«Нельга дзяліць народ на тых, каго можна знішчыць, і каго пакінуць у жывых». Інтэрв’ю з Зінаідай Цімошак

0
«Мяне здзівіла салідарнасць людзей, якiя прыносілі мне па дзве-тры перадачы на дзень». Інтэрв'ю з Зінаідай Цімошак
Фота: Кацярына Ганчарэнка

Грамадская актывiстка Зінаіда Цімошак расказала «Кур’еру», чаму iнiцыявала акцыю памяцi ахвярам Слуцкага гета, як адрэагаваў мясцовы аддзел унутраных спраў i чаму яна супраць усякага гвалту.

Зінаіда Цімошак ініцыіруе экскурсіі ў Слуцку, прысвечаныя гісторыі, захаванню памяці аб ахвярах фашызму і сталінскіх рэпрэсій. Яна ладзіць такія акцыі, таму што яе хвалюе тэма гвалту, асабліва з боку ўладаў. Ёй хочацца, каб у далейшым гвалту было менш.

Реклама

Зінаіда ўзначальвае Слуцкую суполку “Таварыства беларускай мовы” імя Францішка Скарыны. Мерапрыемствы праводзіць на беларускай мове, бо хоча такім чынам яе папулярызаваць.

“Прадметам дзейнасці нашай арганізацыі з’яўляецца культурна-асветніцкая дзейнасць. Галоўная задача – адраджэнне беларускай мовы ва ўсіх сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцця, папулярызацыя роднай мовы”, — распавяла старшыня таварыства пра дзейнасць суполкі.

“Нягледзячы на тое, што наша мова дзяржаўная, мы бачым, як паступова звужаюцца яе сферы дзейнасці. Калі раней яшчэ было шмат беларускамоўных школ, зараз вясковыя школкі зачыняюцца, а ў гарадах нават не існуе беларускамоўных класаў”, — кажа Зінаіда.

Па яе словах, асноўная ідэя акцыі ля помніка яўрэйскаму гета — пакласці кветкі на тым месцы, дзе людзі шмат пакутавалі. Бо вядома, што 27 і 28 кастрычніка ў 1943 годзе ў Слуцку ажыццяўляліся расстрэлы: ліквідавалі рабочае гета ў раёне ваеннага гарадка і жаночае на цяперашняй вуліцы Максіма Багдановіча.

«Cлуччане не супраць ведаць аб тым, што адбывалася раней. Калісьці мы наведвалі магілу Альгерда Абуховіча. Нават міліцыя прыязджала. Падышлі, паглядзелі, паслухалі і пайшлі, не чапалі нас».

Пра мерапрыемства арганізатары паведамілі толькі блізкім сябрам «Таварыства беларускай мовы».

Інфармацыя выпадкова трапіла ў тэлеграм-чат «Слуцкая телега». У чаце паміж тымі, хто жадаў прыняць удзел у мерапрыемстве, і начальнікам Слуцкай міліцыі з’явілася спрэчка. Аляксандр Голікаў спаслаўся на артыкул 23.34 і паведаміў пра незаконнасць акцыі. Зінаіда далучылася да размовы і паведаміла яму, што ніякага мітынгу не будзе: людзі проста пакладуць кветкі. «Здаецца, які гэта мітынг, калі маленькая групка людзей сабралася, паслухала гістарычны дыскурс і сышла?»

У дзень мерапрыемства Аляксандр Голікаў, начальнік Слуцкага РАУС, напісаў у Telegram-канале «Слуцкая телега»: «Возложить цветы и спокойно уйти — вопросов нет! Целенаправленно собраться на массовое мероприятие и провести его — это нарушение закона. 21.10. Предупреждённые граждане пришли, возложили цветы и провели собрание, в течение 20 минут их не „трогали“, но собравшиеся не вняли предупреждениям (есть на видео) и демонстративно продолжили мероприятие. И впредь за такие действия — будет собран адм. материал».

На экскурсіі было адзінаццаць чалавек. Не ўсе з іх прысутнічалі ўвесь час. Некаторыя ўсклалі кветкі, і, калі ўжо прыехаў аўтазак, засталося сем чалавек.

— Як разганялі мерапрыемства

Як кажа Зінаіда, начальнік міліцыі загадаў удзельнікам акцыі разысціся. Але ж Зінаіда папрасіла ў яго яшчэ некалькі хвілін на тое, каб распавесці гісторыю гета. «Як настаўнік гісторыі, я не магу інакш: што, проста ўзяць, пакінуць кветкі ды сысці?»

«Я папрасіла Аляксандра Голікава спыніцца, падысці да мяне бліжэй, паслухаць. Ён падышоў, ён стаяў некалькі хвілін, ён слухаў. Калі ён адышоў, то я падумала, што яго прабраў сорам».

Калі пад’ехаў аўтазак, удзельнікі спакойна сышлі, не кідаліся ўцякаць. Сілавікі расступіліся, калі ўдзельнікі акцыі праходзілі праз аўтазак. Іх тады ніхто не браў.

— Як вас затрымалі?

— Праз дзень пасля мерапрыемства ніхто нікога не чапаў. А ўжо паслязаўтра ў 9.10 у мой дом ускочылі два крыміналісты. Па сутнасці забралі падманам. Яны мяне выманілі з дому, хаця абяцалі, што выклікаюць мяне толькі на прафілактыку, што я падпішу паперы і вярнуся дадому. Сказалі, што ўсё пройдзе хутка, таму я магу з сабой нічога не браць. Захапіла з сабой толькі лекі. Ні шкарпэтак, ні цёплых тапак з сабой не ўзяла. «Вам гэта не трэба, вы хутка вернецеся». Мяне трымалі ў кабінеце крыміналістаў чатыры гадзіны. Як толькі склалі пратакол, мяне адразу затрымалі. І я нават не паспела папярэдзіць сваякоў, толькі рэдактара сваёй газеты, – распавядае Зінаіда.

Зінаіду абвінавацілі ў тым, што яна «выражала асабістыя і грамадска-палітычныя інтарэсы па тэме супраць гвалту ў прысутнасці масавага скаплення грамадзян».

201112

— Як вас падтрымлівалі случчане?

— Мяне здзівіла салідарнасць людзей: як прыносілі па дзве-тры перадачы на дзень. Але ж некаторым валанцёрам вынеслі прысуды, таму што яны былі ўдзельнікамі таго мерапрыемства і трапілі на фотаздымак. Думаю, іх бы не чапалі, калі б яны не пайшлі да мяне з перадачамі. Бо бралі менавіта тых, хто ўдзельнічаў у мерапрыемстве.

— Ці думалі вы над тым, каб узгадніць гэтую акцыю з мясцовымі ўладамі?

— Увогуле закон аб масавых мерапрыемствах вельмі дарагі. Трэба плаціць грошы, каб нас абслугоўвала міліцыя падчас таго, як мы ўскладваем кветкі; аплачваць камунальныя паслугі, каб за намі прыбіралі смецце, якое мы нібыта пакідаем; заплаціць паслугу медыкаў хуткай дапамогі, якой больш няма што рабіць у часы каронавірусу, як дзяжурыць кароткі час ля помніка. Гэты закон забірае час: пакуль ты падпішаш паперы, каб узгадніць, ужо адпадзе жаданне праводзіць. Закон зусім не адпавядае Канстытуцыі, бо замест таго, каб падпарадкавацца Канстытуцыі, ён яе асядлаў. У той жа час мы ведаем, што помнікі для таго і ўзводзяцца, каб людзі іх наведвалі. Такое адчуванне, што Слуцк — закрыты горад і знаходзіцца на ваенным становішчы.

— Як лічыце, ці была вашая акцыя палітычнай, як гэта было напісана ў пратаколе?

— Нашая акцыя мела толькі гістарычны экскурс. Ніводнай фразы, ніводнага сказа, звязаных з сучаснымі падзеямі, не існавала. Ніякай палітыкі ў нашым мерапрыемстве не было. Ніякага масавага скаплення людзей у тым ліку. Гэта было звычайнае мерапрыемства па папулярызацыі беларускай мовы сярод насельніцтва шляхам правядзення экскурсіі, у якой прымала ўдзел невялічкая колькасць людзей. Знішчэнне амаль 77 адсоткаў насельніцтва Слуцка падчас вайны павінна выклікаць у беларусаў пачуццё адмоўных адносін да насілля як супраць беларускага насельніцтва, так і габрэйскага. Бо нельга дзяліць народ на катэгорыі тых, каго можна знішчаць, а каго пакінуць у жывых.

Ранее:
  • Судили тех, кто возлагал цветы к памятнику жертвам Холокоста в Слуцке. Дали штрафы и сутки
  • Как судили тех, кто возлагал цветы к памятнику жертвам Холокоста в Слуцке. Репортаж

В ТЕМУ. «Как мы дожились до такого?» Работнику Слуцких электросетей грозит увольнение после задержания за «возложение цветов»