«Чытаючы сённяшнія паведамленні пра сілавікоў, успамінаю час пасля смерці Сталіна…» Аб чалавечых адносінах і КДБ

0

Чытаючы сённяшнія паведамленні пра сілавікоў, успамінаю час пасля смерці Сталіна, калі паводзіны і адносіны да людзей у служак Камітэта дзяржбяспекі мяняліся і станавіліся чалавечыя. Аднаго такога супрацоўніка КДБ я сустрэў у горадзе Паўладар, што ў Казахстане.

Аб чалавечых адносінах і КДБ, Слуцк
Фота з сямейнага архіва аўтара
Калі я вярнуўся з лагера дамоў, у Беларусі мне не знайшлося месца, і я апынуўся ў Казахстане — слесарам па рамонце паравозаў у чыгуначным дэпо станцыі Паўладар.

Асабліва маім жыццём цікавіўся начальнік аддзела кадраў, а тое, што я яшчэ з’яўляюся студэнтам тэхнічнай акадэміі ў Ленінградзе, лічыў цудам. Аднойчы прапанаваў мне дапамагчы ў выкананні кантрольных работ студэнту-завочніку, які з’яўляўся сакратаром партыйнай арганізацыі. Я згадзіўся. Праз тыдзень я аддаў яму кантрольныя работы. А яшчэ праз тыдзень ён прыбег да мяне з усмешкай ва ўвесь свой шырокі твар і паведаміў, што за кантрольную атрымаў «пяцёрку».

Реклама

У гэтыя дні ў дэпо праводзілі прафсаюзную канферэнцыю чыгуначнікі Казахскай чыгункі. На канферэнцыю прыехаў нават генерал, начальнік чыгункі.

Сярод выступаючых майго прозвішча не было. Калі даклад скончыўся, я папрасіў слова. Мне дазволілі выступіць. Я падняўся і сказаў: «Выслухоўваць аб выкананнях і пера­выкананнях планаў у мяне няма часу, трэба ісці працаваць! А вось паслухаць ад высокіх начальнікаў, як пражыць мне з сям’ёй на той заробак, што атрымліваю, ды яшчэ з яго заплаціць за кватэру, я б згадзіў­ся!». На гэтым скончыў і пайшоў з залы.

У перапынку да мяне ў цэх прыбег парторг. «Што ты нарабіў?» — хватаўся ён за галаву. Але праз дзень ці два я перасяліўся з арэнднага жылля ў пакойчык у бараку. А яшчэ праз дзень ці два да мяне падышоў незнаёмы мужчына, павітаўся і стаў хваліць, як я добра выканаў кантрольную парторгу. «Вам па якому прадмету трэба зрабіць?» — спытаў я. Мужчына схамянуўся, быццам пытання не заўважыў, пасля назваўся: «Мяне завуць Юрый Залатароў. Я прыйшоў пазнаёміцца».

Аб чалавечых адносінах і КДБ, Слуцк
Фота з сямейнага архіва аўтара
Размова не клеілася. Ён распытваў, як мне працуецца, я неахвотна адказваў. На развітанне ён напісаў адрас і запрасіў да сябе ў госці з жонкай і сынам. Я падзякаваў, але ў госці мы не пайшлі.

Праз тыдзень Залата­роў з’явіўся зноў. Ён спы­таў, чаму не прыйшлі ў госці, і назначыў новы дзень гасцявання. У яго голасе запрашэнне гучала за­га­дам. Прыйшлося ісці.

Жыў Залатароў у раёне чыгуначнага вакзала. Такіх домікаў там было шмат. Толькі пераступілі парог, як захацелася адступіць назад. Уся кватэра ў дыванах, мэбля паліраваная, якой я ніколі не бачыў. Было страшна, але прайшлі. Аднаму з нас было не страшна — майму трохгадоваму сыну.

Сустракалі нас гаспадыня Ганна, сам гаспадар з дачушкай на руках і яго маці, жанчына сталага ўзросту. Нам так падалося, што сустракалі шчыра, асабліва жанчыны. Ганна расказвала, як працуе простым медыцынскім лабарантам у санэпід­станцыі, бабуля хвалілася ўнучкай, для якой была яшчэ хатнім педагогам.

За гарбатай разгава­рыліся з гаспадаром. Ён распытваў мяне, як збіраюся закончыць вучобу ў Ленінградскай акадэміі. Я нясмела спытаў, кім ён працуе. Залатароў адказаў, што працуе ў першым аддзеле Паўладарскага аддзела чыгункі. Раней служыў у арміі ў аддзеле «Смерш» у Аўстрыі. Калі войскі з Аўстрыі вывелі, ён апынуўся тут.

Я папрасіў больш расказаць пра службу ў Аўстрыі, а ён расказваў, як ездзілі ў Венскі тэатр слухаць оперу, быццам другіх спраў не было.

Раптам Залатароў прапанаваў мне паехаць павучыцца на слесара па рамонце дызеляў цеплавозаў, якія хутка прыйдуць у дэпо на замену паравозам. «Мяне не пашлюць, — адказаў я. — Ёсць спецыялісты з большым стажам». Сказаць, што мне пасля лагера не давераць такую справу, не хацелася.

Аб чалавечых адносінах і КДБ, Слуцк
Выпускнікі Казалінскай школы будучых рамонтнікаў цеплавозаў. Я ў першым радзе другі злева. Фота з сямейнага архіва аўтара
Месяцаў праз тры мяне нечакана вызвалі ў аддзел кадраў і паведамілі, што пасылаюць на паўгода ў Казалінскую школу вучыцца на слесара па рамонце дызеляў. Кадравік з усмешкай спытаў, ці выконваў я кантрольныя работы Юрыю Залатарову, які завочна вучыцца ў інстытуце чыгуначнага транспарту. Я адказаў адмоўна. Кадравік дадаў: «Пасаромеўся значыць». Мяне здзівіла, што ў КДБ ёсць людзі, якія яшчэ саромеюцца.

Вярнуўся я з Казалінска з дыпломам, але ў групу па рамонце цеплавозаў не трапіў, перайшоў на завод інжынерам-канструктарам. Вучоба ў Казалінскай школе дала мне шмат карыснага як па рамонце, так і па эксплуатацыі рухавікоў, за што з удзячнасцю ўспамінаю нечаканага знаёмага Юрыя Залатарова, былога супрацоўніка КДБ.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии