут з раднёй, каб ранкам схадзіць на могілкі. Назаўтра ранкам прама з могілак ён са стрыечным братам на яго машыне паехалі ў Мінск».

Здавалася, што жанчына пачне плакаць. Таму пачаў расказваць Васіль.

«У гэту ноч каля будынку пракуратуры згарэлі машыны. Толькі мы прыехалі ў Мінск, зайшлі ў кватэру, як пачуўся стук у дзверы. Уварваліся людзі, сталі біць мяне па спіне, павалілі на падлогу, пасадзілі пад вокам сіняк, адзелі кайданкі. Стрыечнага брата арыштавалі таксама. Ніхто не казаў, за што гэта „спецаперацыя“. Толькі ў Салігорску даведаліся, што нам ставяць у віну падпал тых аўто, што згарэлі перад будынкам пракуратуры. Вось на пяты дзень выпусцілі. А за што білі? А навошта забралі дарагі тэлефон? Калі ж мы тут наогул ні пры чым! Нейкая бязглуздзіца і натуральны здзек». Такімі словамі скончыў свой аповед Васіль Верамейчык.

Праз дзён дваццаць лёс зноў падарыў сустрэчу: на падвор'і ў другой бабулі Васіль сек дровы на зіму. Ён абрадаваўся і з усмешкай вярнуўся да мінулай размовы: «Улада наша сёння як калун — крышыць і коле ўсё, што падпадае пад яго лязо. За што арыштавалі - невядома і сёння».

Гісторыя адной фатаграфіі, Слуцк