«Трэба памятаць імёны і лёс рэпрэсіраваных». На сайце «Кур'ера» з’явіўся новы праект

0

На сайце kurjer.info з’явіўся новы праект — «Рэпрэсіраваная Капыльшчына».


Гэта электронны банк дадзеных пра капылян, якіх рэпрэсіравалі ў гады Савецкай улады перад вайной. А яшчэ гэта чарговая (пасля праекта «Імёны. Капыль») шматгадовая і вельмі важная праца жыхара Капыля Алега Паўкштэла.

Дзякуючы створанаму ім архіву можна даведацца пра лёсы капылян — родных і землякоў, — што папалі пад прэс рэпрэсій.

Реклама

«Трэба памятаць імёны і лёс рэпрэсіраваных». На сайце «Кур'ера» з’явіўся новы праект, Слуцк

«Трэба памятаць імёны і лёс рэпрэсіраваных»

Аўтар праекта Алег Паўкштэла так распавядае аб матывацыі зрабіць базу дадзеных аб рэпрэсіраваных земляках:

«Людзі заўсёды знішчалі адзін аднаго. Ня толькі паасобку, але і масава. Нагодай для знішчэння служылі помста, вера, мова, сацыяльнае становішча. Але на нашай тэрыторыі толькі пасля знішчэння Расійскай Імперыі, калі на яе абломкі прыйшла Савецкая ўлада, якая назвала сябе ўладай народа, пачалося знішчэнне сябе падобных, такіх жа, сваіх. Без разбору. Толькі на той падставе, што яна, Улада, вырашыла, што хтосьці мог бы што-небудзь зрабіць ці сказаць супраць яе.

Капыльшчына не была выключэннем. Не павінна была ім быць. Больш за тое, з-за свайго памежнага становішча каток рэпрэсій тут пракаціўся вельмі старанна і вельмі моцна. Асабліва па вёсках, якія прымыкалі непасрэдна да мяжы. Так знікла вёска Белікі, адселеная і знішчаная.

2963. Такі агульны лік імёнаў людзей, якія пад гэты каток трапілі. Ураджэнцаў і жыхароў Капыльшчыны. Для параўнання — у вайну загінула крыху больш за 7000.

Але спіс рэпрэсіраваных далёка не поўны. Хоць і папоўнены імёнамі раскулачаных, знойдзеных у кнізе «Памяць» (у ёй, дарэчы, лічбы рэпрэсій значна сціплыя).

Калі пачаліся рэпрэсіі? Ды адразу! І тое, што тут вельмі мала імёнаў з 1920-х, зусім не значыць, што іх не было. Проста не заўсёды рукі даходзілі зрабіць запіс. А вось кулі тады даходзілі часта. Машына раскручвалася. Узлёт яе магутнасці прыйшоўся на стык 1920−1930-х. І не толькі праз раскулачванне, калі людзей пазбаўлялі ўсяго ў прамым сэнсе слова і высылалі куды-небудзь. Скажам, у Томскую вобласць, дзе было яшчэ адно «месца прыцягнення» для капылян.

Кароценькія запісы пра рэпрэсіі, што сустракаеш у архівах, варта чытаць. Якія лёсы, якія трагедыі, якая канцэнтрацыя зла за кожным запісам! Часта бралі проста па прозвішчах. Так, напрыклад, адных толькі Булатаў пайшло па этапе 26 чалавек. Арышт аднаго мог пацягнуць высылку ўсёй сям'і, аж да далёкіх сваякоў.

Сярэдзіна 1930-х — параўнальна «спакойны» час. А потым звер вырваўся на волю. І гэта сапраўды падобна на праўду. Каго бралі? Ды хоць каго! Па нацыянальнасцях не дзялілі. Пайшлі рэдкія для Капыля замежнікі — латышы, немцы, палякі. Ёсць легенда, што яўрэяў амаль не арыштоўвалі і ўжо дакладна не расстрэльвалі, калі яны не былі вялікімі кіраўнікамі. Гэта хлусня! Ну, каму замінаў шавец арцелі інвалідаў, якога ўзялі і расстралялі ў Слуцку? Але асноўны кантынгент — беларусы.

Ці арыштоўвалі жанчын? Арыштоўвалі! І расстрэльвалі. І маладых, і сталых. Старых таксама бралі. І таксама расстрэльвалі.

А дзяцей адпраўлялі ў ссылку, не забыўшыся завесці справу.

Я хацеў прывесці некалькі яркіх прыкладаў, але тады гэты артыкул ператварыўся бы ў кнігу. Таму скажу толькі пра Бортнік Тамару Васільеўну з вёскі Карачоўшчына, 1941 года нараджэння, асуджанай 1945/09/24 года як ЧСВН (член сям'і ворага народа) на 5 гадоў ссылкі, з канфіскацыяй і з адбываннем пакарання ў Краснаярскім краі ў Расіі. І гэта рабіла Ўлада народа, Улада ад імя народа, Улада для народа.

Імёны рэпрэсіраваных, лічу, трэба памятаць. І ведаць іх лёсы. І можа быць тады тут і цяпер не будзе больш беззаконня, хлусні, хамства і крывадушнасці".

Комментарии: будем признательны за ваши отзывы.

Пожалуйста, авторизуйтесь чтобы добавить комментарий.