Копань, Новае Жыццё, Гарохаўка… Як я на ровары праехала па маленькіх вёсках Случчыны

0

Маленькія вёскі вельмі цікавыя сваёй непаўторнай атмасферай. Менавіта тут вуліцы не заасфальтаваныя, а падворкі захоўваюць дух мінуўшчыны. Дамы стаяць не па лінейцы, а ў дызайне двароў можна ўбачыць асабістыя рысачкі.

Кожны раз падчас велавандровак уважліва ўглядаюся ў дамы і двары ў гэтых вёсачках. На вялікі жаль, людзей тут можна сустрэць вельмі рэдка. Прычына вядомая: моладзь не застаецца, старыя сыходзяць з жыцця. Кожнаму чалавеку радуюся, як Рабінзон Круза Пятніцы.

Реклама

У апошні час праехала па вёсках Копань, Новае Жыццё (народная назва Падвоўч’я), Гарохаўка.

Копань

На ровары па маленькіх вёсках Случчыны, Слуцк
Аўтар артыкула (на фота) лічыць, што падчас велавандровак па вёсках можна ўбачыць каларытныя і непаўторныя рэчы і пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. Фота: Святлана Праўдзінская

У Копані сустрэла велізарнага сабаку, які свабодна гуляў па вуліцы. Малюпасенькая вёска раскінулася сярод палёў. У ёй адна вуліца і два завулкі.

На ровары па маленькіх вёсках Случчыны, Слуцк
Фота: Святлана Праўдзінская

Вельмі ціха, спакойна. Здалёку прамільгнула жанчына, якая пайшла на падворак. Паклікаць яе не паспела.

Архітэктура дамоў традыцыйная. Некаторыя хаты ўладкаваны па-сучаснаму. Убачыла металічныя брамы з арыгінальнымі элементамі.

На ровары па маленькіх вёсках Случчыны, Слуцк
Фота: Святлана Праўдзінская

Новае Жыццё (Падвоўч’я)

У палявой вёсцы Новае Жыццё таксама ціха.

На ровары па маленькіх вёсках Случчыны, Слуцк
Вёска Новае Жыццё. Фота: Святлана Праўдзінская

Дзве жанчыны працавалі ў глыбіні двароў. Адцягваць іх ад працы не стала. Вельмі злыя сабакі. У некаторых падворках яны не прывязаныя. Калі ўбачылі мяне, спрабавалі пераскочыць плот.

На ровары па маленькіх вёсках Случчыны, Слуцк
Вёска Новае Жыццё. Фота: Святлана Праўдзінская

Гарохаўка

Больш за ўсё пашанцавала ў Гарохаўцы. Сабак не відаць. Ціха. Сустрэла мясцовую жыхарку Галіну Пятроўну Бранавіцкую. Яна стала маім гідам.

На ровары па маленькіх вёсках Случчыны, Слуцк
Галіна Пятроўна Бранавіцкая

Галіна Пятроўна распавяла, што пастаянных жыхароў мала. На вуліцы Лугавой, дзе яна жыве, толькі тры жанчыны.

Самай старэйшай 93 гады. Астатнія дачнікі.

На ровары па маленькіх вёсках Случчыны, Слуцк
Дом на вуліцы Лугавой

Расказала Галіна Бранавіцкая і сваю гісторыю. Нарадзілася ў лютым 1943 года ў вёсцы Баравая. Бацька быў у партыз­анскім атрадзе. Маці пякла хлеб для народ­ных мсціў­цаў. За сувязь з партызанамі фашысты спалілі ўсю вёску разам з жыхарамі. У полымі загінулі маці і старэйшы брат Галіны. Маленькую дзяўчынку немец выкінуў пад плот на вуліцу. Гэта выратавала ёй жыццё. Дзіця выжыла. Партызаны падабралі немаўля. Аддалі бацьку. Гадавалі ў лесе ў атрадзе. Пасля вайны вучылася, а калі прыйшоў час, выйшла замуж у Гарохаўку.

Галіна Пятроўна ўзгадала, як з му­жам ездзіла збіраць ягады ў лес на месца дыслакацыі партызанскага атрада, дзе яна гадавалася. Зямлянкі былі вельмі трывалыя. Захоўваліся яшчэ да канца 1950-х.

На ровары па маленькіх вёсках Случчыны, Слуцк
Падворак старэйшай жыхаркі вёскі Гарохаўка, якой 93 гады. Фота: Святлана Праўдзінская

Доўгія гады Галіна Пятроўна працавала даяркай. Выгадавала чацвярых дзяцей, дапамагае выхоўваць восем унукаў і дзевяць праўнукаў.

Мая суразмоўца распавяла, што вёска Гарохаўка — шляхецкая. Тут жылі нашчадкі шляхцічаў Сухоцкіх. Вёска вельмі прыгожая, побач лес, рака Случ. Нездарма шляхцічы пасяліліся калісьці менавіта тут.

Што мяне засмуціла, дык гэта сметнікі ў бліжэйшым лесе. Ад іх ідзе вельмі непрыемны пах, які чуваць у вёсцы. Хацелася, каб уладныя органы звярнулі ўвагу на парадак у прыродным асяроддзі паблізу Гарохаўкі, бо менавіта ў гэтых маленькіх апусцелых вёсачках застаецца душа беларусаў, а старыя захоўваюць памяць аб мінулым.