Адзін з самых насычаных падзеямі на Случчыне ў XX стагоддзі. Што было ў 1920 годзе

0

Адным з самых насычаных падзеямі на Случчыне ў XX стагоддзі можна ўпэўнена назваць 1920 год. Аб гэтым сведчаць архіўныя дакументы, успаміны ўдзельнікаў і відавочцаў падзей, энцыклапедычныя даведнікі, публікацыі ў перыядычным друку.

1920 год: што было на Случчыне, Слуцк
Помнік героям на Камсамольскай. Сто гадоў таму, 25 красавіка 1920 года, белапалякі, якія захапілі Слуцк, расстралялі 14 партызан. Загінулыя фактычна сталі першымі мясцовымі героямі новай Савецкай улады. Фота з архіва «Кур'ера»
Нагадаю, што 11 жніўня 1919 года пачалася акупацыя Слуцкага павета (існаваў да ўтварэння раёнаў у 1924 годзе) польскімі войскамі. Гэта зрабіла своеасаблівы адбітак на паўсядзённым жыцці случчан у першай палове 1920 года.

Пачатак года — у Слуцку ў доме на рагу вуліц Балотнай і Капыльскай прайшла першая падпольная павятовая бальшавіцкая канфе-рэнцыя з мэтай умаца-вання падпольна-партызанскага руху супраць польскіх захопнікаў на тэрыто-рыі Слуцкага павета.

Реклама

20 лютага — выйшаў з друку другі нумар газеты «Наша Каляіна», органа слуцкага культурна-асветніцкага таварыства «Папараць-кветка».

21 сакавіка — прайшоў з’езд Случчыны, скліканы польскім Таварыствам стражаў крэсовых.

25 красавіка — публічны расстрэл польскімі акупантамі на гарадскіх могілках 14-ці слуцкіх партызан.

12 чэрвеня — паблізу вёскі Варкавічы прайшла другая падпольная павятовая бальшавіцкая канфе-рэнцыя, якая прыняла рашэнне аб адкрытым узброеным выступленні супраць палякаў пры набліжэнні Чырвонай арміі да Слуцка.

15 ліпеня — вызваленне Слуцка ад польскіх захопнікаў падраздзяленнямі 2-й стралковай дывізіі 16-й арміі; пачаў дзейнічаць часовы Слуцкі павятовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт на чале з ураджэнцам вёскі Лапацічы Іванам Бачко.

16 ліпеня — паха­ванне загінулага пры вызваленні Слуцка ад палякаў Аляксандра Манахава, імем якога названа адна з гарадскіх вуліц.

17 ліпеня — павятовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт прыняў пастанову аб вяртанні вуліцам Слуцка назваў, якія існавалі да польскай акупацыі.

21 ліпеня — пачаў дзейнічаць пастаянны Слуцкі павятовы ваенна-рэвалюцыйны камітэт на чале са Сцяпанам Несцерам.

31 ліпеня — абвяшчэнне незалеж­насці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь (такая назва існавала да ўтварэння ў 1922 годзе СССР), у склад якой увайшоў і Слуцкі павет. У гонар першага дня незалежнасці Беларусі ў Слуцку ёсць вуліца 1-га Жніўня, а слуцкая вуліца 11-га Ліпеня нагадвае пра вызваленне горада Мінска ад польскіх захопнікаў у 1920 годзе.

23 жніўня — надзвычайнае пасяджэнне партыйнай тройкі павятовага камітэта Камуністыч­най партыі (бальшаві­коў) Літвы і Беларусі. Створаны эвакуацый­ная камісія на выпадак прыходу палякаў і надзвычайная тройка па барацьбе з бандытызмам і контррэвалюцыяй з наданнем ёй права выносіць пастановы аб смяротным пакаранні.

8 верасня — пачатак кастрычніка — у Слуцку выходзіла газета «Пролетарская мысль», орган Слуцкага павятовага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта.

12 кастрычніка — пачатак «другой польскай акупацыі» Слуцкага павета; падпісанне ў Рызе дэлегацыямі Савецкай Расіі і Савецкай Украіны, з аднаго боку, і Польшчы, з другога боку, дагавора аб перамір'і. Слуцк заставаўся на савецкай тэрыторыі, а заходняя частка Слуцкага павета трапляла ў нейтраль­ную зону, дзе не павінна быць ні польскіх, ні савецкіх войскаў.

Пачатак лістапада — польскія ваенныя перадалі цывільную ўладу ў Слуцкім павеце Беларускаму нацыянальнаму камітэту Случчыны.

14−15 лістапада — у доме Эдварда Вайніловіча на вуліцы Шырокай (цяпер Камсамольская) прайшоў з’езд Случчыны, які вітаў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і заявіў, што «ўсе свае сілы аддасьць на адбудову сваёй Бацькаўшчыны».

Сярэдзіна лістапада — фарміраванне 1-й Слуцкай брыгады стральцоў войскаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

16 лістапада — пачала дзейнічаць Беларуская рада Случчыны, выбра-ная з’ездам і якой з’езд «даручыў часова ўсю цывільную ўладу ў павеце».

21 лістапада — выдадзена Дэкларацыя Беларускай рады Случчыны (пашырана 28−29 лістапада).

24 лістапада — польскія войскі пакінулі Слуцк; са Слуцка ў вёску Семежава (цяпер у Капыльскім раёне) у нейтральнай зоне перабраліся Беларуская рада Случчыны, камандаванне і некаторыя падраздзяленні 1-й Слуцкай брыгады.

27 лістапада — першыя баі 1-й Слуц­кай брыгады з падраздзя-леннямі Чырвонай арміі; пачатак Слуцкага збройнага чыну.

29 лістапада — адпя-ванне ў царкве вёскі Семежава першых загінулых удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну; у Слуцк увайшлі падраздзяленні 8-й стралковай дывізіі 16-й арміі.

1 снежня — пачаў дзейнічаць Слуцкі павятовы ваенны камісарыят.

2−3 снежня — баі за Вызну (цяпер Чырвоная Слабада ў Салігорскім раёне) і заняцце яе Чырвонай арміяй.

3 снежня — Беларуская рада Случчыны замест Анастаса Анцыповіча прызначыла камандзірам 1-й Слуцкай брыгады Антона Сокал-Кутылоўскага «з прадастаўленнем яму часова дыктатар­скіх паўнамоцтваў».

7 снежня — баі за Семежава і заняцце яго Чырвонай арміяй.

12 снежня — заняцце Семежава 1-й Слуцкай брыгадай.

17 снежня — заняцце Вызны 1-й Слуцкай брыгадай.

19 снежня — баі за Вызну і заняцце яе Чырвонай арміяй.

20 снежня — Семежава занята Чырвонай арміяй.

28 снежня — 1-я Слуцкая брыгада і Беларуская рада Случчыны перайшлі цераз раку Лань на польскую тэрыто-рыю; заканчэнне Слуцкага збройнага чыну.

31 снежня — яшчэ некалькі груп удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну перайшлі на польскую тэрыторыю.