Эканаміст — пра абвал беларускага рубля, прыпыненне выдачы крэдытаў і ролю IT-сектару

0
Эканаміст - пра абвал беларускага рубля, прыпыненьне выдачы крэдытаў і ролю IT-сэктару
Фота: БелаПАН

Эканаміст Леанід Заіка расказаў вядоўцы «Настоящего времени» Ігару Сяўругіну пра тое, што значыць прыпыненьне выдачы крэдытаў у Беларусі, колькі каштуе праца беларускіх айцішнікаў на сусьветных рынках і чаму IT-сэктар можа лёгка пакінуць краіну, — піша «Радыё Свабода».

— IT арганічна Беларусі пакуль не патрэбны. Ёсьць такія рамантыкі, якія кажуць: «Ды мы цяпер усё тут зымправізуем, зробім поўны IT, кожны АМАПавец атрымае па смартфону і будзе наўпрост зь міністрам мець зносіны». IT — гэта ня наша. Айцішнікі атрымліваюць замовы, яны працуюць у асноўным на заходнеэўрапейскіх партнэраў, на паўночнаамэрыканскіх — гэта Канада і ЗША. У айцішнікаў, калі глядзець па рэальным становішчы, у іх 18 даляраў гадзінная стаўка зарплаты. І там менш як на паўтары тысячы даляраў не бяруць. Яны могуць працаваць у любой краіне: могуць у Гоа паехаць, могуць кудысьці яшчэ.

Реклама

Айцішнікі ў Беларусі зьявіліся і засталіся толькі з адной простай прычыны — што Аляксандар Рыгоравіч раптам падумаў, што трэба, каб у краіне нешта разумнае разьвівалася. А так асабіста яму і чыноўнікам гэта абсалютна ня трэба.

У мяне былі мае падапечныя з IT, агульны патэнцыял замоваў, які павінен атрымлівацца, — гэта 92 мільярды даляраў на сусьветных рынках. Расея замовы ня робіць, Беларусь замовы ня робіць, таму яны могуць жыць у любой краіне. Адзінае, што яны практычна ня плацяць падаткі — толькі такія, сьмешныя. Таму хлопцы паедуць, кампаніі паедуць. Я скажу такую рэч: і правільна зробяць, хлопцы, вы тут не патрэбныя, на вас тут адразу кідаюць мужыкоў з дубінкамі, якія балюча б’юцца. Навошта пры такім АМАПе, пры такіх сілавых структурах, навошта ім патрэбны гэты IT? Даіце кароў, на трактары працуйце з раніцы да вечара — вось гэта Беларусь імя таварыша Лукашэнкі.

— Лукашэнка кажа, што дамовіўся з прэзыдэнтам Расеі наконт рэфінансаваньня, кажа, што «мы ў сябе гэты мільярд даляраў пакінем». Вы разумееце, што значыць пакінуць у сябе гэты мільярд даляраў, дамовіўшыся з Расеяй?

— Я выдатна ведаю, што, па-першае, людзі, як правіла, на мяне крыўдзяцца, калі я кажу, што зьнешні сукупны доўг Беларусі дзяржаўны і прыватны — гэта 40 мільярдаў даляраў на сёньня. Гэта значыць — крыху больш, чым чатыры тысячы даляраў на кожнага беларуса. У гэтым годзе мы павінны заплаціць толькі за абслугоўваньне доўгу і яго вяртаньне — 3 мільярды 600. Мне нават неяк даводзілася тлумачыць, што адбываецца. На гэтыя грошы — штогадовыя нашы траншы на вяртаньне даўгоў — мы маглі б кожнаму выпускніку школы пабудаваць двухпакаёвую кватэру, аддаць яму ключы, і ўжо ён будзе з жыльлём.

Давайце Аляксандру Рыгоравічу мільярд, давайце два мільярды — гэта абсалютна бессэнсоўны занятак. Ён будзе проста ўсё гэта марнаваць на субсыдыяваныя прадпрыемствы, на родныя калгасы і саўгасы. А гэтыя калгасы і саўгасы бяруць 15% бюджэту штогод, а 15% бюджэту — гэта мінімум 3−4 мільярды. І вось 3 мільярды трэба заплаціць па зьнешніх пазыках, 4−5 мільярдаў даць калгасьнікам, саўгасьнікам, аграномам. Разам атрымліваецца сума такая, што 6−7 мільярдаў. Гэта кошт дарагога прэзыдэнта. Ён вельмі дарагі для нас. Далей няма куды, даражэй не бывае.

— Зноў Лукашэнка кажа, што не дапусьціць абвалу нацыянальнай валюты. Як вам здаецца, гэтым разам не дапусьціць?

— Справа ў тым, што па сваёй прафэсіі я загадчык катэдры эканамічнай тэорыі, прарэктар. І я шмат працаваў у Вашынгтоне, у Сусьветным банку, у Маскоўскім унівэрсытэце выкладаў, у Пецярбурскім, у Кіеўскім, у Ташкенцкім, у Кітаі. Што адбываецца? Адбываецца элемэнтарная непавага да эканамічнай тэорыі, гэта значыць дурасьць, калі перакладаць на мову сярэднестатыстычнай тэрміналёгіі.

З пачатку гэтага году дзякуючы прэзыдэнцкім указам, такім валюнтарысцкім рашэньням, намінальны заробак павялічылі на 8%. Намінальна ў рублях, па бягучым курсе і іншае. А ў гэты ж час валавы ўнутраны прадукт, канчатковы кошт тавараў і паслуг, зваліўся на 1,5−2%. То бок калі студэнт адказвае на іспыце, што «я так зраблю», то спакойна паварочваеш яго, каленам пад зад, і «ідзі, хлопец, вучыся». Тут гэта ўсё зроблена. Цяпер чаго ён чакае? Што ён павялічыў намінальную грашовую базу, ВУП падае, а курс па законах навукі будзе падаць. Курс беларускага рубля ўжо падае на 10−15−20%. То бок Аляксандар Рыгоравіч пацьвярджае тое, што эканамічныя законы існуюць.

— Я днямі на сайце беларускага ашчаднага банку ўбачыў навіну аб абмежаваньні прыёму крэдытных заявак, а на сайце Тэхнабанку буйным шрыфтам было напісана, што прыпыняецца разгляд заявак на крэдыты. Для простага беларуса што гэта значыць?

— Калі курс беларускага рубля пачынае падаць, то толькі дурань на чале банку можа сказаць: «Хлопцы, працягвайце выдаваць крэдыты». Вы бераце крэдыт, умоўна, па два, а потым ён становіцца тры. Гэта значыць, вы ўзялі дзесяць тысяч даляраў, а аддаваць трэба будзе шэсьць ці сем тысяч даляраў. Любы банкір кажа: «Усё, хопіць, не гуляю ў гэтыя гульні, таму што курс паехаў уніз. Мы выдадзім крэдыт у рублях, — а ў валюце крэдыты практычна не выдаюць, — і мы прагарым». Таму гэта робяць усе банкі, і гэта слушна, абсалютна правільна, іншага і ня дадзена. Хто ў гэтым вінаваты? Я думаю, што галоўная прычына ў тым, што трэба своечасова сыходзіць на пэнсію. [Вінаваты] адзін чалавек — больш ніхто.

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии