Невядомая трагедыя савецкай мінуўшчыны. Як разбіўся самалёт, але аб гэтым нельга было расказваць

0

Мала хто ведае, што ў 10 гадзін 20 хвілін 9 чэрвеня 1988 года на асушаных балотах Салігоршчыны, каля вёскі Махновічы, здарылася трагедыя — разбіўся самалёт, загінуў лётчык.

Я яшчэ тады хацеў напісаць аб гэтым у газету, але друкаваць такое было забаронена. Цяпер я вырашыў, што зараз нішто не перашкаджае распавесці яе чытачам.

Ваенны аэрадром на асушаных балотах

Аб тым, што былыя палескія балоты на Салігоршчыне ў савецкія часы выкарыстоўвалі як палігон для трэніровак лётчыкаў, я ведаў сам.

Реклама

Калісьці на месцы, дзе здарылася трагедыя, былі заліўныя сенакосы калгаса імя Чкалава з вёскі Цясова. Я жыў на тэрыторыі гэтага калгаса, трымаў сваю гаспадарку, у якой была карова-карміліца. Таму прасіў у старшыні калгаса штогод даць магчымасць запасіць сена. І старшыня адпраўляў мяне на тое балота.

У пачатку чэрвеня 1988-га паехаў я на трактары забраць сена і здзівіўся ўбачанаму: у хмызняку хаваліся ваенныя радыёстанцыі на аўтамабілях, а ў паветры кружылі, нібы рой, некалькі ваенных савецкіх самалётаў.

Пакуль пагрузіў на трактарны прычэп сена, стала вечарэць. Толькі выехаў з кустоўя на балотны прастор, як раздаўся моцны гул рэактыўных самалётаў. Пяць самалётаў з аднаго боку і пяць з другога ляцелі насустрач. Потым рэзка знізіліся, амаль каля самай зямлі разышліся, віруючы ў неба. Я падзівіўся майстэрству лётчыкаў. А праз тыдзень пасля гэтага да вяскоўцаў дайшла чутка, што на балоце разбіўся ваенны самалёт, лётчык загінуў.

Помнік лётчыку ад калгаса

Невядомая трагедыя савецкай мінуўшчыны, Слуцк
Таміла Іван Данілавіч, ахоўнік балот (злева), і Міхаіл Журок, старшыня калгаса імя Чкалава, каля помніка лётчыку, які загінуў. У руках яны трымаюць кавалачкі ад самалёта. Фота 1988 года, з архіва аўтара
Праз месяц ці два да мяне звярнуўся старшыня калгаса Міхаіл Журок і папрасіў звазіць да таго балота. Так я дазнаўся, што калгас усталяваў помнік лётчыку, які загінуў. Займаўся той справай Іван Таміла, ахоўнік балота. Тады ён і расказаў мне падрабязнасці трагедыі.

Было гэта 9 чэрвеня. Іван Данілавіч з жонкай ранкам паехаў паглядзець сваіх пчол. Над балотам кружылі самалёты. З’ява для ахоўніка балот ужо звыклая.

Але раптам раздаўся нячутны раней гул самалёта. Ён ляцеў нізка, за ім цягнуўся чорны хвост дыму, рэзка зніжаўся да зямлі ў напрамку пасекі. Не дацягнуў да пасекі метраў 200, зачапіў левым крылом зямлю. Падняўся сухі тарфянік, раздаўся выбух і вышэй чорнага тарфяніка Іван Данілавіч убачыў раскрыты парашут з лётчыкам. Самалёт развальваўся, яго кускі ляцелі далёка ад месца аварыі. У самалёце нешта быццам страляла, а сам ён гарэў вельмі ярка.

Таміла з жонкай кінуліся да лётчыка. З яго рота цякла кроў, а рука і нага былі перагнуты так, што яны зразумелі — зломаны. Лётчык крыху дыхаў, але нядоўга.

Яны накрылі яго парашутам. Хвілін праз 5−7 пад’ехаў палкоўнік, спытаў: «Жывы?». Таміла адказаў: «Не».

Хутка сталі падлятаць верталёты з салдатамі. Нехта сказаў, каб лётчыка не чапалі, едзе генерал. Праз гадзіну тут з’явіліся вялікія начальнікі, фатаграфавалі, нешта вымяралі.

Лётчыка звалі Мінасьянц Ігар Рафаілавіч, ён з Краснадара, у яго засталіся жонка і дзве малыя дачкі. Пахавалі загінуўшага ў Краснадары.

Пазней у вёску прыязджала яго жонка. Іван Данілавіч яе сустракаў, прывёз у вёску. Яна тыдзень жыла ў вёсцы, і Таміла штодзень вазіў яе на месца гібелі мужа. Перад ад’ездам яна ўзяла жменю зямлі з палескага балота, каб пасыпаць на месцы захавання ў Краснадары.

Помнік на балоце стаіць і сёння. Вяскоўцы яго даглядаюць. На пліце напісана: «Память сторожа Тамило и колхоза имени Чкалова».

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии