«Усё гэта і зараз прыносіць карысць людзям». Гісторыя аднаго з самых легендарных шахцёраў Салігорска

0

Прыкладна паўстагоддзя таму я ўпершыню сустрэўся з гэтым чалавекам на будаўніцтве 3 РУ, пасля будавалі 4 РУ. Тады я не раз чуў шмат ад каго: «Пайду да Булгака, няхай рассудзіць». З выхадам на пенсію нашы шляхі разышліся.

І вось выпадковая сустрэча на вуліцы ранішняга Салігорска. Не паспеў прамовіць яго імя, як ён назваўся: «Булгак Леанід Адамавіч». Я дадаў: «Легенда шахцёраў», а ён удакладніў: «Цяпер забытая».

Реклама

Леанід Адамавіч запрасіў мяне ў госці. І ў выходны дзень мы, сустрэўшыся ў 10 гадзін раніцы, разышліся ў палове шостай гадзіны вечара. Мяне цікавіла яго жыццё з маленства. Мой суразмоўца адказаў на ўсе мае пытанні.

Легенда салігорскіх шахцёраў, Слуцк
Леанід Адамавіч Булгак даўно на пенсіі, але вядзе актыўны лад жыцця, займаецца фізкультурай кожную раніцу. Фота: Уладзімір Амяльчэня

Ваеннае дзяцінства

«Маё дзяцінства стаптала вайна, — пачаў свой аповед Леанід Булгак. — Нарадзіўся 20 лютага 1931 года, мусіць, у Таганрогу, але запісана, што ў Мар'інай Горцы. Тут жыў з бабуляй, скончыў 2 класы вясковай школы. Далей пайшло жыццё пад акупацыяй.
У Шацку, за Мар'інай Горкай, маіх бацькоў расстралялі разам з сям’ёй дырэктара мясцовай школы.

Напрыканцы акупацыі я трапіў у нямецкі канцлагер. Быў там нядоўга. Нас пагрузілі ў вагоны і павезлі ў бок Мінска. Па дарозе цягнік разбамбілі. У выніку я трапіў да партызан. У лагеры дапамагаў па гаспадарцы.

Калі вызвалілі Мінск, партызан мабілізавалі ў армію, а я як непаўнагадовы вярнуўся дадому. Там мне сказалі, што мая бабуля загінула. Бомба трапіла ў зямлянку, у якой яна хавалася. Дом наш быў разбураны. Мяне падабралі танкісты, а пазней перадалі ў дзіцячы дом.

Юнацкія прыгоды

Было мне 15 гадоў, мяне цягнула да сур’ёзнай справы, і я адрамантаваў нямецкі веласіпед. На ім каталіся ўсе выхаванцы. Але завуч адабраў гэты веласіпед, атрымалася бойка. Мне прыгразілі, што адправяць у калонію. Я не ведаў, што гэта такое, але душой адчуваў, што гэта нешта страшнае, горш дзіцячага дома. Вырашыў уцякаць. Дзеці сабралі па акрайчыку хлеба, і я ўцёк у Мінск, прыйшоў на завод.

У гэты час на заводзе сабіралі групу вучняў з хлапчукоў і дзяўчат, каб адправіць на Урал вучыцца машынабудаўнічым прафесіям. У групу трапіў і я. Спачатку вучыўся на заліўшчыка металу. Гэта гарачы цэх, таму давалі палепшаны харчпаёк. Потым мяне перавялі вучыцца фармоў­шчыкам. Там было горш, кармілі вельмі дрэнна.

Мы з сябрам вырашылі ехаць дадому. Залезлі ў вагон з вугалем і прыеха­лі ў горад Злата­вуст. Калі вагон сталі паварочваць, каб вугаль высыпаўся у доменную печ, мы абазваліся. І нас выратавалі. Каб яшчэ трошкі прамаўчалі, то з ву­галем высыпаліся б у печ.

Вярнуліся ў Мінск на завод. Мяне адправілі ў рамесленнае вучылішча. Вучыўся два гады. Атры­маў адукацыю 6 класаў і прафесію токара 5 разраду.

У гэты час у Мінску адкрывалі мотавелазавод. Мяне як спецыяліста адкамандзіравалі туды — наладзіць працу на станках-аўтаматах. Плацілі па тым часе нядрэнна: 120−130 рублёў.

Я ўжо пачаў думаць аб сям'і. Мяне не пакідала думка паехаць на радзіму, каб сустрэцца з дзяўчынай Марыяй. Яна была сірата. Я памятаў словы маці: «Калі гэтая дзяўчынка вырасце, будзе тваёй жонкай». І я паехаў.

Легенда салігорскіх шахцёраў, Слуцк
Леанід Булгак падчас службы ў Ціхаакіянскім флоце. Фота з сямейнага архіва

Маладая жонка і служба на флоце

Нам не было яшчэ поўных 18 гадоў, але радня, у якой яна жыла, рада была ад яе пазбавіцца. Таму маю прапанову жаніцца яны сустрэлі з радасцю. Дзядзька на пасаг даў дзясятак курыных яек і маленькі кавалачак сала. Марыя не мела нават трусоў. У сельсавет пайшла ў салдацкіх падштаніках.

Калі сказаў, што ў Мінску жыву на другім паверсе, жонка здзіўлена спытала, як туды можна трапіць. Яна ніколі не была ў горадзе. Прывёў яе ў інтэрнат, у першую ноч ляглі на адзіны ў пакоі ложак, а сябру давялося лажыцца пад ложкам, бо не было магчымасці легчы інакш. Такі маленькі быў пакойчык.

Мяне віншавалі, хвалілі Марыю, што прыгожая. Жыць бы з ёю, ды не было дзе. Праз тры дні прыйшоў з працы, у інтэрнаце вэрхал: прывёў у інтэрнат зладзейку, а тая абакрала жанчыну. Уся справа была толькі ў тым, што без дазволу Марыя адрэзала кавалачак чужога сала, каб засмажыць мне суп. І я яе выгнаў.

Потым была служба на флоце ў Ціхім акіяне. Калі прыйшоў у адпачынак, знайшоў сваю Марыю, але яна не даравала мне. Так з нічым вярнуўся на службу. Але калі дэмабілізаваўся, на чыгуначным вакзале мяне сустрэла Марыя.

Легенда салігорскіх шахцёраў, Слуцк
За сваю працу Леанід Булгак мае мно­ства ўзнагарод. Фота: Уладзімір Амяльчэня

Доўгая дарога ў шахту

Пасля арміі ўладкаваўся на трактарны завод. Заробак някепскі, але кватэры няма і не будзе. З трактарнага звольніўся, спрабаваў жыць у вёсцы, працаваў у саўгасе, потым у швейнай артэлі. Усюды я добра спраўляўся з працай, але не было дастатковага заробку і кватэры. І раптам аб’ява ў газеце, што ўсё гэта абяцаюць працаўнікам шахт у Данбасе.

І мы паехалі. Сапраўды, усё было, толькі ўспаміналася Беларусь. Калі прачытаў, што ў Салігорску будуюцца шахты, мяне ў Данбасе ўтрымаць ужо было немагчыма. Марыю з сынам і дачкой, якія ў нас нарадзіліся на Данбасе, у Беларусь адправіў цягніком, а я з нядрэнным шахцёрскім вопытам прыехаў на сваім аўто ў Салігорск.

Назаўтра мяне прыняў галоўны інжынер Мікалай Піонаў. Я расказаў пра сябе, ён уважліва выслухаў. Спытаў толькі, ці разумею ў горнай электратэхніцы. Я адказаў, што праблем не будзе. Праз тры месяцы я стаў шахцёрам на першым рудніку.

Першым экзаменам было падключыць сінхронна ў забоі лябёдку і камбайн. Я выканаў гэта за паўсмены, далажыў аб гэтым кіраўніцтву. Але інжынер не паверыў, пасылаў нават чалавека праверыць.

Пасля сабраў камбайн за 8 дзён, што было ў тыя дні рэкордам. Праблема для ўсіх камбайнаў — зубкі рэжучага апарата. Яны ломяцца масава. Падаў рацыяналізатарскую прапанову памяняць канструкцыю. Мяне адправілі на завод, дзе іх выпускалі. Вярнуўся з новымі зубкамі. Мая прапанова была правільнай. Зубкі такой канструкцыі працуюць і сёння.

Адна брыгада працавала на камбайне і ніколі не выконвала план. Мяне паслалі вызначыць, чаму такое становішча. У выніку прыйшоў да высновы: каб план выконваць, камбайн трэба рэканструяваць. Пасля рэканструкцыі выпрацоўка брыгады павялічылася ў 1,5 разы.

Так і павялося: калі брыгада не выконвала план, мяне пасылалі начальнікам таго ўчастка.

Потым мяне перавялі на трэці руднік намеснікам начальніка. Нельга было глядзець, як у забой спускаюцца маладыя хлопцы, не жанатыя, часта галодныя. Сам намаляваў праект, па якому пабудаваў сталоўку і буфет.

Камусьці мая актыўнасць была не даспадобы, напісалі паклёп.

Правяраць прыехаў з Мінска архітэктар. Дзень хадзіў, ацэньваў, пасля мяне пахваліў, сказаў, што заўваг не мае.

За 10 гадоў працы на трэцім рудніку пабудаваў шмат розных будынкаў як на паверхні, так і пад зямлёй.

Выйшаў на пенсію. Але пачалі будаваць чацвёрты калійны, і мяне запрасілі туды. Там пабудаваў прыгожую сталоўку з фантанам, цяпліцу. Пасля ў санаторыі «Бярозка» будаваў лодачную станцыю, фантаны. Усё гэта і зараз прыносіць карысць людзям".

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии