Кандыдаты, «Зажынкі» і страшная нага. Што кажуць у вёсках аб выбарах у Беларусі, вірусах і жніве

0

Карэспандэнты «Кур’ера» праехалі па вёсках Слуцкага і Любанскага раёнаў і пагутарылі з сельскімі жыхарамі на злабадзённыя тэмы: пра каронавірус, выбары і жніво.

Аляксандр Аляксандравіч. Вёска Еўладавічы, Слуцкі раён

Зажынкі, страшная нага і кандыдаты з тэлевізара. Пра што кажуць у вёсках
Аляксандр Аляксандравіч з вёскі Еўладавічы. Фота: Алеся Белая

“У нас глуха як у танку. Нічога сур’ёзнага тут ніколі не абмяркоўваецца. Людзі сядзяць па хатах. Усе зацыкленыя на сваіх праблемах. Па тэлевізары я толькі навіны гляджу. Не ведаю, чаго чакаць ад выбараў. Не ведаю нават, галасаваць мне цяпер ці не галасаваць. Я не аматар гэтых мерапрыемстваў. Ужо разы чатыры не галасаваў. Таму што гэта ўсё дарэмна, я не прызнаю гэта за нешта сур’ёзнае.

Реклама

Калі б я стаў багатым, я б дарогу ў нас зрабіў. Людзі пісалі пра яе дэпутатам. Ужо многія з гэтых людзей нават памерлі. А дарога дагэтуль вось такая. Кажуць: «У вас не прадугледжаны асфальт». Захалусце. Два разы на тыдзень аўталаўка прыязджае. Нічога добрага”.

Жанчыны, не пажадалі называць імёны. Заполле, Слуцкі раён

“У нас пра каронавірус размаўляюць. Мая сяброўка сказала, што ўжо па другім крузе пайшло ўсё. А ў Кітаі зараз, перадаюць, бубонная чума. Там якісьці горад цалкам ізаляваны. Паказвалі нагу хворага на чуму. Такая нага страшная! Так што, дома сядзім, дзевачка мая, нікуды не вылазім. Прыйдзе аўталаўка пад самы дом — выйшлі, купілі і дадому.

Галасаваць будзем датэрмінова. Так лепш. Скрыню гэтую прынясуць дадому, калі мы не пойдзем. Ужо жанчына хадзіла па хатах. Пыталася, як, што, за каго. Ну, мы сказалі — за цяперашняга. Яна сказала, што можна яшчэ за гэтага… Бабарыку падпісацца. Не, кажу. Лепш за аднаго, ды і ўсё. Таму што лепш не будзе. Думаеце, лепш стане? Не. Агітацыі ў нас увогуле не бывае. Мы ідзём усе ў Дом культуры. Там вісяць фотаздымкі, за каго галасаваць. Ідзеш у кабіну і галасуеш”.

Сяргей Яўгенавіч і яго сын Аляксандр, дачнікі. Вёска Рэчань, Любанскі раён

Зажынкі, страшная нага і кандыдаты з тэлевізара. Пра што кажуць у вёсках
Сяргей Яўгенавіч з сынам. Фота: Алеся Белая

Сяргей: “За цяперашняга прэзідэнта я галасаваць не буду. Адразу кажу. На выбары аднак пайду, хоць самой гэтай кампаніі стараюся не кранацца. Я ўжо на пенсіі, мне за 70 гадоў. Жыву ў Салігорску. У мяне тут лецішча”.

Аляксандр: “Я выбарчай кампаніяй не асабліва цікаўлюся. Ведаю шмат людзей, якія цяперашняга прэзідэнта больш не хочуць. Бачу, як ён хоча выйграць гэтыя выбары, і я проста гэтага не разумею. Ужо “прыбраў” усіх сваіх канкурэнтаў. Таго ж Бабарыку — я думаў за яго галасаваць. Яго ўжо пасадзілі практычна. Аб чым можна ўжо размаўляць?”.

Ганна Гурыновіч, супрацоўніца Дома культуры. Заполле, Слуцкі раён

Зажынкі, страшная нага і кандыдаты з тэлевізара. Пра што кажуць у вёсках
Ганна Гурыновіч. Фота: Алеся Белая

“У нас у нядзелю будуць «Зажынкі». У суботу будуць раённыя каля Ушаловічаў, а ў нядзелю — менавіта мясцовыя. Мы рыхтуемся. Пра каронавірус у вёсцы нічога не чуваць. У нас хворых, тых, хто заразіўся, няма. Пра выбары ў нас нічога не кажуць. Выбарчы ўчастак — у Доме культуры. Там ужо ўсё падрыхтавана, выстаўлена. Агітацыі ў вёсцы яшчэ не было”.

Аркадзь Філіпавіч. Грэск, Слуцкі раён

“Тэлевізар гляджу. У нас восем каналаў. Там галоўная тэма — кандыдаты гэтыя. Толку ніякага. Мне 80 гадоў ужо. Галасаваць не пайду. Каронавірус? Я куру і сто грам выпіваю амаль што кожны дзень. Выбачайце, але п…й мне гэты вірус”.

Бонус. Аляксандр Аляксандравіч грае на баяне

0 комментариев
Межтекстовые Отзывы
Посмотреть все комментарии