Наша дача як старажытная Грэцыя… Гісторыя старога вугальнага праса

0

Наша дача як Старажытная Грэцыя. Так мы называем жонкіну бацькаўшчыну ў мястэчку Пагост. Мой цесць Пятрусь прыйшоў з вайны ў 1946 годзе. З актывістамі мястэчка арганізаваў калгас «Новае жыццё», але дажыць да таго жыцця яму не давялося: да вайны працаваў у сельсавеце, а на фронт трапіў ужо з лагера, куды адправіўся ў 1939-м.

Але яму вельмі хацелася новага жыцця. Пасля вайны ўзяў крэдыт, пачаў будаваць новую хату і нечакана памёр. Аўдавелая будучая мая цешча хатку дабудавала. Гэта расказваю, каб прадстаўляць дамашнія прылады таго часу, якія пазней былі паднятыя на гарышча. Скажу без перабольшання, за столькі часу там сабраўся цэлы гістарычны музей розных рэчаў, без якіх людзі не маглі жыць. На гэты раз маю ўвагу прыцягнуў прас для бялізны.

Гісторыя старога вугальнага праса, Слуцк
Такімі прасамі карысталіся жыхары Пагоста, што на Салігоршчыне, яшчэ некалькі гадоў пасля вайны — пакуль у вёску не прыйшла электры-фікацыя. Фота: Уладзімір Дамель
«З гэтым прасам у нашай сям'і ў час нямецкай акупацыі адбылася трагікамічная гісторыя, — кажа Лілія Пятроўна, мая жонка. — Калі арыштавалі нашага бацьку ў 1939 годзе, маці стала хадзіць па хатах і браць на мыццё бялізну. У асноўным гэтымі паслугамі карысталіся яўрэйскія сем'і і дзіцячы садок. У нашай хаце стаялі кіпы мытай і адпрасаванай бялізны. Іх трэба было потым разносіць па хатах.

Вайна пачалася для ўсіх нечакана. На пяты ці шосты дзень немцы былі ў Пагосце. У маці засталася бялізна з дзіцячага садка і шмат якіх яўрэйскіх сямей. Калі немцы расстралялі яўрэяў, ноччу сталі прыходзіць ахвотнікі пажывіцца чужым дабром. Маці зразумела, што бялізну, якая засталася ў яе, трэба хаваць. Лепшага месца не знайшла, як падпечак. Зімою ў гэтым падпечку знаходзілі паратунак куры.

Реклама

Не памятаю дакладна год, але была зіма, і куры былі ў падпечку. У хату прыйшлі «партызаны- белаштаннікі». Так звалі тых партызан, якія хадзілі ў светлых штанах з даматканага палатна. Яны не ганьбавалі нічым, бралі ў людзей усё, што можна было забраць. У той вечар я сядзела на печы, а прас стаяў на выступку каміна. Адзін «белаштаннік» стаў шукаць бялізну. У хаце ён перавярнуў усё, што можна. Бялізны не знайшоў.

У гэты час з падпечку певень падаў свой моцны голас. Шуканец чужога ўзрадаваўся, быццам певень падказаў яму, дзе трэба шукаць.

«Паглядзі на печы, — загадаў ён свайму паплечніку. — Я пагляджу ў падпечку. Не будзе бялізны, згодзіцца певень».
Той, што паднімаўся на печ, пахіснуўся на зэдліку і нечакана спіхнуў прас з прыступка каміна. Прас уцэліў якраз на спіну таму, які лез у падпечак. Партызан закрычаў, адхіснуўся ад печы, перапалохаліся куры. Шуканец, войкаючы, бегаў па хаце, пра бялізну больш і не ўспамінаў.

У выніку певень застаўся ў падпечку пры сваіх курах, а замотаная ў вялікі цюк бялізна — цэлай.

У апошні год нямецкай акупацыі і першы год вызвалення бялізна нам служыла ратункам ад голаду. Маці яе мяняла на хлеб, каб неяк накарміць чатырох дзяцей. Бацька абазваўся, толькі калі скончылася вайна. Першы ліст ад яго прыйшоў летам 1945 года з Германіі. У 1960 годзе мястэчка было ўжо электрыфікавана, але гэты прас у хаце нёс сваю службу. Запрашаючы сяброўку на сваё вяселле, падказала ёй купіць мне ў падарунак электрапрас, з якім потым паехала ў сваё самастойнае жыццё. А стары вугальны прас адправіўся на гарышча".

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии