Як дырэктар нос адкусіў, а потым ледзь без вока не застаўся… Успаміны, якія нагадваюць сённяшнія падзеі

0

У апошнюю суботу жніўня гэтага года ездзілі мы з дачкой па справах у Любанскі раён. Калі ўсе пытанні вырашылі, я папрасіў дачку завітаць у вёску Калінаўка, якая была амаль на шляху. У гэтай вёсцы я не быў 50 гадоў.

Успаміны нагадваюць падзеі сённяшнія, Слуцк
Саўгас «Калінаўка» даўно ліквідавалі, аб’ядналі з суседнім, што ў вёсцы Малыя Гарадзячычы. Нібыта там зараз будуюць аграгарадок. Паспытаў ваду, якую пампуюць у хаты калінаўцаў, — пахне балотам. Фота: Уладзімір Амяльчэня
У Калінаўку я трапіў у 1967 годзе, калі вярнуўся з казахстанскай цаліны ў Беларусь. Разам з жонкай і двухгадовай дачкой. Я стаў працаваць галоўным інжынерам саўгаса «Калінаўка», а жонка пайшла ў школу настаўніцай. Гаспадарка была новая, арганізаваная на асушаных любанскіх балотах. У гэтых краях падчас Вялікай Айчыннай вайны ў падполлі грунтаваўся Мінскі абкам партыі на чале з Васілём Казловым.

У саўгасе было шмат былых партызан. Памятаю, мяне непрыемна здзіўляла, што менавіта яны прымалі рашэнні ў саўгасе і часта насуперак здароваму сэнсу. Райкам партыі і райвыканкам прыслухоўваліся да іх. Мне як спецыялісту, які вярнуўся з цаліннага саўгаса, дзе такіх людзей не было, а працавала адукаваная моладзь, такі расклад вельмі не падабаўся. Але што я мог?

Реклама

…Я з асцярогай прысеў на старую лаўку пад паўсухім дрэвам.

Успаміны нагадваюць падзеі сённяшнія, Слуцк
За гэтым сталом дзяліліся горам і радасцямі многія механізатары. Фота: Уладзімір Амяльчэня
Калісьці на ёй збіраліся механізатары саўгаса «Калінаўка», дзяліліся бедамі і радасцямі. Успаміны самі сталі ўсплываць адно за другім.
Успаміны нагадваюць падзеі сённяшнія, Слуцк
Дом, у якім жыла мая сям’я, даўно пустуе. Фота: Уладзімір Амяльчэня

Як дырэктар шафёру нос адкусіў

Неяк перад 9 мая ў саўгас прыйшла тэлефанаграма з райкама партыі, каб забяспечылі дастаўку людзей на востраў Зыслаў для святкавання Дня Перамогі. Дырэктар саўгаса з шафёрам на службовай легкавушцы сам адправіў­ся на Зыслаў, каб на месцы ацаніць, якая патрэбна падрыхтоўка.

У канцы працоўнага дня ў механічную майстэрню нечакана забег дырэктар. Быў ён без машыны.

Кінуў мне скрозь зубы: «Ідзі, там за Андрэйчыка забяры машыну».

Я не стаў удакладняць абставіны, узяў кіроўцу і паехаў «за Андрэйчыка». Гэта значыла, што трэба праехаць лесам кіламетры тры да хаты, у якой жыў Андрэйчык, потым выехаць з лесу і праз асушаныя балоты, полем, ехаць кіламетраў 12 да вострава Зыслаў.

І вось сярод поля мы ўбачылі машыну дырэктара. Яна стаяла на беразе асушальнага канала.

Калі пад’ехалі, унізе ля вады ўбачылі дырэктарскага шафёра Уладзіміра Мацакоўскага. Ён рукамі закрываў рот і нос, скрозь пальцы сачылася кроў. Калі ён адвёў рукі ад твару, я ўбачыў, што на носе няма адной ноздры. «Адкусіў і выплюнуў, не магу знайсці», — сказаў Мацакоўскі.

Лекары спрабавалі падправіць яму нос, але ў іх нічога не атрымалася. Так з скалечаным носам ён з’ехаў з саўгаса ў Глускі раён.

Добра памятаю, што дырэктару за гэта «геройства» нічога не было. З-за чаго выйшла сварка, таксама засталося невядомым.

Як дырэктар ледзь без вока не застаўся

1968 год, жнівень. Прыходжу ў майстэрню і бачу — няма ніводнага механізатара. Высветлілася, што іх за ноч мабілізавалі на абарону Чэхаславакіі ад нейкіх ворагаў.

Пазней, калі акупацыя Чэхаславакіі была завершана, у саўгас прыехаў ні тое старшыня Вярхоўнага суда, ні тое галоўны пракурор рэспублікі. У клубе ён даступна і зразумела растлумачыў насельніцтву, што Савецкая армія паспела выратаваць Чэхаславакію ад уварвання замежных ворагаў.

Пасля лекцыі была «вячэра» на кватэры прараба Івана Доўгага з удзелам ветэранаў-партызанаў. Падсілкаваўшыся, наш дырэктар саўгаса нешта хацеў выказаць, але па звычцы пачаў выказваць думку актыўнымі жэстамі рук. Яго не зразумелі. І кіроўца высокага госця з Мінска, які па сумяшчэнні быў і яго целаахоўнік, ляснуў пісталетам у вока дырэктара.

Пацярпелага на «Волзе» дырэктара суседняга саўгаса «Любанскі» адвезлі ў Мінск у рэспубліканскую бальніцу.

Высокі госць, развітаўшыся, таксама з’ехаў у Мінск. А раніцай да нас наведаліся начальнікі Любанскай міліцыі і КДБ. Яны распыталі, як усё было, і папрасілі аб гэтым не распаўсюджвацца.

Прыкладна праз год, якраз да новага жніва, дырэктар саўгаса вярнуўся і прыступіў да выканання сваіх абавязкаў. Ніхто ніякай адказнасці не панёс.

Чаму ўспомніліся мне менавіта гэтыя эпізоды 50-гадовай мінуўшчыны? Мабыць, таму, што падзеі апошняга месяца мне вельмі іх нагадваюць.

А што засталося ад ранейшага саўгаса «Калінаўка», глядзіце на фотаздымках.

Успаміны нагадваюць падзеі сённяшнія, Слуцк
Вакол запусценне. Фота: Уладзімір Амяльчэня
Успаміны нагадваюць падзеі сённяшнія, Слуцк

Успаміны нагадваюць падзеі сённяшнія, Слуцк

Успаміны нагадваюць падзеі сённяшнія, Слуцк

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии